Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На выбарчых участках у Кіеве няма таннай гарэлкі і не сьпяваюць дзеці


Адзін з участкаў для галасаваньня па 221-й выбарчай акрузе разьмяшчаецца ў будынку школы на бульвары Дружбы Народаў. Пад дзясятую гадзіну ранку тут ўжо шмат людзей. Распавядаюць, што падчас прэзыдэнцкіх выбараў у траўні па бюлетэнь трэба было стаяць па чатыры гадзіны. Цяпер усё хутчэй.

На участак мы трапілі разам з кіянкай Вольгай Гальчанка. Дзяўчына, вядомая беларусам па сацыяльных сетках сваёй адданай валянтэрскай працай на Майдане і на ўсходзе Ўкраіны, пагадзілася распавесьці нам, як галасуюць кіяне.

Трошкі прастаяўшы ў чарзе, Вольга падыходзіць да стала рэгістрацыі. Асадка ў яе свая.

«У нас тут звычка хадзіць на выбары са сваімі асадкамі, — тлумачыць дзяўчына. — Была гісторыя з распушчальнымі чарніламі, і пасьля бюлецені выкарыстоўваліся як яны там сабе хацелі». Трэба заўважыць, што са сваёй асадкай на ўчасткі прыйшлі не адна Вольга.

Вольга Гальчанка

Вольга Гальчанка

На рукі выдаюць дзьве даўгія прасьціны бюлеценяў. Адзін «мажарытарны», дзе можна прагаласаваць за аднаго кандыдата. Па гэтай акрузе іх больш за два дзясяткі. Другі — «партыйны», там галасуеш за цэлую партыю.

«У нас як заўжды ва Ўкраіне — дзе два ўкраінцы, там тры гетьманы, — сьмяецца Вольга. — Жадаючых удзельнічаць у палітычным жыцьці краіны заўжды вельмі шмат. Праз мажарытаршчыкаў ідзе вельмі шмат сумнеўных асобаў. Калі ў партыях яшчэ людзі больш-менш разьбіраюцца, што да чаго, то па вось гэтых прозьвішчах цяжка зразумець, што гэта насамрэч за чалавек, каго ён прадстаўляе і што будзе рабіць».

Па Вользінай акрузе, напрыклад, мажарытаршчыкам ідзе Дарт Аляксеевіч Вэйдэр. Скадальна знакаміты лідар Інтэрнэт-партыі Ўкраіны ужо спрабаваў паўдзельнічаць у выбарах прэзыдэнта, але не прайшоў рэгістрацыю. Сёньня насупраць ягонага прозьвішча нехта можа паставіць птушачку.

«Ён займаецца тым, што адцягвае галасы і стварае элемент кляўнады», — кажа Вольга.

Дзяўчына прызнаецца, што са сьпісу ведае далёка ня ўсіх. Але ведае чалавека, за якога будзе галасаваць і прозьвішча ягонага галоўнага апанэнта. З такімі сьпісамі людзі, натуральна, затрымліваюцца ў кабінках даўжэй.

Сьцены калідораў як шпалерамі абвешаныя плякатамі зь фотаздымкамі і інфармацыяй пра кандыдатаў.

«Выбарчая кампанія праходзіла цяжка для вачэй, — распавядае Вольга. — Мы з усіх бакоў былі атакаваныя палітычнай рэклямай і асабліва на фоне вайны на Ўсходзе, такое марнаваньне грошай на білборды, раздрукоўкі выглядала дзіўна. Нам было непрыемна. Чым менш было рэклямы, тым больш павагі выклікаў гэты кандыдат. Хацелася ацаніць людзей не па іх піару, а па іх дзеяньнях».

У прыклад таго, што палітычная рэкляма ня сьведчыць пра якасьць кандыдатаў, Вольга прыводзіць асобу лідара Радыкальнай партыі Алега Ляшко. Структуры заняўшага трэцяе месца на выбарах прэзыдээнта Ляшка, сацыялягічныя дадзеныя прадказваюць 13 працэнтаў галасоў на выбарцах і другое месца пасьля партыі ўлады — Блёка Пятра Парашэнка. Партыі прэзыдэнта сацыёлягі Кіеўскага міжнароднага інстытута сацыялёгіі (КМІС) даюць трохі больш за 30 працэнтаў.

«Ляшко вельмі шмат пыжыўся і дзьмуўся, распавядаў, як ён ваюе на фронце і палюе на тэрарыстаў. І ў яго быў вельмі высокі рэйтынг падчас прэзыдэнцкіх выбараў. Але праз паўгады людзі пабачылі, што гэта мыльная бурбалка, за якой нічога няма, і ягоныя рэйтынг стаў падаць, — лічыць Вольга. — Людзі ж не такія ідыёты, як палітыкі думаюць».

Галасаваньне ў Кіеве

Галасаваньне ў Кіеве

Сама Вольга кажа, што свой выбар па партыйным сьпісе рабіла доўга. Сярод партый, якія ёй найбольш блізкія называе «Народны фронт» Арсэня Яцэнюка (10,8 % паводле дадзеных КМІС), Батькiвщину Юліі Цімашэнкі (7,5 %) і аб’яднаньне ’САМОПОМIЧ, лідарам якога зьяўляецца мэра Ільвова Андрэй Садовый (8,5%). Але голас свой Вольга Гальчанка аддала іншай партыі:

«Я па валянтэрскай дзейнасьці шмат камунікую з салдатамі. І калі гаворыш зь людзьмі, якія на фронце, то прыходзіць усьведамленьне, што ўсе гэтыя палітычныя свары і гонкі маюць малое значэньне ў параўнаньні з тым, што адбываецца на ўсходзе. Я прагаласавала за „Правы сэктар“.

Я не прытрымліваюся ані правых, ані нацыяналістычных поглядаў. Але я бачу, што гэтая каманда людзей, якая ваюее, якая абараняе нас. Яны абараняюць нас у аэрапорце, стаяць на самых гарачых кропках, экіпіруюць сваіх добраахвотнікаў, яны дапамагаюць войску. Гэта першая лінія фронта. Гэта зараз важна. Нельга зацыклівацца на вайне, але я хацела даць ім шанец паўдзельнічаць. Магчыма, ім удасцца нешта наладзіць і зь Міністэрствам абароны, і агулам у ваеннай стратэгіі. Паглядзім».

Тое, што сярод абраньнікаў Вольгі няма Блёка Пятра Парашэнкі, зьдзяўляе. Дзяўчына кажа, што як прэзыдээнт Парашэнка ёй сымпатычны. Але прадстаўлены на выбары сьпіс ад блёка яна не падтрымлівае:

«У ім вельмі шмат былых рэгіяналах, адыёзных асобаў. Непрыемна бачыць гэтых людзей, якія ізноў ідуць ва ўладу, але пад іншай маскай», — кажа Вольга.

Прадстаўніца сацыялягічнай групы «Рэйтынг» зьбірае дадзеныя экзытполаў і пацьвярджае, што людзі скардзяцца: па мажарытарных сьпісах выбар зрабіць цяжка:

«Ведаюць толькі тых, хто мог шмат гроашй патраціць на агітацыю. Як раз тым і людзям і не давяраюць. А іншых проста ня ведаюць, — кажа яна. — Я размаўляла зь людзьмі. Вельмі шмат незадаволеных, людзі расчараваныя. Тым, што няма люстрацыі, камунальнымі тарыфамі, доўга не ўключалі ацяпленьне. Так і кажуць: калі мне ўключаць ацяпленьне, то пайду на выбары. А калі не ўключаць, не пайду».

Тут жа падыходзіць 70-цігадовы Ўладзімер Мельнікаў, які пытаецца, як сярод мажарытаршчыкаў знайсьці прадстаўніка БПП. Парашэнку ён падтрымлівае. Кажа: «Гэта, дзякуй Богу, далёка не Януковіч». Раззлаваўшыся ад таго, што знайсьці неабходную інфармацыю сярод больш як двух дзясяткаў плякатаў цяжка, Уладзімер Міхайлавіч пагражае нават сапсаваць бюлетэнь.

Назіральнікаў на ўчастку вельмі шмат. Запэўніваюць, што ніякіх перашкодаў ім ня робяць. Назіраюць яны за кожным этапам. Стаяць і каля сталоў рэгістрацыі, і каля кабінак для галасаваньня і каля ўрнаў. Правяраюць нават, як працуюць на экзіт-поле.

Сакратарка камісіі Валянціна Відалянава паказвае, што на ўчастку ёсьць асобны стол, дзе могуць зарэгістравацца ўцекачы з усходняй Украіны і жыхары Крыма: «Людзі падавалі заяўку ў дзяржрэестр і ім мянялі адрэсу для галасаваньня. Праўда, яны могуць толькі за партыйны сьпіс прагаласаваць».

Сакратарка Валянціна

Сакратарка Валянціна

Сама Валянціна працуе на выбарах ужо гадоў 15. На прэзыдэнцкіх была старшынёй камісіі, і кажа, што сёньня людзей нашмат менш.​

Яна ж распавядае, як фармуюцца выбарчыя камісіі. «Ад штабоў дасылаем заяўку. Пасьля кампутар выбірае, хто будзе працаваць на выбарах і падзяляюць па ўчастках». Сама Вольга прадстаўляе «Народны фронт».

Гэта не адзінае адрозьненьне ад традыцыйных беларускіх выбараў. Напрыклад, на ўчастку не працуе буфет: «Калісьці вельмі даўно было такое. Але зараз не, арганізаванага харчаваньня няма», — пасьміхаецца Вольга.

Пра абавязковую забаўляльную праграму для выбарцаў, якую ў Беларусі забясьпечваюць школы і калектывы мастацкай самадзейнасьці, Вольга нават ня чула: «Такога ў нас дакладна ніколі не было».

Сярод тых, зь кім удалося пагаварыць пасьля галасаваньня, еднасьці ў выбары не назіраецца. Аднак шмат для каго важна, каб абраньнікі ішлі ў парлямэнт упершыню:

«Я галасавала за Яцэнюка. Спадзяюся ён справіцца з ускладзенай на яго задачай», — кажа пэнсыянэрка.

Малады хлапец Уладзімер распавядае, што прынцыпова прыйшоў галасаваць, бо ўпэўнены, што ягоны голас уплывае на будучыню краіны:

Уладзімер: «Я галасаваў за „’САМОПОМIЧ“. Гэта хлопцы, якіх не было ў парлямэнце. Іх заснавальнік усяго 50-ы чалавек у сьпісе, і мяне задавальняе праграма, якую яны прапаноўваюць. Ва Ўкраіне пачалася барацьба з карупцыяй. Я ўдзельнічаў у падзеях восені-зімы, лічу, што нельга апускаць рукі і працягваць дзейнічаць, асабліва грамадзянскімі мэтадамі».

Маладая дзяўчына зь дзіцём прагаласавала за «Аграрную партыю». Кажа, што ва Ўкраіне ёсьць аграрны патэнцыял, а «ўсе астатнія мне яўна не падабаюцца.» Прыйшла галасаваць таму, то баіцца, каб ейны голас не дастаўся таму, каму б ей не хацелася. У тое, што гэта свабодныя выбары, дзяўчына ня верыць. «Апошнім часам я канчаткова расчаравалася ў краіне. Людзі перасталі думаць. Працягваюць галасаваць за адных і тых жа людзей, вераць у рэкляму».

Вельмі сталая жанчына ахвотна тлумачыць, што " прагаласавала за Парашэнка, бо ня бачу іншага"

«А з мажарытаршчыкаў за Паўлоўскага. Ён прадстаўляе моладзь, хаця яму 40 год. Але ён акадэмік. Харошы мужык. І ідзе першы раз».

Мужчына трохі больш сярэдніх гадоў прагаласаваў за «Свободу»:

«Трэба каб краіна ішла далей. Калі не галасаваць, будзе тое самае, што зь Януковічам, — пераконвае ён. — Я за „Свободу“ прагаласаваў. Гэта пасьлядоўная, проўкраінская, супрацьрасейская партыя. Галасаваць трэба за сваіх».

Яшчэ дзве маладыя, але вельмі заклапочаныя на выгляд дзяўчыны прагаласавалі за «Правы сэктар»:

"Хочацца бачыць новыя твары ў нашым урадзе. Пакуль што нічога ў нас не мяняецца. Каб нешта стала лепш ў падатках ці яшчэ што, дык не, затое цэны выраслі ў дзесяць разоў. Адцягнулі ўвагу на вайну. Усё для фронта — гэта зразумела. Але нічога не мяняецца. Будзем спадзявацца, што можа новы парлямэнт нешта памяняе.

Назіральнікі

Назіральнікі

Па даддзеных ЦВК, на 15 гадзінаў па кіеўскім часе, прагаласавала 20 працэнтаў выбарцаў. Найбольш актыўнымі былі выбарцы ў Кіраваградзкай (26,25%) і Чаркаскай (25.84%) абласьцях. У 11 акругах Данецкай вобласьці прагаласавала каля 14,37% выбарцаў, у трох акругах Луганскай — 15,79%.

XS
SM
MD
LG