Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі бомж: «Я хачу працаваць, але хто ж мяне возьме»


Магілёўскі бадзяга Васіль

Магілёўскі бадзяга Васіль

З набліжэньнем зімы, як і ў папярэднія гады, у гарады вяртаюцца бамжы. Некаторыя зь іх шукалі заробку ў Расеі ды вырашылі вярнуцца на радзіму. Некаторыя ж ле́тавалі ў сельскай мясцовасьці — працавалі ў фэрмэраў. Многія ж наагул заставаліся ў гарадах, бо ім няма куды ехаць. Як выжываюць магілёўскія бадзягі, ці мяняецца іх лёс і стаўленьне людзей да іх?

41-гадовы Сяргей бамжуе шэсьць гадоў. Кажа, што ў Магілёў прыехаў з Бабруйску. Мае некалькі судзімасьцяў. Жыве з таго, што адшукае на сьметніках. Кажа, што ў асноўным гэта мэталалом і шклатара. Калі яму ўдаецца выручыць за сабранае пяцьдзясят тысяч, то гэта шчасьлівы для яго дзень. Пра сваё бадзяжнае жыцьцё апавядае нетаропка, з пачуцьцём наканаванасьці:

«Атрымалася так, што я сеў, а мой брат дом прадаў і зьехаў ва Ўкраіну. Мамка мая памерла. У мяне нага зламаная, і хварэю на трафічную язву. На працу мяне ніхто і ня возьме. Нават прыватнікі. Пэрспэктываў у мяне ніякіх няма. Вось у мяне быў сябар. 33 гады яму было. Памёр нядаўна. Таксама бамжаваў. А што нас хаваць? Бірку на палец — і ў магілу. Такія, як я, ня людзі, выходзіць, а адкіды грамадзтва».

Бомж Сяргей кажа, што хворы на трафічную язву. На руцэ адмеціна хваробы

Бомж Сяргей кажа, што хворы на трафічную язву. На руцэ адмеціна хваробы

Стаўленьне людзей да бамжоў, кажа Сяргей, збольшага цярпімае. Часам аддаюць яму паношаную вопратку ды ежу. Набліжэньне зімы Сяргея ня радуе. Пад’езды цяпер на замку, як і ўваходы ў падвалы, наракае ён. Першыя сёлетнія начныя маразы ўжо даліся яму ў знакі. Кажа, што прастудзіўся:

«Я раскладаю вогнішча ў тры ночы, каб сагрэцца, і стаю ля яго. Такое ў мяне жыцьцё. Людзі ставяцца да мяне нармальна — ня ўсе, вядома», — зазначае Сяргей.

Васіль стаў бамжом пасьля вяртаньня з Расеі, дзе працаваў. Улетку часьцяком выбіраецца ў суседнюю краіну, каб падзарабіць, бо ў Беларусі ніхто не бярэ на працу. Васілю 53 гады. Ні дармаедам, ні ўтрыманцам сябе ня лічыць. Цьвердзіць, што ягоная сястра зрабіла з бацькоўскай хаты прытон для наркаманаў. Яму туды дарогі цяпер няма:

«Я нядаўна атрымаў пашпарт. Прапіскі ў мяне няма. Я, выходзіць, ніхто», — наракае Васіль.

Вось дайце мне жытло і працу, і я буду спакойна жыць і працаваць

«Што мне рабіць, я ня ведаю. Куды ісьці, таксама. Да каго зьвяртацца? На працу мяне ніхто не бярэ. Вось, хочаце, разам пойдзем на любое прадпрыемства — там пакажу пашпарт, і мне скажуць: ідзе рэгіструйся. А дзе я прапішуся? Я працаваць хачу, а толку? Вось дайце мне жытло і працу, і я буду спакойна жыць і працаваць. Здароўя пакуль хапае. Здароўя калі ня будзе, то, відаць, зьмерзну. Што, мала такіх?»

Васіль даводзіць, што пакуль не апусьціўся ў жыцьці, каб поркацца ў баках для сьмецьця. Жыве з таго, што і Сяргей — зьбірае мэталалом ды шклатару. Не выключае, аднак, што лёс змусіць залезьці і ў бакі. На думку Васіля, многія з бамжоў, якія «залезьлі туды», мяняць жыцьцё ўжо ніколі не захочуць:

«Яны ўжо ня хочуць працаваць. Іх задавальняе жыцьцё бамжоў. Многіх, але ня ўсіх, — цьвердзіць Васіль. — Калі ты бачыш, што чалавек хоча працаваць, дык дай ты яму магчымасьць такую рэабілітавацца. Дай выпрабавальны тэрмін. Дык такога няма ў нас».

78-гадовы Эдуард мінулую зіму перажыў пад бальконам аднаго з дамоў. Пад ім жа будзе хавацца ад маразоў і гэтай зімой. Пакуль цёпла, перабывае на дваровым сьметніку. У яго хворыя ногі. Ходзіць на мыліцах. Паўгода праляжаў у шпіталі, кажа:

«Хацелі адрэзаць нагу, але я ня даў. Бамжую ўжо 13 гадоў. Я зімаваў на вакзалах, дык цяпер міліцыя не пускае. Ганяе. Неяк зімаваў у дызэлях — Ворша, Шклоў, Быхаў. Білет я не аплачваю. У мяне пасьведчаньне — другая група інваліднасьці».

Эдуард не хавае, што не аднойчы сядзеў у турме. Рабаваў крамы ды кіёскі.

Бомж Юры Іванавіч вылазіць з свайго жытла — бэтоннай трубы

Бомж Юры Іванавіч вылазіць з свайго жытла — бэтоннай трубы

Герой некалькіх свабодаўскіх сюжэтаў 78-гадовы бомж Юры Іванавіч зімаваць зьбіраецца ў той жа бэтоннай трубе, у якой перабываў маразы мінулай зімы. Скардзіцца на хворыя ногі. Кажа, што ўвесну два тыдні праляжаў у бальніцы. Крыху падлячылі. Бамжуе стары два з паловай дзясяткі гадоў. Пра сваё жыцьцё апавядае пасьмейваючыся:

«Леташняй зімой ляжаў тыдзень без вады і хлеба. Думаў, што здохну. У мяне там шубы, дык я захутаюся — мне цёпла, дык мне і вылазіць неахвота. На дварэ ж вецер ды холадна. Вось толькі пацукі даймаюць. Цэлыя кучы тут іх бегаюць. І па мне бегаюць. Толькі пакунак пакладу, тут жа налятаюць. Пагрызуць усё. Нават скарынкі не пакінуць».

Каб уратавацца ад пацукоў, стары прыкарміў ката. Той дысцыплінавана іх душыць, але меней пацукоў у бэтоннай трубе не становіцца. Кот выглядае куды сыцейшым за Юрыя Іванавіча.

Прыкормлены Юрыем Іванавічам кот

Прыкормлены Юрыем Іванавічам кот

XS
SM
MD
LG