Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мустафа Джамілёў: ЦВК мусіў прыняць пад увагу акупаваныя тэрыторыі


Лідар крымскіх татараў Мустафа Джамілеў, удзельнік выбарчага сьпісу Блёку Пятра Парашэнкі лічыць, што ЦВК мусіў прадугледзець лепшыя магчымасьці для галасаваньня жыхароў Крыму.

Мустафа Джамілеў:

«Прынялі ўдзел у галасаваньні тыя, хто досыць рана пасьпеў выехаць з паўвыспы. Ізноў жа былі прыніжальныя пытаньні, куды вы едзеце, навошта. А тыя, хто ўчора ці сёньня прыехалі сюды, не змаглі прагаласаваць. Так, старшыня рэвізійнай камісіі курултая крымска-татарскага народа адмыслова зь сям’ёю прыехаў, каб прагаласаваць, але яму сказалі, што гэта немагчыма, бо вы мусілі заранёў прыйсьці і зарэгістравацца, каб вас унесьлі ў сьпіс.

Ёсьць вялікая недапрацоўка нашага ЦВК. Трэба было прыняць пад увагу, у якім стане знаходзяцца жыхары акупаванай тэрыторыі».

Па меркаваньні Мустафы Джамілёва, каля 15 тысяч жыхароў Крыму ўсё ж змаглі прыняць удзел у галасаваньні. Апісваючы становішча крымскіх татараў на паўвысьпе, Джамілеў сказаў наступнае:

«Мы маем справу з рэжымам, які не зьяўляецца праўнай дзяржавай. Ён робіць што хоча. Можа скрасьці, забіць. Цяпер там ніякіх назіральнікаў няма, незалежных журналістаў туды не пускаюць, міжнародныя арганізацыі не пускаюць, прадстаўнікоў ААН не пускаюць нават».

Адказваючы на пытаньне, ці магчымае дыпляматычнае вырашэньне канфлікту, Мустафа Джамілеў заявіў:

«Мы б вельмі хацелі, каб вырашэньне было мірным. У адваротным выпадку гэта будзе гібель для крымска-татарскага гароду, гэта будзе сапраўдная разьня. Цяпер акупацыйнымі ўладамі робіцца ўсё магчымае, каб справакаваць крымскіх татараў на нейкія крывавыя сутыкненьні, каб хутчэй расправіцца з намі. Мы будзем і надалей кіравацца прынцыпамі нягвалту. Але нішто ня можа цалкам гарантаваць, што крывавых сутыкненьняў ня будзе».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG