Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ва Ўкраіне засьведчылі перамогу над мінулым


Пазачарговыя парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне засьведчылі ўпэўненую перамогу праэўрапэйскіх дэмакратычных сіл, якія ўмацаваліся ва ўкраінскай палітыцы пасьля Майдана.

Першыя тры месцы, паводле вынікаў Нацыянальнага экзыт-полу, занялі Блёк Пятра Парашэнкі (23,1%), Народны фронт Арсэнія Яцанюка (21,2%) і «Самапомач» (13,1%), заснавальнік якой львоўскі мэр Андрэй Садовы паставіў сябе ў партыйным сьпісе на 50-я месца.

Арсеній Яцанюк
Арсеній Яцанюк

«Я ганаруся ўкраінскім народам і ганаруся Ўкраінаю... Вынік, калі дэмакратычныя сілы набралі канстытуцыйную большасьць, — гэта ўпершыню ў гісторыі Ўкраіны», — заявіў Пятро Парашэнка, выступаючы на брыфінгу ў прэс-цэнтры штабу свайго Блёку.

Дэмакратычнасьць выбараў 26 кастрычніка падкрэсьлівалі многія выступоўцы. Дарадца міністра ўнутраных спраў і кандыдат па выбарчым сьпісе Народнага фронту Антон Герашчанка, камэнтуючы працэс выбараў, заявіў:

Антон Герашчанка
Антон Герашчанка

«У 2012 годзе Януковіч і ягоная сям’я падбіралі народных дэпутатаў сярод тых, хто быў патрэбны, каб абыякава галасаваць за ўсё, што ім скажа „баця“. Гэтыя выбары праходзяць па прынцыпе дэмакратыі».

Вынікі выбараў у твітары позна ўначы 26 кастрычніка пракамэнтаваў экс-міністр замежных справаў Швэцыі Карл Більдт:

«Гэта выглядае, як безумоўная перамога праэўрапэйскасьці і рэформ ва Ўкраіне. Спадзяюся, што гэта пацьвердзяць і канчатковыя вынікі».

Перамаглі камунізм

Яшчэ чатыры партыі, магчыма, пераадолелі 5-працэнтны бар’ер і зоймуць свае месцы ў новай радзе.

На чацьвёртым месцы паводле зьвестак экзыт-полаў «Апазыцыйны блёк» (7,6%), які цяпер выглядае галоўнай апазыцыйнай сілай у парлямэнце.

У сьпісах блёку шмат прадстаўнікоў «Партыі рэгіёнаў» былога прэзыдэнта Віктара Януковіча. На пятым месцы «Радыкальная партыя» Алега Ляшка (6,4%), які пасьля трэцяга месца на прэзыдэнцкіх выбарах прадэманстраваў значны спад у даверы выбарцаў, нягледзячы на папулісцкія заявы і шырокую рэкляму.

У парлямэнт таксама трапяць «Свабода» (6,3%) і «Батьківщина» (5,5%).

Аднак галоўнай сэнсацыяй выбараў лічыцца адсутнасьць у ім парлямэнце Камуністычнай партыі Ўкраіны.

Гэты факт прэзыдэнт Пятро Парашэнка адмыслова адзначыў у сваім выступе: «96 гадоў Камуністычная партыя без перапынку была ва ўкраінскім парлямэнце. Калі б толькі дзеля гэтага трэба было распусьціць Вярхоўную раду, нам гэта варта было зрабіць. Я вельмі шчасьлівы, што Ўкраіна мае такі разумны і адказны народ і выбарцаў, якія далі дакладную ацэнку і Камуністычнай партыі і Партыі рэгіёнаў, узровень падтрымкі выбарцаў якой быў такі, што яна нават не наважылася ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі».

Віталь Кавальчук, кіраўнік выбарчага штаба Блёка Пятра Парашэнка, апроч іншага, заўважыў, што выбарцы не падтрымалі палітычныя сілы, якія «спавядалі рыторыку вайны». Паводле Кавальчука, гэта азначае, што выбарцы падтрымліваюць мірны плян Пятра Парашэнкі.

Кааліцыя вырашыць усё

Перамога прэзыдэнцкай партыі дазваляе менавіта ёй фармаваць парлямэнцкую большасьць і стаць асноўнай сілай будучай кааліцыі. Парашэнка паабяцаў, што гэта адбудзецца за прадугледжаныя працэдурай 10 дзён. Кіраўнік ягонага штаба Віталь Кавальчук заўважыў, што кансультацыі па стварэньні кааліцыі ўжо пачаліся.

