Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заўтра Вінаградаў зноў пойдзе ў міліцыю «з рэчамі»


Павал Вінаградаў

Павал Вінаградаў

23 кастрычніка з ізалятара на Акрэсьціна вызвалілі актывіста «Зьмены» Паўла Вінаградава, якога беларускія праваабаронцы прапануюць лічыць палітвязьнем за рэкордную колькасьць адміністрацыйных арыштаў.

Сустракаць Паўла Вінаградава ля Акрэсьціна сабраліся сваякі, журналісты і палітычныя актывісты, сярод іх былы кандыдат на прэзыдэнта Ўладзімер Някляеў і лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Для Вінаградава чарговыя 15 сутак адміністрацыйнага арышту заканчваліся без 10 хвілін а 10-й раніцы, але ў прызначаны час з ізалятара яго так і ня выпусьцілі. Затое да сабраных падышоў чалавек у цывільным, які назваўся начальнікам ізалятара. Ён паведаміў, што Вінаградава нібыта вызвалілі яшчэ 2 гадзіны таму, і параіў прысутным разысьціся — маўляў, інакш да іх будуць прынятыя меры як да ўдзельнікаў несанкцыянаванага сходу. Толькі яшчэ праз гадзіну Павал Вінаградаў знайшоўся каля будынку Маскоўскага РУУС, адкуль яго вывезьлі на міліцэйскім аўтамабілі пад аховай.

Журналістам Павал Вінаградаў распавёў пра ўмовы, у якіх гэтым разам давялося адбываць адміністрацыйны арышт. Яго зьмясьцілі ў камэру разам зь людзьмі, якія ўжываюць шмат алькаголю і вядуць антысацыяльны лад жыцьця. «Пасьля гэтай адседкі маёй адзежы, відаць, спатрэбіцца дэзынфэкцыя», — пажартаваў Вінаградаў.

Напярэдадні вызваленьня Павал Вінаградаў даведаўся, што адзначацца пад прэвэнтыўным наглядам мусіць цяпер у іншы час.

«Сёньня мне далі падпісаць паперу, што зьмяніліся правілы, паводле якіх я мушу адзначацца ў РУУС. Калі раней для гэтага мне прызначылі чацьвер з 9 раніцы да 6 вечара, дык ад сёньня я магу гэта рабіць толькі па пятніцах і толькі з 9 раніцы да 10 раніцы. Чаму гэтак, ня ведаю. Магчыма, зноў хочуць мяне закрыць. Таму заўтра пайду адзначацца, узяўшы з сабою рэчы».

Павал Вінаградаў не выключае, што на яго складуць патрэбную колькасьць пратаколаў нібыта за ўжываньне алькаголю і адправяць у ЛТП на прымусовае лячэньне ад алькагалізму. Актывіст ня мае намеру з гэтым пагаджацца. «Мы з адвакатам абскардзілі падобныя пратаколы і будзем абскарджваць тыя, якія зьявяцца», — сказаў Павал Вінаградаў.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на мінулым тыдні абвясьціў кампанію салідарнасьці з Паўлам Вінаградавым і прапанаваў далучыць яго да сьпісу палітвязьняў. Гэтую ідэю вылучыў і форум былых палітвязьняў, які нядаўна прайшоў у Менску. Якімі дакумэнтамі кіруюцца праваабаронцы?

Наста Лойка зь «Вясны» распавяла карэспандэнту Свабоды:

Наста Лойка

Наста Лойка

«Паводле новых прынцыпаў прызнаньня палітвязьняў, якія былі прынятыя на міжнародным узроўні і ўхваленыя беларускімі праваабаронцамі, прадугледжана, што калі па пэўных крытэрах чалавек з палітычных прычын апынаецца пад вартай, ня мае значэньня на які тэрмін, то яго варта разглядаць як палітычнага вязьня. Вось на гэты пэрыяд. Таму пакуль Павал адбывае чарговы адміністрацыйны арышт, ён безумоўна павінен лічыцца палітвязьнем. А Павал сапраўды стаў у Беларусі такім сымбалем чалавека, якога зноў і зноў затрымліваюць з прыдуманых прычын. Спадзяёмся, што наша кампанія „Свабоду Вінаградаву!“ усё ж станоўча паўплывае на ягоную сытуацыю».

За два гады Павал Вінаградаў агулам адбыў больш за 200 сутак адміністрацыйных арыштаў нібыта за непадпарадкаваньне міліцыі, знаходжаньне ў нецьвярозым стане ў грамадзкім месцы ці нецэнзурную лаянку. Віны ў гэтых правапарушэньнях Вінаградаў не прызнаваў, кажучы, што пратаколы затрыманьня міліцыя сфабрыкавала.

XS
SM
MD
LG