Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ўзгадаў Караткевіча і Быкава


Лукашэнка

Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка сустракаецца зь беларускімі пісьменьнікамі, у тым ліку і зь незалежнымі. У ліку запрошаных — Андрэй Хадановіч, Барыс Пятровіч.

«У чым прычына таго, што за мінулыя 20–30 гадоў так і не зьявіліся сучасныя „Вайна і мір“, „Паднятая цаліна“? Гэта што, адсутнасьць талентаў? Ці аб’ектыўныя ўмовы жыцьця, калі кніга перастае быць галоўнай крыніцай інфармацыі?» — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Лукашэнка лічыць, што ня варта зьвязваць перамены ў чытацкай сьвядомасьці толькі з тэхналягічнай рэвалюцыяй. На яго думку, напружаны рытм жыцьця зрабіў стаўленьне да літаратуры прагматычным.

«Наш сучасьнік выбірае кнігі, якія ўражваюць яго тэмай, героямі альбо становяцца лекамі ад нуды. Сур’ёзная літаратура ператвараецца ў чытво для інтэлектуалаў», — адзначыў ён.

Узгадаў Лукашэнка і клясыкаў беларускай літаратуры:

«У жыцьці нашага народа літаратура заўсёды была сродкам пазнаньня сьвету і выхаваньня асобы. Нездарма паэзія і проза Купалы і Коласа, Багдановіча і Мележа, Караткевіча і Быкава зьяўляюцца крыніцай нацыянальнага гонару многіх пакаленьняў беларусаў».

«Чаму найвышэйшая плянка, паднятая нашымі вялікімі пісьменьнікамі, не адпавядае сучаснаму стану літаратурнага працэсу?» — зьвярнуўся ён да прысутных.

«Можа, масьцітым пісьменьнікам перашкаджае інэрцыя мысьленьня, а маладому пакаленьню не хапае жыцьцёвай мудрасьці, досьведу? Ці проста зьмяніўся час, і наша літаратура разьвіваецца ў рэчышчы агульнасусьветных тэндэнцыяў, страціўшы традыцыі нацыянальнай пісьменьніцкай школы?» — запытаў Аляксандар Лукашэнка.

Ён таксама зьвярнуў увагу на тое, што літаратура заўсёды падсілкоўвала ідэямі і сюжэтамі іншыя віды мастацтва, і пацікавіўся, як разьвіваецца гэтая творчая садружнасьць сёньня. «Ці справядлівыя прэтэнзіі пісьменьнікаў з нагоды таго, што сучасныя кампазытары і рэжысэры адвярнуліся ад нацыянальнай літаратуры? Ці прычынай спаду цікавасьці зьяўляецца недахоп годных кніг?» — пацікавіўся Лукашэнка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG