Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка патрабуе пільнасьці ад сваёй службы бясьпекі


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дзяржаўныя органы павінны аддаць асаблівую ўвагу правядзеньню масавых мерапрыемстваў.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, адна з самых сур’ёзных пагрозаў, якой супрацьстаяць праваахоўныя органы, — распаўсюджваньне тэрарызму. Пра гэта ён заявіў на сьвяткаваньні 20-годзьдзя сваёй службы бясьпекі.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што, «перасьледуючы мэты па зьнішчэньні асобных службовых асоб, тэрарысты ня грэбуюць тым, каб арганізоўваць і праводзіць свае акцыі ў месцах масавага збору людзей, пры гэтым ахвяры вылічаюцца дзясяткамі і сотнямі чалавечых жыцьцяў».

«На жаль, Беларусь ня стала выключэньнем у гэтым пляне. Яшчэ сьвежыя ў памяці агідныя па сваёй сутнасьці выбухі ў Дзень Незалежнасьці ў 2008 годзе і ў менскім мэтро ў 2011 годзе, — сказаў Лукашэнка. — Улічваючы гэта, у вашай структуры ва ўзаемадзеяньні зь дзяржаўнымі органамі забесьпячэньня бясьпекі неабходна аддаць асаблівую ўвагу арганізацыі і правядзеньню масавых культурных і спартыўных мерапрыемстваў. Пільнасьць павінна быць паўсядзённа і паўсюдна».

Лукашэнка падкрэсьліў, што самая пільная ўвага павінна аддавацца якаснаму эфэктыўнаму апэратыўна-тэхнічнаму забесьпячэньню мерапрыемстваў з удзелам асобаў пад аховаю.

Пошук выбуховых прыладаў, прыстасаваньняў для несанкцыянаванага здыманьня інфармацыі зьяўляецца надзвычай важнай задачай, якая патрабуе пастаяннага ўдасканаленьня ведаў супрацоўнікаў усіх падразьдзяленьняў, — цытуе Лукашэнку ягоная прэсавая служба.

Аляксандар Лукашэнка таксама адзначыў складаную міжнародную абстаноўку і заявіў: «Нашы мяжы недатыкальныя, і наш народ можа спаць спакойна».

20 кастрычніка Лукашэнка прызначыў Віктара Шынкевіча начальнікам прэзыдэнцкай службы бясьпекі. 11 верасьня ён вызваліў ад гэтай пасады Андрэя Ўцюрына.

Службу бясьпекі прэзыдэнта, якая спачатку называлася службай аховы прэзыдэнта, з 1994 году ўзначальвалі Вячаслаў Каралёў, Юры Бародзіч, Уладзімер Навумаў, Леанід Ерын, Генадзь Нявыглас, Яўген Дзьвярніцкі, Юры Жадобін, а з 2007 году — Андрэй Уцюрын. Раней Уцюрын займаў у гэтай структуры пасаду начальніка ўпраўленьня асабістай аховы.

На пасадзе галоўнага целаахоўніка прэзыдэнта Андрэй Уцюрын затрымаўся даўжэй за сваіх папярэднікаў і атрымаў званьне палкоўніка.

XS
SM
MD
LG