Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін хоча гегемоніі над суседзямі — Эдвард Лукас (ВІДЭА)


Эдвард Лукас

Эдвард Лукас

Прэзыдэнт Расеі правярае, наколькі рашуча гатовыя Захад і НАТО абараніць краіны Балтыі, лічыць Эдвард Лукас, рэдактар міжнароднага аддзела брытанскай выдавецкай групы The Economist. Пра гэта ён сказаў у інтэрвію праграме Настоящее время, сумесным праекце Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода і «Голасу Амэрыкі».

— Вы вельмі шмат пішаце і кажаце пра тое, што Расея вядзе рэвізіянісцкую палітыку ў дачыненьні да Эўропы і спрабуе перапісаць правілы, усталяваныя ў Эўропе пасьля Другой сусьветнай вайны. На чым грунтуюцца такія заявы?

— Пуцін хоча зьмяніць гульню. Ён бачыць слабасьць Захаду і хоча скарыстацца з гэтай слабасьці. Таму адна яго мэта — гэта паспрабаваць усталяваць нейкую гегемонію над краінамі пры мяжы з Расеяй, дзе б не адбывалася нічога, пра што Расея ня ведае, і не адбывалася нічога, што Расеі не падабаецца. Па-другое, думаю, ён спрабуе разбурыць здольнасьць ЭЗ вызначаць правілы, у першую чаргу ў энэргетыцы — менавіта гэта ён робіць сваім газаправодам «Паўднёвая плынь», спрабуючы абараніць бізнэс-мадэль «Газпрама» ў Эўропе. І шырэй, я думаю, — ён бачыць слабасьць адносінаў паміж Эўропай і Амэрыкай і грае на іх адрозьненьнях паводле прынцыпу «падзяляй і ўладар». І павінен сказаць, што з усіх гэтых трох пытаньняў, я думаю, ён цяпер выйграе.

— Якую канкрэтна пагрозу Расея ўяўляе для суседніх краінаў, асабліва для краінаў Балтыі?

— Думаю, цяпер мы бачым нейкую такую вайну нэрваў вакол краінаў Балтыі. Думаю, Пуцін лічыць, што Захад на самай справе несур’ёзна ставіцца да праблемаў Балтыі ў рамках НАТО, што НАТО ня мае сапраўдных плянаў абароны Балтыі, ня мае ваенных сілаў у Прыбалтыцы, што працэс прыняцьця рашэньняў у НАТО досыць павольны і саюзу будзе цяжка справіцца з такой гібрыднай вайной, якая была ва Ўкраіне. Думаю, Пуцін лічыць, што варта цяпер падняць трохі напружанасьць у Балтыі і пабачыць, як Захад адрэагуе. І калі адказ будзе рашучы, ён зноў адступіць. Але калі адказ будзе слабы, ён працягне правакацыі.

Прэзыдэнт Абама выступіў, я лічу, зь вельмі моцнай прамовай у Таліне, гэтак жа, як ён перад тым выступіў з моцнай прамовай у Варшаве, і на саміце НАТО ў гэтым годзе прынялі шэраг важных рашэньняў па абароне Балтыі, але ўсё гэта яшчэ на вельмі раньняй стадыі. І я думаю, што ў бліжэйшыя паўтара — тры гады прынамсі яшчэ будуць сумневы адносна здольнасьці абараніць Балтыку, і Пуцін можа скарыстацца гэтым — я думаю, дарэчы, што гэта вельмі небясьпечна. Але я думаю, што Захад на самай справе сур’ёзна ставіцца да абароны Балтыі, і калі Пуцін зойдзе занадта далёка, можа ўзьнікнуць вельмі небясьпечная ваенная канфрантацыя.

— Што канкрэтна заходнія краіны — ЗША, Эўрапейскі зьвяз, НАТО — могуць зрабіць для таго, каб спыніць Пуціна, ужо цяпер?

— Тое, што Захад павінен зрабіць рэальна, — гэта пачаць паляваньне на брудныя расейскія грошы, бо гэта сапраўдны скандал: рэжым Пуціна скраў дзясяткі мільярдаў даляраў у расейскага народа і адмывае іх у заходніх краінах — у Аўстрыі, у Латвіі, на Кіпры, і перш за ўсё ў лёнданскім Сіці. Я думаю, гэта было вельмі магутным зброяй Крамля ў карумпаваньні заходняй сыстэмы. Але мы, калі захочам, можам гэта зьмяніць. Мы павінны шукаць гэтыя грошы, мы мусім замарожваць гэтыя выкрадзеныя сродкі, і мы таксама мусім перасьледаваць юрыстаў, банкіраў і бухгальтараў, якія былі саўдзельнікамі гэтага крадзяжу. Гэта стала б вельмі строгім сыгналам для пуцінскага рэжыму і адначасова сыгналам для расейскага народу, што мы на іх баку, мы супраць тых, хто краў у расейцаў грошы.

XS
SM
MD
LG