Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Некалі гэты гарадзкі парк культуры і адпачынку насіў імя М. І. Калініна. Цяпер гэта парк імя Т. Г. Шаўчэнкі. Горад так і застаўся «Чернівцями», хоць у дужках у яго біяграфіі пералічаныя яшчэ некалькі імёнаў Чарнаўцоў на розных мовах. Я добра памятаю гэты парк. Мне было гадоў дзесяць або адзінаццаць, калі ў Чарнаўцы прыяжджаў джаз-аркестар пад кіраўніцтвам Малагамбы. Гэта быў румынскі аркестар. У Маскве ўжо апладзіравалі Вэну Клайбэрну, Іву Мантану, пэруанцы Іме Сумак, а ў Чарнаўцах музыку ўсяго замежжа прадстаўляў Малагамба. У Румыніі ён лічыўся найлепшым ударнікам Бухарэсту ўсіх часоў, а ў нас ён быў найлепшым ударнікам сьвету. Разам з хлапцамі майго двара я прыходзіў у парк, каб з-за высокага плота паслухаць заморскія рытмы. Шчылінаў у плоце не было, і мы станавіліся адзін аднаму на плечы, выцягвалі шыі і так хаця б хвіліну паглыналі вачмі і вушамі неўтаймоўнага Малагамбу. У залю нас не пускалі: да 16-ці гадоў нам яшчэ заставалася цэлая вечнасьць.

Я ўспомніў пра гэтыя канцэрты ў пачатку верасьня 2011 году на паэтычным фэстывалі ў Чарнаўцах. Мяне папрасілі сказаць некалькі словаў паэтам з розных краінаў у гатэлі, разьмешчаным насупраць гарадзкога парку, і я падзяліўся зь імі дзіцячымі ўспамінамі. Пасьля да мяне падышоў румынскі паэт і сказаў, што ягоны бацька таксама быў «малагамбістам». На працягу тыдня ў горадзе гучалі вершы на паўтузіне моваў і нават дыялектах гэтых моваў: па-гуцульску, нямецка-швэйцарску, нямецка-аўстрыйску. Але я зноў і зноў успамінаў пра Малагамбу. Тады, у канцы пяцідзясятых, ня толькі дзеці, але і ўсе савецкія людзі былі «да 16 гадоў». Іх не пускалі, не падпускалі, не выпускалі. Да перабудовы яшчэ заставалася цэлая вечнасьць. Уся нацыя выцягвала шыю, каб хоць краем вока пабачыць, што ж адбываецца за жалезнай заслонай. Часам удавалася ня толькі пабачыць, але й нешта пачуць. Джаз быў для мяне тым самым, што для дзяцей зь недаборам кальцыю — крэйда. Ён быў гулкім рэхам свабоды. Быў і застаўся. Ужо ў Празе ў ХХІ стагодзьдзі я напісаў пра яго верш:

Яе можна назваць
«уцёкамі з рабства».
Уначы раб крадзецца з загону,
Мімаходзь лашчыць сабак.
Паднімаецца да ручая
І бяжыць як духу хапае
супраць вады.
Бяжыць важка і засяроджана.
Яму ўсьлед шыпяць грымучыя зьмеі
І аблізваюцца п’яўкі.
Ён рве на Поўнач, да мяжы штату Тэнэсі.
Спаць будзе ўдзень,
А ўначы зноў ірваць на Поўнач.
Пра што гэта я?
А, ну так,
Пра джазавую імправізацыю.

Пераклаў Сяргей Шупа
XS
SM
MD
LG