Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвастрэньне сытуацыі перад выбарамі — ня толькі ў Данбасе, — Дзьмітры Тымчук


Дзьмітры Тымчук
Дзьмітры Тымчук

Напярэдадні выбараў у Вярхоўную Раду павялічылася колькасьць збройных правакацыяў у Данбасе, не выключаюцца тэрарыстычныя акты і ў іншых рэгіёнах Украіны. Але поўнамаштабнага наступу баевікоў на ўсходзе чакаць цяпер ня варта.

Напярэдадні выбараў у Вярхоўную Раду павялічылася колькасьць збройных правакацыяў у Данбасе, не выключаюцца тэрарыстычныя акты і ў іншых рэгіёнах Украіны. Але поўнамаштабнага наступу баевікоў на ўсходзе чакаць цяпер ня варта.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў каардынатар руху «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук.

— За некалькі дзён да выбараў у Вярхоўную Раду кіраўніцтва сэпаратыстаў абвясьціла пра свае пляны захапіць Марыюпаль, Славянск і Краматорск. Як вы лічыце, ці сапраўды баевікі зьбіраюцца канчаткова разарваць менскія дамоўленасьці і перайсьці ў поўнамаштабны наступ?

— Па-першае, цяжка зразумець сэнс менскіх дамоўленасьцяў, таму гаварыць пра іх выкананьне не выпадае. Фактычна зь першага дня так званага замірэньня мы назіралі актыўныя дзеяньні з боку баевікоў. Яны праводзілі наступальныя дзеяньні, вялі пастаянныя абстрэлы. У нас мінімальная колькасьць абстрэлаў, якія мы фіксавалі на працягу ўсяго гэтага часу з 5 верасьня, складала ўсё роўна больш за 20 абстрэлаў за суткі. Апошнімі днямі мы фіксуем ад 30 да 60 абстрэлаў. У гэтых умовах гаварыць пра нейкае замірэньне даволі праблематычна.

Што тычыцца канкрэтна гэтай заявы, то гэта, хутчэй, чыста псыхалягічны крок. Пры гэтым іх лёгіку зразумець цяжка. Справа ў тым, што на працягу апошняга тыдня сярод мясцовага насельніцтва ўзмоцнена распускаюцца чуткі пра тое, што пасьля выбараў украінскія войскі пяройдуць у наступ, таму трэба рыхтавацца да абароны. Пад гэтым лёзунгам праходзіць так званая мабілізацыя ў ДНР, ідзе гаворка пра тое, каб ставіць амаль усё мужчынскае насельніцтва пад ружжо. Пад гэтай жа маркай праводзіцца мабілізацыя з прадпрыемстваў і ўстановаў аўтатранспарту і іншай маёмасьці. На фоне гэтага цяперашнюю заяву, што гэта не ўкраінскія войскі, а тэрарысты плянуюць наступ, цяжка кваліфікаваць. Я лічу, што гэтая заява накіраваная проста на дэстабілізацыю сытуацыі перад выбарамі. Мы чакаем, што будзе павялічвацца колькасьць збройных правакацыяў з боку тэрарыстаў. І ўвогуле сёньняшняя раніца гэта паказала: на працягу апошніх сутак ідзе павелічэньне колькасьці абстрэлаў.

— А ці трэба чакаць ад баевікоў і расейскіх дывэрсантаў нейкіх тэрарыстычных акцыяў у іншых рэгіёнах Украіны падчас выбараў у Вярхоўную Раду?

— Гэта абсалютна ня выключана. Нашы спэцслужбы фіксуюць узрастаньне пагрозы тэрарыстычных актаў, абясшкоджваюцца розныя дывэрсійныя групы, але мы лічым, што тут трэба не перагнуць палку. Тое, што нашы спэцслужбы працуюць, — гэта выдатна. Але калі ідзе вал паведамленьняў пра абясшкоджваньне дывэрсантаў і тэрарыстаў, сарваныя тэрарыстычныя акты, гэта ў сваю чаргу выклікае паніку. Тут важна не пераступіць рысу і не злоўжываць гэтай тэмай. Але, безумоўна, абвастрэньне сытуацыі ідзе і ў іншых рэгіёнах.

— А ці фіксуецца апошнім часам узмацненьне расейскай вайсковай групоўкі ў Данбасе?

— Паводле нашых дадзеных — так. Ідуць падразьдзяленьні расейскай арміі, перш за ўсё падразьдзяленьні спэцназу і дэсанту. Увогуле гэта фармат, у якім расейцы працавалі яшчэ ў красавіку. То бок яны заводзілі падразьдзяленьні хутчэй не лінейных сваіх брыгадаў, а менавіта спэцназу і дывэрсійна-выведных групаў, задача якіх — правядзеньне дывэрсіяў і дэстабілізацыя сытуацыі. Што тычыцца штатных падразьдзяленьняў і тэхнікі, то мы назіралі, сапраўды, што на працягу замірэньня быў вывад з тэрыторыі Данбасу, але цяпер яны вяртаюцца збольшага ў выглядзе ДВГ.

Падбіты танк T-72, імаверна, расейскага паходжаньня каля Старабешава ва ўсходняй Украіне
Падбіты танк T-72, імаверна, расейскага паходжаньня каля Старабешава ва ўсходняй Украіне

— Згодна з вашымі падлікамі, колькі расейскіх вайскоўцаў сёньня прысутнічае ў Данбасе?

— Мы ацэньваем іх колькасьць прыкладна так: менш за тры тысячы, але больш за дзьве.

— Наколькі прадуктыўна выкарыстала Ўкраіна перадышку, якую далі менскія дамоўленасьці? Ці сталі ўкраінскія Ўзброеныя сілы мацнейшымі? Што наагул зьмянілася з 5 верасьня?

— Тут ёсьць свае плюсы і мінусы. З аднаго боку, рэзка зьнізілася колькасьць 200-х і 300-х — то бок загінулых і параненых. Украінская ўлада, якая дэманструе нацэленасьць на любы мірны дыялёг (хоць ужо зразумела, што ніякага мірнага дыялёгу няма і быць ня можа), паказвае гэта як вялікае дасягненьне замірэньня. Але насамрэч справа ў тым, што мы проста не праводзім наступальных дзеяньняў. У абароне заўсёды страт менш. Хоць гэта ўсё роўна плюс.

За кошт таго, што тэрарысты праводзілі наступальныя дзеяньні ўвесь гэты час, мы страцілі значны кавалак тэрыторыі

З другога боку, зьявілася і магчымасьць вырашыць пытаньне з наладжваньнем забесьпячэньня матэрыяльнымі рэсурсамі. Да ідэалу яшчэ далёка, але карціна паляпшаецца. Зьявілася магчымасьць аднаўляць баяздольнасьць тэхнікі і ўзбраеньня. Нашы абаронныя прадпрыемствы нарэшце ўвайшлі ў больш-менш прымальны рытм працы. І Нацыянальная гвардыя, і Ўзброеныя сілы атрымалі магчымасьць адрамантаваць абаронную, аўтамабільную, гусенічную тэхніку.

Але што тычыцца мінусаў, то за кошт таго, што тэрарысты праводзілі наступальныя дзеяньні ўвесь гэты час, мы страцілі значны кавалак тэрыторыі. Украінская ўлада стараецца гэтую тэму замяць, але нават калі параўнаць афіцыйныя мапы (а такія мапы кожны дзень публікуе інфармацыйна-аналітычны цэнтар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны) паводле стану на 5 верасьня і на сёньняшні дзень, то тэрыторыя, якую кантралююць тэрарысты, значна вырасла. Нас выціснулі з шэрагу населеных пунктаў. Гэта зноў праблема ўкраінскага вайскова-палітычнага і вайсковага кіраўніцтва. Што давяраць тэрарыстам нельга і неабходна рабіць захады па фіксаваньні лініі супрацьстаяньня (груба кажучы, закопвацца ў зямлю і арганізоўваць абарону) — гэта было ясна зь першых гадзін так званага замірэньня. Між тым толькі праз 1,5 месяца пасьля пачатку замірэньня прэзыдэнт заявіў, што мы ствараем тры лініі абароны. Але за гэтыя 1,5 месяца мы нямала страцілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG