Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску адкрываецца выстава да 500-годзьдзя Аршанскай бітвы


Сёньня ў менскім Палацы мастацтваў адкрываецца мастацкая выстава сэкцыі «Пагоня» Беларускага саюзу мастакоў «АРТ-ВОРША-РУБОН!», прысьвечаная 500-годзьдзю бітвы пад Воршай.

З гэтай нагоды Радыё Свабода пагутарыла зь сябрам Беларускага саюзу мастакоў, намесьнікам старшыні Грамадзкага аргкамітэту сьвяткаваньня 500-годзьдзя бітвы пад Воршай Міколам Купавам.

Паводле слоў Міколы Купавы, мастакі заўсёды адзначаюць памятныя гістарычныя даты, і зразумела, што прамінуць юбілей Аршанскай бітвы было проста немагчыма.

«Сёлета ў нас незвычайны год: 500 гадоў — гэта надзвычай унікальная дата. І апрача выставы шмат што рабілася. А выстава, мы так мяркуем, гэта адно з самых найважнейшых мерапрыемстваў, паколькі тут у нас няма ніякіх камандзіраў, няма забаронцаў. Гэта наша тэрыторыя, наш палац і наша выстава (Палац мастацтваў — уласнасьць Саюзу мастакоў. — РС). Зразумела, выстава прымаецца Радай, гэта вышэйшы орган Саюзу мастакоў, і ўсякае можа быць, але цяперашні склад Рады ня мог бы адмоўна паўплываць на такое рашэньне», — кажа Купава.

Паколькі раней Палац мастацтваў здаваўся ў арэнду, правесьці выставу ў верасьні было немагчыма. Але, паводле Купавы, гэта нават і лепш. Па-першае, гэта дало магчымасьць больш сур’ёзна падрыхтавацца, а па-другое, гэта дазваляе расьцягнуць сьвяткаваньне юбілею.

«Наша выстава будзе дастаткова багатая. На ёй мастакі прадстаўляюць жывапіс, скульптуру, графіку, акварэль, мэдальернае мастацтва, плякат. Я цяпер не магу сказаць, колькі твораў, але вельмі шмат. Я думаю, гледачы натоляць сваю культуралягічную і мастацкую прагу і будуць задаволеныя гэтай выставай», — адзначае Купава.

Паводле ягоных слоў, праца над тэмай Аршанскай бітвы — вельмі складаны працэс і патрабуе сур’ёзнага вывучэньня гістарычнага матэрыялу.

«Тыя, хто мае вельмі слабае ўяўленьне пра тыя падзеі, нічога і ня робяць,— баяцца, ня ведаюць, як падступіцца. А людзі сур’ёзныя — яны вывучаюць гэтую тэму. Гэта доўгі працэс, і гэта захапляючы працэс.

Бясспрэчна, гэтым юбілеем не завершыцца гэтая тэма, таму што кожнае пакаленьне, кожны мастак, ён для сябе адкрывае гэтую тэму. На выставе няма некаторых твораў вельмі важных і знакавых для нас (народных мастакоў Вашчанкі, Кашкурэвіча, Гумілеўскага), таму што некаторыя творы ўжо ў экспазыцыі Мастацкага музэю, Гістарычнага музэю, і іх адтуль цяжка забраць на такую выставу. Але інтрыга нашай выставы — гэта якраз удзел маладых мастакоў, якія павінны нешта новае, сьвежае сказаць», — падкрэсьлівае Купава.

Наагул Мікола Купава лічыць, што грамадзкасьці ўдалося годна адсьвяткаваць 500-годзьдзе бітвы пад Воршай.

«Атрымалася, таму што мы, нягледзячы на ўсякія перашкоды, адсьвяткавалі на Аршанскім полі і вельмі-вельмі ўдала. І гэта нягледзячы на тое, што народу было няшмат. Бюракратыі зусім не было — гэта ня іх сьвята, а многія дэмакраты паверылі, што невядома што там будзе, і на ўсякі выпадак не паехалі. Але гэта было проста незабыўна. Было выдатнае надвор’е, і народ быў творчы, падрыхтаваны, сьпявалі, хадзілі па тых горках, дзе Астроскі на кані стаяў, і бачылі новыя помнікі, якія нашы сьвятары асьвяцілі — там на магутных камянях зьявіліся вобразы Астроскага, Сапегі, Радзівіла (сёлета на Крапівенскім полі паставілі новыя памятныя камяні, на якіх зьмясьцілі барэльефы з партрэтамі Канстанціна Астроскага, Юрыя Радзівіла, Івана Сапегі. — РС). А цяпер, калі мы будзем адкрываць гэтую выставу, на культурным полі гэта будзе таксама вялікая падзея, і я думаю, што варта там быць і варта ўсё гэта бачыць», — кажа мастак.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG