Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За каралём Панятоўскім, за Ажэшкай і Пілсудзкім — у Друскенікі


Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага невядомага польскага мастака канца ХVІІІ-пачатку ХІХ стагодзьдзя

Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага невядомага польскага мастака канца ХVІІІ-пачатку ХІХ стагодзьдзя

Друскенікі сёньня, уласна кажучы, горад памяці земляка Чурлёніса, мастака і кампазытара. Ён быў мадэрністам, і яго палотны (пачатак ХХ стагодзьдзя) мясцовым не падабаліся. Аднак сёньня рэпрадукцыі-білборды — на вуліцах. Апошнім разам, якраз былі дні Чурлёніса, сустрэў восеньскім днём у Друскеніках знаёмую гарадзенскую мастачку, яна ўдзельнічала ў пленэры, прысьвечаным вядомаму мастаку.

Партрэты манарха

У доме з бэльвэдэрам над возерам у Друскеніках сёньня выстаўляюцца пяць партрэтаў апошняга караля Рэчы Паспалітай і вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Яму было зусім не да мінэральнай вады, але (як кажуць, пад ціскам дэпутатаў сэйму, якія зьбіраліся ў Горадні) ён сваім рэскрыптам заснаваў у 1794 годзе курорт. І сёлета адзначаюцца 220 гадоў Друскенік. Зрэшты, сам Панятоўскі пабываў на месцы пяць гадоў раней і загадаў вывучыць гаючыя ўласьцівасьці мінэральнай вады. Але пасьля таго становішча Рэчы Паспалітай так пагоршылася, што гаркавай вады бадай не хацелася зусім. З другога боку, у Новым замку ў Горадні засядалі паўстанцы Касьцюшкі, і чаму б каралю ня зьехаць у тыя Друскенікі, не зрабіць у канцы хоць адну яшчэ добрую справу? І вось сёньня жыхары гораду могуць паглядзець, як выглядаў манарх. Нядрэнна было б такую выставу, падумалася мне, паказаць і ў Горадні, дзе была яго рэзыдэнцыя, і дзе няма ніводнага партрэта апошняга караля.

Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага, мастак Юзаф Смуглевіч, ХІХ стагодзьдзе

Партрэт Станіслава Аўгуста Панятоўскага, мастак Юзаф Смуглевіч, ХІХ стагодзьдзе

Дарэчы, «друска» па-літоўску будзе «соль». На друскеніцкую соль я натрапіў у супэрмаркеце: прадавалася са зьніжкай. Прычым дагэтуль у кардонным пакунку савецкіх часоў, зь якіх соль традыцыйна прасыпаецца. Але гэта дробязі, калі ўявіць, што такой падсольвалі нёманскую рыбу, калі Панятоўскі прыяжджаў з Горадні.

«Апошняе каханьне» на водах

Атмасфэру Друскенік любіла Эліза Ажэшка, гарадзенская пісьменьніца. Апынуўшыся пасьля закрытага пансіёну ў сярэдзіне 1850-х у Горадні, яна была ўражаная цікавым вясёлым жыцьцём. Праўда, яе хутка выдалі замуж, і наперадзе чакаў сельскі дом. Праз горад (1862) пракладуць рэйкі чыгункі Варшава-Санкт-Пецярбург. І адразу здарыцца паўстаньне, няўдалае. Трэба жыць далей, ёй 24. Эліза ў маёнтку за сорак кілямэтраў ад Горадні. Яна робіць спробу пяра, піша апавяданьне «Ў галодны год» (1866). Але ўжо наступным будзе «Апошняе каханьне», аповесьць з жыцьця на водах. Вельмі часта крытыкі ня згадваюць яе ўвогуле: там няма галодных, падманутых і пакрыўджаных. Так што і гарадзенцам яна звычайна невядомая.

Што ж ёсьць у аповесьці? Найперш: захапленьне паравозамі, чыгуначным рухам, якому ледзьве споўнілася ў Горадні пяць гадоў. Мы чытаем: «Чыгунка! Якая магнэтычная сіла хаваецца ў гэтых словах! Слова гэтае зачароўвае — у ім зьмест ХІХ стагодзьдзя, напоўненага клопатам аб матэрыяльным дабрабыце і духоўным разьвіцьці чалавецтва. Зьнікаюць адлегласьці, народы, раскіданыя па розных кутах зямлі, зьвязваюцца лучнасьцю ўзаемнага пазнаньня і агульнасьцю інтарэсаў». І гэта напісана шчыра маладой кабетай, якая жыве ў сярэдзіне 1860-х блізка ад Нёмана. Яна захапляецца: дзякуючы чыгунцы можна трапіць куды хочаш! «І для гэтых мэтаў служыць чорная жалезная камэта з тоўстым і доўгім хвастом дыму, які ўецца за ёю шэрымі клубамі, камэта, чыё цела з жалеза, а душа з пары, камэта, якую народ наш адразу ж назваў папросту нячысьцікам...» Ну, вось так: народ паравозам напалоханы, а публіка адукаваная называе яго зь піетэтам «лякаматывам» ды «сілай і дасягненьнем цывілізацыі».

На сьвяце, прысьвечаным Элізе Ажэшцы ў Горадні (2014), ля дома пісьменьніцы. У яе ролі – Вера Матыс

На сьвяце, прысьвечаным Элізе Ажэшцы ў Горадні (2014), ля дома пісьменьніцы. У яе ролі – Вера Матыс

Праўда, мы тут жа даведваемся, што праехаць разам з гераіняй цягніком нам ня ўдасца, і пісьменьніца хоча нам расказаць гісторыю, якая адбылася «за некалькі год да зьяўленьня на берагах Нёману лякаматыва» — у другой палове 1850-х. З Горадні ў Д. прыяжджаюць карэтай Генрык Тарноўскі зь сястрой Рэгінай Ружынскай, каб зьведаць жыцьцё на водах, куды імкнуцца па здароўе і забавы. Мястэчка выглядае даволі непрывабна: небрукаваная вуліца з шэрымі, пераважна нізкімі дамкамі. Рэгіна, якая раней была замужам, знаёміцца з інжынэрам Стэфанам Равіцкім, прысланым чыгуначнай кампаніяй «для рэкагнасцыроўкі мясцовасьці і вызначэньня найбольш зручнага накірунку для пракладкі рэек». Яна ў захапленьні, што ён будзе ўдзельнічаць у такой важнай справе. І хоць Равіцкі напачатку непаважна называе шлюб «магілай каханьня», ён псуе залёты графу Аўгусту, аб якім аўтарка паведамляе, што ён быў «адным з тых людзей, якія, ня гледзячы на шматабяцальнае аблічча, нічога не дасягаюць у жыцьці».

Граф прайграў вялікія грошы, ня мае за душой нічога, апроч тытулу, і вышуквае на водах нявесту з пасагам. Відавочна Ажэшка прыдумала яго, маючы ў галаве прыклад свайго мужа, які вельмі хутка прамантачыў свой маёнтак, а затым узяўся за жончын. Пры канцы курортнае кола асуджае Рэгіну, што сабралася замуж «за рамесьніка, за інжынэра».

Прачытаўшы любоўны раман Ажэшкі, сустракаю прыяцеля з драмтэатру. Распавядаю, што ў мяне думка: скараціць твор, адаптаваць для сцэны, выдатная магчымасьць мець свой спэктакль-візытоўку, твор гарадзенскай пісьменьніцы. Тым больш, яна сама як быццам мела на ўвазе такую магчымасьць, закончыўшы аповесьць як твор для сцэны: «Чалавечае жыцьцё падобнае драме, што сыграная перад шматлікімі гледачамі. Упала заслона, зьніклі за кулісамі акторы, а ў залі яшчэ доўга гучаць воплескі ці сьвіст незадаволеных. Нарэшце гасьне сьвятло, гледачы разыходзяцца, і кожны, паглынуты ўласнай жыцьцёвай драмай, забываецца на ўбачаны спэктакль, і... фініта ля камэдыя».

Але пакуль такой візытоўкі ў тэатра няма.

Дом з бэльвэдэрам на беразе возера ў Друскеніках

Дом з бэльвэдэрам на беразе возера ў Друскеніках

Першы аўтобус

У 1908 годзе з Парэчча ў Друскенікі пусьцілі першы аўтобус. Было зафіксавана, што мясцовыя жыхары, пачуўшы шум на вуліцы, хаваліся ў елках. Ну, хоць стрэс з паравозам іх доўга не датычыў. У Друскеніках расказвалі, што ў жарале паравознай топкі ў Парэччы бачылі чорта. І каб іх не лічылі ненармальнымі, дадавалі дзеля пераканаўчасьці, што быў ён адносна невялікіх памераў, але самы сапраўдны.

Сьмерць каханкі

У юнацтве студэнт мэдыцыны Харкаўскага унівэрсытэту, Юзаф Пілсудзкі, хацеў навучыцца лячыць, «людзі ў белых халатах» яго прыцягвалі. У 1920-х ён стаў рэгулярна наведвацца ў Друскенікі. Безь сям’і. Вядомы аматар жанчын, ён пазнаёміўся з прыгожай доктаркай Яўгеніяй Лявіцкай, маладзейшай на трыццаць год. Пілсудзкі спрыяў разбудове курорта, меў тут свой дом. А ў 1930 ад станцыі Парэчча (Гарадзенскі раён) да Друскенік нарэшце праклалі чыгунку (паўтара дзясятка кілямэтраў), аб якой яшчэ марыла Эліза Ажэшка. У музэі сёньня здымак: перад магутным паравозам сам Пілсудзкі, у шынялі, з афіцэрамі навокал, і подпіс: «Панове, паглядзіце, як тут усё зьмянілася!» Надпіс па-ангельску — напэўна, здымак з замежнай газэты. Побач старая абвестка руху цягнікоў: нарэшце пусьцілі хуткі паміж Друскенікамі і Варшавай! Але на наступны год любоўны раман раптоўна закончыўся. Яўгенію Лявіцкую, якая была ў Пілсудзкага ў Варшаве, знайшлі мёртвай, «са сьлядамі атручэньня». Перад гэтым яны пасьпелі зьезьдзіць на Мадэйру.

Сэрца каханка

Пасьля сьмерці Юзафа Пілсудзкага (1935) ягонае сэрца, як завяшчаў ён сам, адправілі ў Вільню (мозг было вырашана таксама перавезьці туды — для вывучэньня ва ўнівэрсытэт імя Стэфана Баторыя), цягнік ішоў праз Парэчча міма Друскенік — месца апошняга любоўнага раману. Цела Пілсудзкага з Варшавы цягніком паехала ў супрацьлеглым накірунку — у Кракаў.

У складзе БССР

У 1939, калі прыйшла Чырвоная армія, польскія шыльды (а іншых не было) у Друскеніках выкінулі. «Няхай жыве вялікі Сталін!» — залунала над курортам Беластоцкай вобласьці БССР. Але праз год Сталін аддаў горад літоўцам, якія замянілі ўсе назвы і шыльды на свае.

Што да чыгункі, у Друскеніках яе больш няма, рэйкі да мяжы зь Беларусьсю літоўцы разабралі. Праца Пілсудзкага пайшла марна. А памятаю, я сам некалі цягнічком езьдзіў туды з Горадні. Даўно гэта было, час ідзе.

  • 16x9 Image

    Сяргей Астраўцоў

    Нарадзіўся 11 красавіка 1959 г. у Менску. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага пэн-цэнтру, выдаў сем кніг прозы і публіцыстыкі.

XS
SM
MD
LG