Вялікая верагоднасьць, што крэсла прэм’ера захавае Арсеній Яцанюк. Лідэр пазачарговых выбараў у Раду — прэзыдэнцкі «Блёк Пятра Парашэнкі», аднак яго вынік апынуўся некалькі менш, чым яму давалі раней сацыёлягі і сам ён ня зможа сфармаваць парлямэнцкую кааліцыю і, адпаведна, новы ўрад. Ключавым саюзьнікам прэзыдэнцкага блёка, відавочна, стане «Народны фронт» цяперашняга прэм’ера-міністра Арсенія Яцанюка. У асяродку Парашэнкі не выключаюць, што Яцанюк захавае за сабой крэсла кіраўніка Кабінэта міністраў.
Лідэр «Блёка Пятра Парашэнкі» Юрый Луцэнка заявіў, што партыя прадставіць свае прапановы па фармаваньні кааліцыі большасьці ў Вярхоўнай Радзе ўжо ў панядзелак. Канчаткова пытаньне аб кааліцыі высьветліцца пасьля таго, як будуць вядомыя пераможцы выбараў у аднамандатных акругах.
Адразу пасьля заканчэньня нядзельнага галасаваньня былі апублікаваныя вынікі некалькіх экзіт-полаў — апытаньняў выбаршчыкаў на выхадах участкаў. Па гэтых зьвестках, з 29 партый 5-працэнтны бар’ер пераадолелі сем партый.
Прэзыдэнцкі «Блёк Пятра Парашэнкі» набірае некалькі менш чым, чым яму абяцалі сацыёлагі перад выбарамі — 23%. Другі вынік у «Народнага фронту» прэм’ер-міністра Арсенія Яцанюка — каля 20% галасоў. Трэцяе месца займае аб’яднаньне «Самопомач» мэра Львова Андрэя Садовага — 11%. Чацьвёрты вынік у «Апазыцыйнага блёка», у які ўвайшлі многія прадстаўнікі былой кіроўнай Партыі рэгіёнаў — каля 10%. У той жа час Радыкальная партыя Алега Ляшко атрымлівае толькі пяты вынік — 6,6% галасоў. І замыкаюць сьпіс пераможцаў гэтых выбараў з амаль аднолькавымі вынікамі партыя «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі і «Свабода» — каля 6%. Упершыню ў Вярхоўнай Радзе ня будзе камуністаў, яны не змаглі набраць нават 3% галасоў выбаршчыкаў. Вынікі галасаваньня сьведчаць, што ні адна з украінскіх палітычных сілаў не атрымала манапольнага мандату на фармаваньне большасьці. Паліттэхноляг Тарас Беразавец перакананы, што новая палітычная сыстэма ва Ўкраіне будзе грунтавацца на саюзе двух роўнавялікіх палітычных сіл — «Блёка Пятра Парашэнкі» і «Народнага фронту». Іх вынік на выбарах — жаданьне выбаршчыкаў па-ранейшаму бачыць альянс Пятра Парашэнкі і Арсенія Яцанюка. Іншымі ўдзельнікамі праэўрапейскай кааліцыі ў Радзе стануць «Самапомач» і «Свабода».
У той жа час «Бацькаўшчына», «Апазыцыйны блёк» і Радыкальная партыя — верагодныя апазыцыянэры, хоць пры пэўных абставінах хто-небудзь зь іх можа трапіць у склад большасьці. На думку Тараса Беразаўца, нізкі вынік Цімашэнкі і Ляшка — адказ грамадзтва на «партыю вайны», паколькі большасьць украінцаў хочуць міру. Першыя папярэднія вынікі выбараў Цэнтрвыбаркам абяцае апублікаваць раніцай у панядзелак 27 кастрычніка
Усяго ў выбарах удзельнічалі 29 партый. Сярод тых з іх, хто не пераадолеў неабходны для патрапляньня ў Вярхоўную Раду 5-працэнтны бар’ер, Кампартыя, «Моцная Ўкраіна» былога рэгіянала Сяргея Цігіпкі, «Правы сэктар» Дзьмітрыя Яраша і «Грамадзянская пазыцыя» Анатоля Грыцэнкі.
Галасаваньне па аднамандатных акругах можа прыкметна паўплываць на выніковы расклад сілаў у Радзе. Так, у прыватнасьці, Дзмітрый Яраш упэўнена перамагае на выбарах у 39-й выбарчай акрузе ў Днепрапятроўску. У Марыюпалі ў аднамандатнай акрузе № 58 перамагае экс-губэрнатар Данецкай вобласьці, бізнэсмэн Сяргей Тарута. Яўка на выбарах склала больш за 52%.