Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёньня ва Ўкраіне — датэрміновыя выбары ў Вярхоўную Раду


Для ўдзелу ў іх зарэгістраваныя 29 партый. За хадой выбараў будуць сачыць больш за шэсьцьсот замежных назіральнікаў — у прыватнасьці, ад АБСЭ і Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

На дэпутацкія месцы ў парлямэнце прэтэндуюць кандыдаты ад 29 палітычных аб’яднаньняў і партый, сярод іх — «Блёк Пятра Парашэнкі», Радыкальная партыя Алега Ляшко, «Бацькаўшчына» і «Народны фронт» прэм’ер-міністра Арсена Яцанюка і сьпікера Вярхоўнай Рады Аляксандра Турчынава.

Усяго ў Вярхоўнай Радзе 450 месцаў. Больш за 30 мільёнаў грамадзянаў Украіны маюць права голасу.

Парадак падчас галасаваньня ў Данецкай і Луганскай абласьцях будуць забясьпечваць дадатковыя сілы міліцыі і вайскоўцы Ўзброеных сіл Украіны.

Напярэдадні выбараў ўкраінскі прэзыдэнт Пятро Парашэнка заклікаў суайчыньнікаў прагаласаваць за адзіную Ўкраіну. Выступаючы зь перадвыбарным зваротам да народу, ён падкрэсьліў неабходнасьць стварыць кааліцыю парлямэнцкай большасьці для правядзеньня рэформаў.

Па словах Парашэнкі, ужо падрыхтаваны праект кааліцыйнага пагадненьня на аснове прэзыдэнцкай праграмы «Стратэгія-2020». Яе рэалізацыя «забясьпечыць укараненьне эўрапейскіх стандартаў жыцьця і годнае месца краіны ў сьвеце», — падкрэсьліў украінскі лідэр. Парашэнка лічыць, што да 2020 году Ўкраіна павінна быць гатовая падаць заяўку на ўступ ў ЭЗ.

Прэзыдэнт Украіны асабліва падкрэсьліў неабходнасьць аднаўлення міру ў краіне — шляхам палітычнага ўрэгуляваньня.

За хадой выбараў будуць сачыць больш за 600 назіральнікаў АБСЭ, ПАРЭ, Эўрапарляменту, а таксама іншых міжнародных арганізацый. Акрамя таго, Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны зарэгістравала 211 афіцыйных назіральнікаў CANEOM — няўрадавай міжнароднай арганізацыі «Канадзкая місія назіраньня за выбарамі», якая зьяўляецца партнэрам ураду Канады.

XS
SM
MD
LG