Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ААН: Канфлікт ва Ўкраіне пазбавіў дому 800 тысяч чалавек


Уцекачы атрымліваюць гуманітарную дапамогу ў Марыупалі

Уцекачы атрымліваюць гуманітарную дапамогу ў Марыупалі

Арганізацыя Аб’яднаных Нацый ацэньвае, што канфлікт ва Ўкраіне прымусіў больш за 800 тысяч чалавек пакінуць свае дамы.

Упраўленьне Вярхоўнага камісара ААН па справах уцекачоў заявіла на брыфінгу ў Жэнэве, што, паводле ацэнак, 430 тысяч чалавек у цяперашні час перамясьцілася ў межах Украіны — гэта на 170 000 больш, чым у пачатку верасьня.

Як мінімум 387 тысяч папрасілі статусу ўцекача, часовага прытулку або іншых формаў віду на жыхарства ў Расеі.

Яшчэ 6,6 тысячы зьвярнуліся з просьбай атрымаць прытулак ў Эўрасаюзе; 581 чалавек папрасіў прытулку ў Беларусі.

Каля 95% вымушаных перасяленцаў паходзяць з усходняй Украіны, дзе ўрадавыя войскі змагаюцца супраць прарасейскіх сэпаратыстаў.

Паводле Вярхоўнага камісара ААН, колькасьць перамешчаных асобаў будзе расьці і далей у сувязі з працягам баявых дзеяньняў ва ўсходняй Украіне.

Украіна рыхтуецца для ўсплёску гвалту напярэдадні парлямэнцкіх выбараў 26 кастрычніка.

Прэм’ер-міністар Украіны Арсень Яцанюк выказаў занепакоенасьць тым, што Расея можа паспрабаваць сарваць выбары. Ён заклікаў да «поўнай мабілізацыі ўсёй праваахоўнай сыстэмы», каб прадухіліць фальсыфікацыі і магчымы гвалт у ходзе галасаваньня.

Міністар унутраных справаў Украіны Украіны Арсен Авакаў паабяцаў мабілізаваць на дзень выбараў 82 тысячы праваахоўнікаў.

XS
SM
MD
LG