Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Непатрэбныя пісьменьнікі


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Упершыню з 1998 году Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь беларускімі пісьменьнікамі. Былі сустрэчы з камандай Мікалая Чаргінца, але то быў проста інструктаж сваёй ідэалягічнай абслугі. І вось жа праз 16 гадоў кіраўнік дзяржавы зноў узгадаў пра беларускую літаратуру.

Вядома, што беларускі лідэр аддае перавагу не духоўнай культуры, а фізычнай. Ён практычна не бывае ў тэатры ці на мерапрыемствах культурнага кшталту. Толькі па абавязку кіраўніка дзяржавы час ад часу зьвяртаецца да тэмаў культуры і мастацтва. У 2007 годзе, адказваючы на пытаньні расейскіх журналістаў, прэзыдэнт прызнаўся, што не глядзіць фільмаў, не чытае кніг («Усе кніжкі я ўжо прачытаў раней»). У гэтым ягонае адрозьненьне, напрыклад, ад таго ж Машэрава, які любіў сустракацца з творцамі. Дарэчы, Сталін чытаў практычна ўсё, што пісалі найбольш вядомыя савецкія пісьменьнікі.

Канфлікт Лукашэнкі з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў, нэгатыўнае стаўленьне і нават цкаваньне Васіля Быкава, Сьвятланы Алексіевіч і іншых вядомых асобаў, прызнаных духоўнымі аўтарытэтамі далёка за межамі Беларусі, — гэта ня толькі вынік ідэйнага канфлікту, але і адлюстраваньне пэўнага ўзроўню культуры і тыпу мысьленьня. Ён і абумоўлівае пагардлівае стаўленьне да інтэлігенцыі, інтэлектуальнай працы наагул.

І зусім не выпадкова, напрыклад, у 2005 годзе міністрам культуры стаў Уладзімір Мацьвяйчук, якога з пасады начальніка аддзелу кадраў ААТ «Полацак-Шкловалакно» прызначылі спачатку кіраваць Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй, а затым праз год «перавялі на культуру».

Лукашэнка як палітык вельмі прагматычна ацэньвае ўсе працэсы ў практычнай плашчыні, як ён любіць казаць, «ад зямлі». І разумее, што тая эпоха, калі пісьменьнікі былі ўладарамі думак шырокіх масаў насельніцтва, прайшла. У сваім выступе ён адзначыў, што цяпер людзі кніжкі мала чытаюць, асабліва на беларускай мове. Дык навошта сустракацца з гэтымі пісьменьнікамі? Як казаў Сталін пра Рымскага папу: «А колькі ў яго дывізіяў?»

Паводле савецкай традыцыі Лукашэнка разглядае культуру як інструмэнт у руках дзяржавы, каб «выхоўваць» народ у рэчышчы апошніх палітычных установак

Акрамя таго, хоць сам Лукашэнка, паводле ўласнага прызнаньня, спрабаваў пісаць вершы ўжо ў сталым узросьце, ён у поўнай меры не разумее самакаштоўнасьці культуры і мастацтва, існаваньня адмысловага мастацкага сьвету. Як і ў савецкія часы, гэты сьвет ён успрымае ўтылітарна, толькі як галіну народнай гаспадаркі, усяго толькі як рэсурс дзяржавы, нароўні з вайсковым, фінансавым ды іншымі рэсурсамі. Калі тыя ж расейскія журналісты задалі пытаньне пра разьвіцьцё культуры, духоўнасьці ў Беларусі, то ён стаў падрабязна, аж да тэхнічных дэталяў распавядаць пра будаўніцтва і рэканструкцыю аб’ектаў культуры. То бок стаў гаварыць пра тое, што яму бліжэй і больш зразумела. Так і цяпер на гэтай сустрэчы Лукашэнка больш гаварыў пра палітыку, пра палітзьняволеных, сьмяротнае пакараньне, а ня ўласна пра культуру.

Паводле савецкай традыцыі Лукашэнка разглядае культуру як інструмэнт у руках дзяржавы, каб «выхоўваць» народ у рэчышчы апошніх палітычных установак. Гэта такое вельмі прымітыўнае ўяўленьне аб сацыяльнай ролі мастацтва, якое зводзіцца да «мабілізацыі». Вось у сваім уступным слове ён адзначыў, што дзяржава чакае ад пісьменьнікаў твораў, якія б спрыялі выхаваньню грамадзян сваёй краіны і патрыятызму. Але каб выконваць такую ролю, талент асабліва і не патрэбны, дастаткова добра разумець генэральную лінію. Што пасьпяхова і робяць Мікалай Чаргінец і ягоныя паплечнікі.

Цяжка пакуль упэўнена казаць, што гэтая сустрэча азначае пэўны разварот улады да этнакультурных традыцыяў, да беларускай мовы. Паводле інфармацыі, гэтае мерапрыемства было заплянаванае яшчэ ўвесну. То бок проста прыйшла чарга, але, як звычайна, да культуры ўсё рукі не даходзілі. Усё выцесьніў хакей, потым уборачная, іншыя праблемы.

Здаецца, Лукашэнка ня вельмі верыць, што этнакультурны чыньнік можа стаць уплывовым, абараніць ад расейскай пагрозы. Бо адначасова гэты чыньнік працуе супраць ягонага рэжыму. І справа тут нават ня ў тым, што да беларускасьці апэлююць ягоныя палітычныя праціўнікі. Тут праблема шырэйшая. Справа ў тым, што нацыяналізм кансалідуе соцыюм. А гэта небясьпека для ягонай улады. Бо рэжым трымаецца на атамізацыі, неструктураванасьці, дэмабілізацыі, апатыі і апалітычнасьці насельніцтва. Маўклівае грамадзтва — вось грунт беларускай дыктатуры. І яе кіраўнік нічога ня хоча мяняць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG