Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Сьвіслачы ўшанавалі памяць паўстанцаў Каліноўскага


Сёлета ў Сьвіслач сабралася значна меней людзей у адрозьненьне ад папярэдніх гадоў. Традыцыйнае ўшанаваньне памяці паўстанцаў Кастуся Каліноўскага сёлета было адметнае тым, што разам з паўстанцамі ўдзельнікі ўшаноўвалі памяць актывіста са Сьвіслачы Віктара Дзясяціка, якога сёньня хавалі, недалёка ад магілы Віктара Каліноўскага.

Пахаваньне сьвіслацкага актывіста Віктара Дзясяціка

Пахаваньне сьвіслацкага актывіста Віктара Дзясяціка

Традыцыйна напачатку ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага. Пасьля ў царкве пачалося адпяваньне Віктара Дзясяціка, лідэра Сьвіслацкай арганізацыі БСДГ, які раптоўна памёр на 56 годзе ад інсульту. Усе, хто прыехаў сёньня ў Сьвіслач ушанаваць памяць паўстанцаў, далучыліся, каб правесьці ў апошні шлях свайго аднадумца і чалавека, які кожны год разам зь іншымі сьвіслацкімі актывістамі рыхтаваў традыцыйны фэст памяці.

Прамаўляе Рыгор Кастусёў

Прамаўляе Рыгор Кастусёў

Затым ізноў традыцыйна ўсклалі кветкі да помніка Кастуся Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту ў цэнтры Сьвіслачы. Тут разьвярнулі бел-чырвона-белыя сьцягі, прамаўлялі няшмат, запалілі зьнічы і памаўчалі...

У Якушоўцы запалілі зьнічы, усклалі кветкі, таксама прамаўлялі ня шмат, болей маўчалі і зрабілі традыцыйны здымак на памяць. Зь вядомых палітыкаў у Сьвіслач прыехаў Рыгор Кастусёў. Ён таксама прамаўляў няшмат, толькі зазначыў, што «барацьба за свабоду Беларусі, якую распачалі паўстанцы Каліноўскага дагэтуль не спынілася, яна працягваецца і галоўнае — атрымаць у ёй перамогу».

Ля помніка Рамуальду Траўгуту

Ля помніка Рамуальду Траўгуту

Гарадзенскі праваабаронца Ўладзімер Хільмановіч, які штогод прыяжджае ў Сьвіслач, каб ушанаваць памяць паўстанцаў, зазначыў Свабодзе, што такім чынам ўрачыстасьці ў Сьвіслачы адбыліся ўпершыню:

Уладзімер Хільмановіч

Уладзімер Хільмановіч

Хільмановіч: «Сёньняшняе адзначэньне памяці паўстанцаў выдалася асаблівым. Такі сьветлы дзень, сонечна, але разам з тым гэта і самы смутны дзень за ўсю гісторыю, паколькі аднаго з арганізатараў гэтага фэсту мы сёньня правялі разам зь сябрамі, блізкімі, жыхарамі Сьвіслачы ў апошні шлях. А сьвята, пасьля яго пахаваньня праходзіць годна: былі запаленыя зьнічы, ускладзеныя кветкі, сказаныя цёплыя добрыя словы пра сыноў Беларусі, якія змагаліся за яе волю... І гэтае ўшанаваньне будзе працягвацца з году ў год пакуль сюды будуць прыяжджаць людзі з розных куткоў Беларусі».

Ля помніка Кастусю Каліноўскаму

Ля помніка Кастусю Каліноўскаму

Увесь час ад могілак у Сьвіслачы да сканчэньня мэрапрыемства ў Якушоўцы прысутнічалі людзі ў цывільным і міліцэйскі апэратар усё фільмаваў на камэру.

XS
SM
MD
LG