Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Я вельмі ўдзячны Ўладзімеру Падголу, які адгукнуўся на мой тэкст наконт Міколы Статкевіча крытычным допісам «Дракахрустаў ложак», апублікаваным у «Беларускім партызане». Каштоўнасьць крытыкі Падгола ў тым, што ён вядзе гутарку ня толькі пра канкрэтную ініцыятыву, але і пра сытуацыю ў цэлым. Хаця мушу зазначыць, што я ня згодны з Уладзімерам ні канцэптуальна, ні ў дэталях.

Цікава, што мой шаноўны апанэнт не пярэчыць галоўнай тэзе майго блогу — што ідэя вылучэньня палітвязьня адзіным кандыдатам ад апазыцыі мае больш хібаў, чым перавагаў. Адсутнасьць пярэчаньняў па сутнасьці на гэты конт — рэч даволі паказальная. Калі ў апазыцыйнай частцы грамадзтва ёсьць драйв, вера ў перамогу, то падобныя экзатычныя праекты проста на зьяўляюцца. Уладзімер піша, што мая ацэнка ідэі нічым не адрозьніваецца ад ацэнкі Ярмошынай. Замест такіх інсынуацый тэкст вельмі ўпрыгожыла б тлумачэньне, чаму гэтая прапанова зьяўляецца ўдалай і як яна прывядзе да перамогі.

Уладзімер канцэнтруе агонь сваёй крытыкі фактычна на адной тэзе з майго блогу — што Аляксандар Лукашэнка цяпер вельмі моцны палітычна, а апазыцыя перажывае ідэйны крызіс. «А ў чым жа, на вашую думку, Юры, „ідэйны крызіс апазыцыі“, у чым ён „настолькі глыбокі“? У тым, што практычна ўсе прадстаўнікі апазыцыі выступаюць за эўрапейскія каштоўнасьці? За эўраінтэграцыю? У тым, што яны супраць крамлёўскай фэадальнай азіятчыны?» — задае пытаньне Ўладзімер Падгол.

Так, менавіта ў гэтым крызіс і палягае, у тым, што ідэя эўраінтэграцыі гучыць у беларускім грамадзтве цяпер зусім інакш, чым, скажам, у 2001, 2006 ці 2010 гадах. Драматычныя падзеі ва Ўкраіне паказалі беларусам, чаго можа каштаваць шлях у Эўропу — забурэньні, кроў «нябеснай сотні» Майдану, захоп нацыянальнай тэрыторыі, яшчэ большая, чым на Майдане, кроў у Данбасе.

Дарэчы, варта прыгадаць, што выбарчыя кампаніі ў Беларусі ў 2001 і ў 2006 гадах натхняліся досьведам югаслаўскай і ўкраінскай «аксамітных» рэвалюцый адпаведна, у пэўным сэнсе праходзілі паводле іх «лякалаў». Памятаеце: «Сёньня — Мілошавіч, заўтра — Лука», заклікі зладзіць у Беларусі свой Майдан. Майго паважанага апанэнта чамусьці не зьдзіўляе, што цяпер беларускія палітыкі, якія за эўрапейскія каштоўнасьці, ня тое што не заклікаюць паўтарыць у Беларусі пераможны Эўрамайдан, але і наконт Плошчы-2015 выказваюцца даволі млява і зь вялікімі сумневамі. Неяк не чуваць цяпер радасных воклічаў: «Учора — Януковіч, заўтра — Лука». А чаму?

А таму, што пры ўсіх асаблівасьцях айчыннага палітычнага працэсу беларускія палітыкі ўсё ж камунікуюць зь людзьмі, з народам. І выразна адчуваюць нежаданьне сярэдняга шараговага беларуса плаціць такую пачварную крывавую цану за перамены і эўрапейскі выбар. Уладзімер Падгол, спасылаючыся на дадзеныя апытаньняў, адзначае, што беларусы ня хочуць паміраць ні пад танкамі НАТО, ні ў данецкіх стэпах. А ці гатовыя яны паміраць пад кулямі АМАПу і «зялёных чалавечкаў» за свабоду і эўрапейскі выбар? З чаго вынікае, што такая гатовасьць ёсьць? Дарэчы, паводле апытаньняў гатовасьць супраціўляцца расейскай агрэсіі дакладна такая ж невысокая, як і гіпатэтычнаму натаўскаму ўварваньню.

Так, у кожнай краіны свой шлях. Але, скажам, у 2006 годзе досьвед украінскага бяскроўнага Майдану спараджаў хутчэй надзеі, што і ў Беларусі будзе гэтак сама бяскроўна і пераможна, хаця Плошча-2006 была непадобная да Майдану-2004. Дык і зараз як яно будзе ў 2015 годзе, невядома, але ўкраінскія падзеі спарадзілі ў беларускім грамадзтве масавы страх, што і ў Беларусі зьмены будуць каштаваць такой самай ракі крыві. У гэтым і палягае крызіс апазыцыі: што сёньня занадта многім беларусам у лёзунгах «Беларусь — у Эўропу», «Беларусі — перамены» чуецца «Беларусі — вялікую кроў». Я, дарэчы, не кажу, што гэты крызіс непераадольны: можа, апазыцыя знойдзе чароўнае слоўца, каб пераканаць беларусаў, што наш шлях з аўтарытарызму ў Эўропу будзе не такім крывавым, можа, актуальнасьць жахлівага ўкраінскага досьведу праз год для беларусаў неяк зьнізіцца, «рассмокчацца», можа ў 2015 годзе Ўкраіна, пераадолеўшы цяжкасьці, расквітнее, стаўшы надзвычай прывабным прыкладам. А можа нават зь нейкай прычыны беларусаў у 2015 годзе раптам ахопіць такая прага пераменаў і імкненьня ў Эўропу, што яны будуць гатовыя плаціць за гэта любую, самую высокую цану. Усё можа быць, Уладзімер вось слушна адзначае, што і землятрусы час ад часу здараюцца. Але адмаўляць самую наяўнасьць крызісу — гэта проста клясычны ўзор няздольнасьці выйсьці за межы сваіх улюбёных догмаў. Каб адчуць выклік гэтага крызісу, дастаткова параўнаць цяперашнія настроі ў апазыцыйным асяродзьдзі з тымі, што былі напярэдадні ўсіх папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах. У 2005 годзе — за год да выбараў — апазыцыя ваўсю рыхтавала кангрэс, ужо ўзышлі зоркі Аляксандра Казуліна і Аляксандра Мілінкевіча, за год да выбараў 2010 году БХД ужо вылучыла сваім кандыдатам Віталя Рымашэўскага, правялі кангрэсы ў падтрымку свайго вылучэньня той самы Мілінкевіч і Мікола Статкевіч, стаў відавочным удзел у выбарах Андрэя Саньнікава, напачатку 2010 году паўстала кампанія «Гавары праўду». Хай і ў абмежаваных памерах, але быў драйв, энтузіязм, надзеі. А цяпер... Ну, можа я чаго са свайго «Дракахрустава ложка» ня бачу, дык пакажыце мне, недасьведчанаму, палітыка або палітычную сілу, якія сёньня настроеныя перамагчы Лукашэнку ў 2015 годзе.

Ну а што да ўзмацненьня самога Лукашэнкі, якое адмаўляе Ўладзімер — мне здаецца, што трэба замкнуцца ў бункер, каб гэтага ня бачыць. У суседзяў палыхае сапраўдная вайна з тысячамі забітых, іншы сусед трапіў пад беспрэцэдэнтныя санкцыі і таксама атрымлівае «груз 200». А Беларусь не ваюе, труны не атрымлівае. Сакрамэнтальнае беларускае «абы вайны не было» набыла надзвычайную важнасьць і каштоўнасьць. А няма яе дзякуючы каму? Адкажыце на гэтае пытаньне, прычым не ад сябе, а ад простага беларуса, які не палітоляг і не палітычны актывіст, для якога Лукашэнка не «крыху вышэйшы за Бога», але і ня князь цемры, а проста вялікі начальнік, які павінен забясьпечваць выжываньне нацыі. Дык забясьпечвае цяпер або не?

Ну, адказ з сацыялягічных апытаньняў вядомы. Прычым, вынікі гэтых апытаньняў вымяраюць вагу і слушных заўвагаў Уладзімера Падгола наконт таго, што ад эканамічных зьдзяйсьненьняў айчыннай улады беларусы зусім не ў захапленьні. Сапраўды, і рэальны заробак сёлета практычна не расьце, і з мадэрнізацыяй атрымліваецца даволі сьціпленька. Але ў параўнаньні зь меркаваньнямі бясьпекі, з «абы вайны не было» гэта тут і цяпер аказваецца другасным. І ў выніку расьце і рэйтынг Лукашэнкі, і давер да ўлады, расьце так, як раней ня рос у міжвыбарчы пэрыяд.

Так што падганяць рэчаіснасьць пад свае ўлюбёныя штучныя ўяўленьні ня варта нікому. Ні мне, грэшнаму, ні іншым, у тым ліку і маім шаноўным апанэнтам. Мяне цяперашняя сытуацыя ня радуе. Але я ня ўпэўнены, што яе можна зьмяніць шаманскімі заклінаньнямі.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG