Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі смаленскія ды бранскія беларусы захочуць да нас далучыцца, то нічога супраць ня маем» — апытаньне ў Магілёве


Belarus -- Vox populi, microhpone

Belarus -- Vox populi, microhpone

Апытаньне Свабоды: «Аляксандар Лукашэнка нагадаў, што ў свой час многія расейскія землі ўваходзілі ў склад Беларусі. Як бы вы паставіліся, калі б жыхары памежных зь Беларусьсю раёнаў Смаленшчыны ці Браншчыны захацелі далучыцца да Беларусі?». Адказваюць жыхары Магілёва.


Спадар: «Калі яны самі гэтак вырашаць, то гэта іхнае права. Кожны жа чалавек сам вырашае, дзе яму жыць, у якой краіне, дзяржаве. Калі яны бальшынёй вырашаць, што лепей далучыцца да Беларусі, то чаму не?»

Спадарыня: «Забіраць чужыя тэрыторыі, а пагатоў сяброўскай нам дзяржавы — заўжды дужа кепска. Таму як гістарычна склалася — няхай так і будзе. Вайну пачынаць нельга. Людзям трэба жыць спакойна, а не шукаць прычынаў для канфліктаў».

Юнак: «Яны нам патрэбныя. У іх жа ёсьць свае рэсурсы. У іх ёсьць тое, чаго няма ў нас. Смаленск — горад прыгожы. Я там бываў. Дый Бранск таксама прыгожы горад. Для тых жа турыстаў туды зьезьдзіць будзе радасьць. Але ж Лукашэнка разумее, што ён усіх ня можа да сабе далучыць».

Спадарыня сталага веку: «Як я разумею, калі гэтая зямля была беларуская, значыць... Калі гэта маё, значыць, аддай».

Спадар: «Расея гэтага не дазволіць зрабіць. А так — няхай жывуць з намі, калі захочуць. З гісторыі я таксама памятаю, што гэтыя землі былі беларускія».

Малады спадар: «Смаленшчына — дакладна не. Там дужа шмат каўказцаў. Увесь Смаленск у іх. Я там часта бываю, таму я не хачу, каб яны з намі былі».

Юнак: «Калі хочуць далучыцца, то нічога супраць ня маем. Мы народ сяброўскі, і калі людзям патрэбная дапамога, то калі ласка».

Спадар сталага веку: «Я чуў гэтае выказваньне. Гэта толькі створыць варажнечу. Ня трэба нам аднімаць у Расеі гэты кавалак той зямлі».

Спадарыня: «Для мяне гэта добра. Я наагул люблю жыць у вялікай сям’і. Гэта ж было б выдатна. Гэта новыя сілы, новая культура. Яны б нешта новае перадалі нам, а мы ім. Было б цікава».

Спадарыня сталага веку: «А чаму мы павінны быць супраць? Няхай ідуць да нас — да кучы, калі яны хочуць і Расея ня супраць».

Спадар: «Яны ж ужо даўно хочуць. Неяк жа пісалі зь нейкага раёну, каб іх далучылі да Гомельскай вобласьці. Дык прыехала тады Масква ды Бранск. І сказалі тады тым, хто пісаў — вы што? Я ня ведаю, як тут, а там — дык яны б во цяпер бы...».

Юнак: «Мая рэакцыя была б пазытыўная. Калі такая сытуацыя ўзьнікае, то чаму б не пасадзейнічаць і не дапамагчы людзям? Аказаць, так бы мовіць, паслугу тым людзям».

Спадар: «Я ня супраць. Няхай далучаюцца. Чым больш народу, тым лепей».

XS
SM
MD
LG