Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дадуць Горадні самалёты?


Сяргей Астраўцоў

Сяргей Астраўцоў

Навіна, што ў горадзе створаць сваю, асобную ад «Белавія», авіякампанію, мяне вельмі пацешыла. Я гэта бяз сьціпласьці запісаў сабе ў залік. Аднойчы ў мяне быў блог «Горад з перабітымі крыламі». Яго перапосьцілі мясцовыя сайты. Я даволі эмацыйна пісаў, што прападае каля Горадні міжнародны аэрапорт Абухава. Прыводзіў у прыклад літоўскі аэрапорт у Коўне, на рэйсы зь якога прадаюць квіткі гарадзенскія турфірмы.

Коўна, за сто пяцьдзесят кілямэтраў ад Горадні, зь ёю па памерах горад прыблізна аднолькавы. Там аэрапорт ня ўпаў у летаргію. Дзякуючы, у прыватнасьці, танным авіярэйсам. І сама Літва ж ад Эўропы не адарвана, што нямалаважна. З Коўна можна паляцець у адзінаццаць краінаў, хоць на востраў Сардынія! Толькі візу трэба мець. Беларусы, з таго ж Менску, едуць у ковенскі аэрапорт ахвотна. Горадню таксама ўратаваць могуць напэўна толькі малабюджэтныя авіякампаніі, але не ўратуюць, бо ім у краіну ўваход забаронены. Дык няхай жа ковенскі аэрапорт надалей зарабляе на беларусах! — пісаў я.

Папярэднія спробы ажывіць Абухава заўжды былі стандартныя: прывязаць да яго рэйс на Калінінград, спачатку — то з Гомелю, то з Менску, то з Берасьця. І ўсіх дасягненьняў што адзін-адзіны рэйс калінінградзкі. Але недарэчна не выкарыстоўваць сёньня аэрапорт у такім геаграфічна выгодным месцы! «Рэспубліканскае» начальства вырашыла выправіць памылку. Ідзе праца над бізнэс-плянам: каб у Горадні зьявіўся канкурэнт «Белавія» — міжнародны пасажырскі авіяперавозчык.

Хаця аэрапорт Абухава можа прымаць «боінгі» і «аэробусы», пакуль пляны не сягаюць далей мясцовых рэйсаў і невялікіх самалётаў. Папярэдне мова ідзе пра L-410, гэтак званы «турбалёт» (пачатак выпуску — 1969 г.) на 15-19 пасажыраў. Чаму? Гэта чэская вінтавая машына, вытворчасьць якой сёньня цалкам належыць расейскай кампаніі. Паводле вікіпэдыі, усяго было пабудавана 1104 самалёты, зь якіх страчана ў катастрофах 106 (каля 10 адсоткаў), загінула больш за 400 чалавек. Як выглядае на першы погляд, самалёт ня самы надзейны. Што праўда, у розных краінах выкарыстоўваецца больш за 400 L-410, і пілёты нібыта выказваюцца аб ім станоўча.

Зразумела, каб мець сучасныя самалёты, патрэбны грошы. Дзе іх узяць? Ня выключана, сёньня для гэтага нядрэнны момант: заходнія кампаніі, рэзка скараціўшы ўкладаньні ў Расею, маглі б зацікавіцца стварэньнем новага перавозчыка ў Абухава. Хаця сумнеўна, што дзяржаўнае авіяпрадпрыемства — тое, што ім можа быць патрэбна. А пакуль стала вядома, што «Саратаўскія авіялініі» вырашылі зрабіць рэйс з Масквы ў Горадню. Як напачатак, нядрэнна. Але задача мець свае самалёты, лятаць на сваіх.

У суседнім Беластоку таксама існуе разуменьне, што сучасны міжнародны аэрапорт дапаможа ў разьвіцьці рэгіёну. Мы нейк праяжджалі па Беласточчыне і калега паказаў справа ад дарогі разьлеглыя зямельныя плошчы, дзе вызначана найлепшае месца для яго пабудовы. Аднак там ня ўсё проста: зямля прыватная і патрэбны вялікія сродкі, каб выкупіць яе. У Горадні такіх праблем няма: аэрапорт існуе, патрэбна толькі тое, на чым можна лятаць з камфортам. Толькі тады беларусы стануць забываць пра палёты з Коўна, Вільні ці Варшавы.

У савецкія часы Горадня была тупіковым горадам, памежнае знаходжаньне нічога не давала: мясцовыя авіярэйсы за мяжу, у Эўропу былі з галіны фантастыкі. І гэтае становішча захавалася дагэтуль: ні ў Варшаву, ні ў Бэрлін і нават на паўднёвыя марскія курорты з Горадні паветрам ня трапіш. Ніякіх табе чартэраў! І да апошняга часу гмах аэравакзалу спрабавалі прадаць пад гандлёва-забаўляльны цэнтар! Ясна: пытаньне з аэравакзалам зьнікне само сабой, калі новая міжнародная авіякампанія не акажацца паветраным замкам.

Апошнім разам, калі быў у Літве, чалавекі тры кіравалі ў віленскі аэрапорт, моладзь. Калі ехаў назад, пажылая пара вярталася дахаты пасьля рэйсу Брусэль-Вільня. У іх у бэльгійскай сталіцы жыве дачка. Ехалі заклапочаныя, без чамаданаў. У большасьці пасажыраў, чалавек у васьмідзесяці, зьнік багаж. У віленскім аэрапорце патлумачылі, што ім павінны зрабіць на літоўскай мытні ў Райгардзе адзнаку, і калі багаж знойдзецца, яго даставяць на мяжу. Але на мяжы літоўскія службоўцы толькі зьдзіўляліся і пасылалі адзін да другога. Шкада было сівога беларуса, падумалася: каб яны прызямліліся ў Абухаве, са згубленымі чамаданамі было б яўна крыху менш праблемаў. А для гэтага ў аэрапорце хочуць мець напачатку два самалёты, тых самых L-410. (Хаця ня выключана: гэтым справа і абмяжуецца). Між іншым, яшчэ нядаўна паведамлялася, што іх закупіць сама «Белавія» — для ўнутраных рэйсаў, у тым ліку каб аднавіць палёты паміж сталіцай і Горадняй. Але потым узьнік плян з асобнай авіякампаніяй. Паглядзім — што з гэтага выйдзе. Баюся, што — «зь вялікай хмары дробны дождж».

XS
SM
MD
LG