Відавочным партнэрам па кааліцыі стане «Народны фронт». А ягоны лідар Арсэнь Яцэнюк можа захаваць за сабой пасаду прэм’ера.

«Калі вы хочаце мяне запытаць, ці бачу я Народны фронт у якасьці партнэраў па кааліцыі, мой адказ: „Так“. Гэта асноўныя нашыя партнэры. Мы дакладна мусім быць разам. У нас будуць адкрытыя прапановы для вельмі многіх. Пазыцыя такая. Можа, дакладна не для „Апазыцыйнага блёку“, а то я бачу, народ захваляваўся...», — так апісаў сваё бачаньне кааліцыі Парашэнка.

Аднак перамога прапрэзыдэнцкай сілы не выглядае настолькі пераканаўчай на фоне мінімальнага адрыва ад яго Народнага фронта Яцэнюка. Лідары сьпіса Парашэнка Юры Луцэнка і Віталь Клічко у прэс-цэнтры так актыўна гаварылі пра тое, што трэба «адкінуць амбіцыі» дзеля агульнай справы, што не заставалася сумненьня — адкідаць амбіцыі давядзецца Блёку Парашэнкі.

У любым выпадку усё вырашаць вынікі выбараў па мажарытарных акругах. Пазыцыі той ці іншай партыі ўзмацняцца ці аслабнуць, калі да іх дададуцца парлямэнцкія месцы мажарытаршчыкаў.

Прычым нечаканыя кропкі лідэрства могуць узьнікнуць і па-за партыйнымі сьпісамі. Ужо вядома, што ў Раду праходзіць лідэр «Правага сэктара» Дзьмітры Яраш, партыя якога атрымала на выбарах толькі 2 працэнты галасоў.

Дзьмітры Яраш
Дзьмітры Яраш

Юры Луцэнка, выступаючы на брыфінгу, заявіў, што Блёк Парашэнка адкрывае свае дзьверы для ўсіх. Трэцім верагодным партнэрам па кааліцыі можа стаць «Самапомач».

На выбарах гэтая партыя прадэманстравала сапраўдны рывок. Ён можа тлумачыцца і тым, што найбольш актыўна галасавалі жыхары Заходняй Украіны, дзе партыя львоўскага мэра карыстаецца папулярнасьцю. Пры тым што больш за тры мільёны жыхароў усходніх рэгіёнаў Украіны і Крыма ў выбарах ня ўдзельнічалі.

«Вельмі добрая рэклямная кампанія і вельмі багатая. Разам з тым „Самапомач“ рэалізавала запыт на новыя постаці», — тлумачыць посьпех партыі колішні кіраўнік «Камітэту выбарцаў Украіны», а цяпер кандыдат са сьпісу Пятра Парашэнкі Аляксандр Чарненка.

Пытаньне застаецца наконт таго, ці далучыцца да кааліцыі «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі.

Заўтра на працу

Шмат хто заўважае, што яўка на парлямэнцкіх выбарах была ня надта высокай. Аляксандр Чарненка пагаджаецца з тым, што людзей прыйшло ня так шмат, але нізкая лічба зьвязаная хутчэй з недаступнасьцю выбараў для вялікай колькасьці ўкраінцаў. Так, выбары не адбыліся на тэрыторыі Крыма. Не прагаласавалі таксама і 49% выбарцаў у Данецкай і 69% у Луганскай абласьцях.

«Гэта ня можа не ўплываць на агульную лічбу», — кажа Чарненка.

Аднак галоўнае, чаго чакаюць людзі ад новага парлямэнту — рэформаў і пераменаў да лепшага. Рэсурс даверу да новых сілаў ня вычарпаны і ў новых партый ёсьць магчымасьць паказаць сябе ў новых умовах.

Пятро Парашэнка ўжо ўскладае вялікія спадзевы на будучую кааліцыю:

«Я зацікаўлены ў тым, каб была кааліцыя ў 300 галасоў. Я зацікаўлены ў тым, каб мы зрабілі фундамэнтальныя зьмены ў Канстытуцыі, у тым ліку зьмены па дэцэнтралізацыі, без якіх краіна ня выжыве. І судовая рэформа і рэформа дэцэнтралізацыі патрабуе канстытуцыйных зьменаў. Таму нашыя дзьверы будуць адчыненыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG