Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьміцер Дашкевіч: Па-беларуску размаўляць сумленна? Сумленна! Тады размаўляй па-беларуску


Зьміцер Дашкевіч прэзэнтуе кнігу "Чарвяк" у Магілёве
Зьміцер Дашкевіч прэзэнтуе кнігу "Чарвяк" у Магілёве

Былы палітвязень, лідэр зарэгістраванай у Чэхіі няўрадавай арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Дашкевіч прэзэнтаваў у Магілёве сваю кнігу «Чарвяк».

Былы палітвязень, лідэр зарэгістраванай у Чэхіі няўрадавай арганізацыі «Малады фронт» Зьміцер Дашкевіч прэзэнтаваў у Магілёве сваю кнігу «Чарвяк». У яе ўвайшлі апавяданьні, напісаныя актывістам у зьняволеньні. Сам Зьміцер кажа, што ягоная кніга гэта вынік ягоных «турэмных падарожжаў».

Паслухаць Дашкевічаў аповед пра ягоную кнігу, турэмнае мінулае, норавы беларускіх нявольнікаў, пісаныя і не пісаныя парадкі ў калёніях ды будучыню цяперашняга палітычнага рэжыму ў грамадзкі цэнтар «Кола» прыйшло два дзясяткі чалавек. Доўжылася вечарына больш за гадзіну.

Пра кнігу: «Хацелася падзяліцца сваім досьведам, каб магчыма нехта сабе нешта зь яго ўзяў.

Былі рэчы ў турме, якія дужа абуралі. У віцебскай турме людзям забаранялі лыжкі мець пры сабе. Яны елі футараламі зубных шчотак. Калі зьвяртаесься да адміністрацыі, то кажуць, што гэта нармальна: „Лыжкі павінны быць толькі пад час абеду“. Як такое ня можа зьдзівіць? Гэта ж не дзевятнаццатае стагодзьдзе. Гэта ж цэнтар Эўропы. Пра гэта варта гаварыць і пісаць, каб такога не было — каб ня зьдзекаваліся зь людзей, кім бы яны не былі. У сьледчых ізалятарах сядзяць людзі, якія яшчэ не прызнаныя вінаватымі і іх могуць вызваліць у любы момант, іх ужо заганяюць у турэмныя рамкі.

«Усё, што ў грамадзтве, тое ў турме. Часам здаецца, што няма дна ў той яміне куды чалавек можа уваліцца».

Людзям, якія ў турмах не сядзелі, здаецца, што гэта нешта звышнатуральнае, і гэтага вельмі баяцца. Гэтага страху ня трэба саромецца, бо ён — натуральная рэакцыя. І я баяўся, калі ўпершыню трапіў у аўтазак, які вёз мяне на суткі. Калі ж ты ў турме, то разумееш, што гэта частка беларускага соцыюму. Усё, што ў грамадзтве, тое ў турме. У турме — гэта вельмі канцэнтравана. Там такія ж разборкі, але троху зь іншымі паняцьцямі — што паміж міліцыянтамі, што паміж асуджанымі.

«На нас, маладафронтаўцах, у 2006-ым адпрацоўвалі мэханізм рэпрэсіяў»

Любая аўтарытарная машына можа забясьпечыць сваю жыцьцядзейнасьць, калі пастаянна ўдасканальваецца. Усё грамадзтва заганяецца туды, куды заганяецца беларуская апазыцыя. Аўтарытарная сыстэма дзейнічае пакрысе. Спачатку ўсё выпрабоўваецца. У 2006 годзе мяне садзілі за дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Нас тады чалавек пятнаццаць судзілі па гэтым артыкуле. І ўсе прыходзілі на суды і казалі, што мы маладафронтаўцы і будзем надалей займацца гэтай дзейнасьцю — садзіце. Пасадзілі мяне, бо думалі, што арганізацыя разваліцца, але ня выйшла так. Ад 2006 году артыкул „Дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі“ гэтак і стаіць колам. Шмат незарэгістраваных арганізацыяў у Беларусі, і мы ня ведаем выпадкаў, каб некага па ім судзілі.

«Мне навязвалі пэўны лад жыцьця ў турмах»

Заганялі ў пэўныя рамкі і я мог бы гэта ўсё „сажраць“, але разумеў, што на мне адпрацоўваецца пэўны мэханізм, які будзе „жраць“ астатніх. І я вырашыў, што б мне не давялося цярпець, я не „прагнуся пад хісткі сьвет“. Я гэты шлях вырашыў прайсьці. На маім месцы мог быць любы чалавек. Я ня ведаю, выбіраў мяне хто, ці не выбіраў.

«Раней я думаў, што пад махавіком рэпрэсіяў знаходзіцца толькі апазыцыя»

У турме я зразумеў, што апазыцыя трапляе пад рэпрэсіі апошняй. Спачатку схема адпрацоўваецца на п’яніцах, на наркаманах, рабаўніках.

Каму цяжэй за ўсё ў турмах?

У Беларусі зоны разьбітыя на дзьве часткі. У Шклоўскай напрыклад, сядзяць гэтак званыя першаходы, людзі, якія першы раз у зоне. Там ёсьць пэўны адсотак людзей, якія ня першы раз, каб яны па-блатному кіравалі працэсам. Гэтыя блатныя ўбудаваныя ў сыстэму, якой кіруе адміністрацыя. Калі адміністрацыя ня можа паўплываць на сытуацыю, то ўжо блатных выкарыстоўваюць. Другое сваё пакараньне я сядзеў у зонах, дзе сядзяць ня першы раз. Для значнай часткі іх сядзельцаў — зона становіцца ці ня сэнсам іхнага жыцьця. Ад некаторых людзі адвярнуліся даўно. Такім людзям, вядома ж, цяжэй за ўсё.

«Калі ў нас нехта саступае адной нагой, дык за другую цягнуць, каб ён у калюжыне валяўся ўвесь»

Задача нашай пэнітэнцыярнай сыстэмы трымаць усё грамадзтва ў страху. Больш ніякіх роляў. Дзяржава паводле лёгікі мае быць зацікаўленая, каб дапамагчы чалавеку знайсьці сябе. Калі ён саступіў убок, то дапамагчы вярнуцца. Калі ж у нас нехта саступае адной нагой, дык за другую цягнуць, каб у калюжыне ён вываляўся ўвесь. У зоне гэта дужа бачна. Калі чалавек лічыць сябе невінаватым і хоча выйсьці паводле датэрміновага вызваленьня, то яму варта сябе агаварыць — сказаць, што ён прызнае віну. Не прызнаўшы віны, лічыцца, што ты ня стаў на шлях выпраўленьня. Уся гэтая сыстэма адпрацоўваецца на тых, хто наагул ніякай абароны ня мае, а потым пераносіцца гэта на тых, хто на нешта прэтэндуе.

«Калі сыстэма абрынецца, мы дужа зьдзівімся, на чым жа яна трымалася»

Усё трымаецца на страху, на сыстэме адточанай за дваццаць гадоў. І, калі гэта пачне ўсё сыпацца, мы дужа зьдзівімся. Будзем задаваць сабе пытаньне, на чым яна трымалася. Сёньня ж мы знаходзімся ў сытуацыі безнадзейнай — так блага як цяпер не было ніколі. У 2010 годзе былі нейкія надзеі, а цяпер апазыцыя праводзіць акцыю. На яе паўтары тысячы чалавек прыходзіць, і яна лічыцца пасьпяховай. Але ж калі-небудзь гэта ўсё прарве. Бог пачынае дзейнічаць тады, калі спадзяваньняў на людзкую моц няма ніякіх. Савецкі Саюз развальваўся, дык заходнія лідэры езьдзілі пераконвалі, што ня варта яго развальваць. Калі разважаць, дык гэта парадокс, што ён разваліўся.

«Статкевіч на прэзыдэнта — гэта нармальная ідэя»

Я лічу абсалютна нармальнай ідэя — Статкевіча ў прэзыдэнты. І не таму, што гэта безнадзейна. Як мінімум кампанія ў ягоную падтрымку была б ня горшай за выбарчыя кампаніі 201, 2006, 2010 гадоў. Трэба вызначыцца. Я трымаюся думкі, што задача кожнага сумленнага чалавека — адказаць на пытаньне: «Што правільна перад божым абліччам тут і цяпер рабіць, і гэта рабіць». Па беларуску размаўляць сумленна? Сумленна! Тады размаўляў па-беларуску. І гэта краіна зьменіцца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG