Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступаючы нядаўна перад прадстаўнікамі расійскіх СМІ, Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што частка смаленскіх, пскоўскіх, бранскіх зямель некалі належалі Беларусі, таму давядзецца падзяліцца. Пра дзяльбу, вядома, было сказана жартаўліва, бо справа тычыцца тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржаў. Але ці памятаюць на той жа Браншчыне, калі й каму належалі тутэйшыя землі? І ці сапраўды мясцовыя жыхары згодныя, як нібыта паказвае апытаньне на бранскім сайце «ГородБ», далучыцца да беларускай дзяржавы?

Рэпартаж з райцэнтру Почап Бранскай вобласьці — пра жыцьцё, стаўленьне да прэзыдэнтаў Лукашэнкі й Пуціна, да ідэі далучэньня да Беларусі.

Як толькі аўтобус Гомель — Курск спыніўся на аўтавакзале ў Почапе і пагляду адкрыліся тутэйшыя краявіды, міжволі прыгадаліся лермантаўскія радкі пра «нямытую Расею». Было ніякавата й горка аглядаць плошчу, прывакзальныя пабудовы дый сам вакзал. Куды ні глянь — занядбаньне і неахайнасьць.

Каля вакзалу ў Почапе

Каля вакзалу ў Почапе

Летапісныя крыніцы сьцьвярджаюць, што з часоў Кіеўскай Русі тутэйшыя землі належалі Чарнігаўскаму і Ноўгарад-Северскаму княствам. Рэчкі Няміга й Судасьць ахоўвалі крэпасьць. Аднак татары ўсё-ткі спалілі крэпасьць, а ацалелых жыхароў павесілі — «пачапілі» на шыбеніцах. Пасьля гэтага паселішча на працяглы час выпала зь летапісаў.

Зь сярэдзіны 14 стагодзьдзя гэтая тэрыторыя значыцца як землі Вялікага Княства Літоўскага. У Літоўскай мэтрыцы, у прыватнасьці, згадваецца, што ў 1457 годзе Почап належаў пану Захары.

Царква Ўваскрэшання Хрыстова XVIII ст. на Першамайскай вуліцы

Царква Ўваскрэшання Хрыстова XVIII ст. на Першамайскай вуліцы

Паселішча і крэпасьць у ліцьвінаў захапілі ў 1500 годзе войскі маскоўскага цара Івана III, і ў сучаснай Расеі гэты год і лічыцца датай заснаваньня Почапа. Пазьней горад быў адваяваны польска-ліцьвінскімі ваярамі: Масковія афіцыйна перадала яго Рэчы Паспалітай, пасьля чаго горад займеў нават Магдэбурскае права.

Почап
Почап

Вядома, ніхто зь цяперашніх жыхароў Почапа, з кім давялося гутарыць, гісторыі ня ведае. Прыгадваюць толькі, што пры Пятру I тут замест драўлянай будавалі земляную крэпасьць. Пра гэта, прынамсі, кажа былая дэпутатка гарсавету, якая, аднак, не схацела назваць свайго імя:

«Пры Пятру I быў Почап наш. Я чытала. Нават валы былі за Почапам. Але такога не чытала, каб наша зямля да Беларусі адносілася, хоць я й захаплялася гэтай справай».

3-я Прывакзальная вуліца

3-я Прывакзальная вуліца

Побач з вакзалам

Побач з вакзалам

Суразмоўніца адрынула ідэю, пра якую пыталася ў сваіх наведнікаў бранскае інтэрнэт-выданьне «ГородБ», — наконт далучэньня свайго рэгіёну да Беларусі:

«Ды не, наадварот, няхай Беларусь далучаецца да Расеі. Расея мацнейшая за Беларусь. І тэрыторыя ў нас большая, і народу больш. Нам бы жыць там, дзе лепей, гэта значыць, каб добра было і беларусам, і расейцам. І Ўкраіна ж наша, але ў зьвязку з вайной — няхай яны жывуць асобна».

Вуліца Талстога

Вуліца Талстога

Былая дэпутатка захацела нават паказаць, што нібыта няблага ведае гісторыю:

«Вы ня думайце, што ваша Беларусь старэйшая за Расею — такога ня можа быць. Пацікаўлюся абавязкова і пра ўсё даведаюся. Украіны ж наагул не было. Гэта Русь была. Кіева як дзяржавы наагул не было. Была Кіеўская Русь, але Ўкраіны не было».

Дарога ў гарадзкі парк

Дарога ў гарадзкі парк

Пярэчыць альбо пераконваць у нечым колішнюю дэпутатку ня мела сэнсу. Таму спрабую даведацца пра цяперашняе жыцьцё-быцьцё ў Почапе:

«Звычайна, як і ўсё. Алігархі — сабе, а мы, простыя людзі, — сабе. Хто працуе на зямлі, той зь зямлі й корміцца. А ў каго грошай шмат, той і шыкуе — хоць у Расеі, хоць ва Ўкраіне — аднолькава жывуць людзі. Пра рабочых ня думаюць: усё сабе і сабе. Начальнікаў трэба прыціснуць! Я — патрыёт сваёй краіны, Расеі. Няхай у вас і чысьцей, а мы дзе прывыклі, там і жывём. Напрыклад, мне падабаецца свая вуліца, раней яна называлася Прывакзальнай, а цяпер — Усіевіча. Я тут была дэпутаткай. Няхай у вас і мільянэры з вашымі „зайчыкамі“, а мы жывём на мінімалку, але жывём нармальна. Расея вельмі працягласьцю вялікая, таму не пасьпяваем зрабіць адразу ўсё. Нічога, зь цягам часу і мы ўсё ўпарадкуем. Расея — мая душа». (Сьмяецца.)

Па-над рэчкай Судасьць

Па-над рэчкай Судасьць

Кажу суразмоўніцы, што ў дарозе, пакуль ехаў да Почапа, вельмі зьдзівіла запусьценьне: зямля паабапал шашы даўно не ўрабляецца, высокі пажухлы сівец суправаджае падарожніка ледзь не ад самай мяжы зь Беларусьсю, і асабліва ў Навазыбкаўскім раёне. Выключэньне — хіба толькі Унецкі раён. Дый наагул вялікая па тэрыторыі Расея толькі на 50 адсоткаў забясьпечвае сябе прадуктамі харчаваньня.

Былая дэпутатка: «Калі б моцна прыгрэла, то забясьпечылі б сябе поўнасьцю. Ня хочуць на зямлі рабіць. Прывыклі да „вольнага“ жыцьця. І навошта працаваць, калі ёсьць прадукты? Хапае грошай, каб іх купляць. Калі б грошай не было, мы б самі працавалі. Бог нам даў і нафту, і газ, і ўсё астатняе. Ну, ніхто ж не галадае, ніхто ня ходзіць голы».

Жанчына прызнаецца, што беларускі прэзыдэнт ёй вельмі падабаецца. Але на Пуціна яна ня згодная яго памяняць:

«Падабаецца Лукашэнка, што парадак навёў, чысьціню. І алігархі яго баяцца. Так бы і ў нас трэба было б больш жорстка. Але ж не ўва ўсіх такія кіраўнікі. Ну, і Пуцін пакуль харошы. Пачынае за Расею хварэць — яшчэ ніводзін прэзыдэнт так не хварэў. Мне абодва падабаюцца: і Лукашэнка, і Пуцін, хоць я з Лукашэнкам і не жыла, і ня ведаю, які ён жорсткі. А з Пуціным мы жывём, і мы верым яму, што падыме Расею з каленяў».

Т-34 у цэнтры гораду

Т-34 у цэнтры гораду

Пасьля шматплянавай гаворкі з колішняй дэпутаткай працягваю сваё падарожжа па Почапе. У цэнтры гораду, як выявілася, сёлета зрабілі парадак, вуліцы заасфальтавалі. Але толькі ў цэнтры.

Гараджанка Ніна прыбірае вуліцу ня ў цэнтры:

«Заробкі малыя ў нас. Ну што гэта — дворнік 6 тысяч расейскіх атрымлівае? А плошча якая — паспрабуй прыбяры. Дарогі таксама нікуды ня вартыя ў нас. Цэнтральная вуліца добрая, а я жыву на Трубчэўскай. У нас зусім кепская. Як толькі дождж пойдзе, мы абуваем гумовыя боты — па калена гразюка. Колькі мэру Грабараву ні казала, усё бессэнсоўна. Пуцін і ня ведае нічога. Яна на паперах, вуліца наша, ужо зроблена — гады два ці тры таму, а фактычна яе няма. Перад галасаваньнем зноў сказала мэру. Але ён заявіў, што бліжэйшым часам не абяцае. Хочам жыць, вядома, лепей: каб заробак быў добры, асьвятленьне вакол было на вуліцах. Каб і дарогі былі добрыя, ходнікі праклалі. А то ў нас ля вакзалу нават сьвіньні ходзяць — газэта наша пра гэта пісала, фоты надрукавала».

За 200 крокаў ад чыгуначнага вакзалу

За 200 крокаў ад чыгуначнага вакзалу

Почапцы заяўляюць, што ў горадзе й працаваць асабліва няма дзе. Маслазавод, кансэрвавы, хлебазавод, прадпрыемства па перапрацоўцы лёну — усё зачынілі. Ёсьць, праўда, птушкафабрыка «Царская птушка», прадпрыемства па ўтылізацыі хімічнай зброі, але туды ня так проста ўладкавацца, дый колькасьць працоўных месцаў абмежаваная:

Гараджанка Алена: «Заводаў няма, фабрык няма. У нас раней і маслазавод быў, і кансэрвавы. Усё зачынілі — прыватнікі выкупляюць. На кансэрвавым — віно робяць. Раней кансэрвы ўсялякія з гародніны выраблялі — ікру кабачковую, агуркі, памідоры. А цяпер — віно».

Почапскія цэны. Найтаньнейшая «Дзімітраўская» каўбаса на беларускія — 48 тысяч, самая дарагая «Маскоўская» — 135.

Почапскія цэны. Найтаньнейшая «Дзімітраўская» каўбаса на беларускія — 48 тысяч, самая дарагая «Маскоўская» — 135.

Малады гараджанін Андрэй кажа, што знайсьці працу ў горадзе ў прынцыпе можна, бо апошнім часам тут адкрылася шмат прыватных крамаў. Адна бяда: заробкі досыць малыя — 7–8 тысяч ці крыху больш. Таму маладзён і падпрацоўвае таксоўшчыкам на сваёй «дзявятцы»:

«Шмат крамаў усякіх у горадзе, вельмі шмат. Прыватных. Зарабляюць, як і ўсюды — пражыць можна. У кожнага свае патрэбы. Як на мяне, то тысяч пяцьдзясят трэба зарабляць. Але столькі не выходзіць».

Паўсюль у горадзе прыватныя крамы й майстэрні

Паўсюль у горадзе прыватныя крамы й майстэрні

Пэнсіянэрка Надзея лічыць, што як бы там ні было і што б ні пісалі расейскія выданьні, а месца Браншчыны — у складзе Расеі, бо Лукашэнка хоць і добры кіраўнік, але з Пуціным не зраўнаць:

«Браншчына павінна быць у Расеі. Лукашэнка, канечне, харошы, а Пуцін наш — найлепшы».

Гасьцей Почапу праваджае гармата

Гасьцей Почапу праваджае гармата

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG