Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юры Зісер: Беларуская мова — гэта нацыянальная бясьпека


Юры Зісер. Фота: Ягор Маёрчык
Юры Зісер. Фота: Ягор Маёрчык

У галерэі офіса Tut.by, што ў доме 57 на праспэкце Дзяржынскага ў Менску, неўзабаве адкрыюцца новыя курсы беларускай мовы.

На пляцоўцы Tut.by абяцаюць зрабіць новыя непалітызаваныя курсы беларускай мовы.

У галерэі офіса Tut.by, што ў доме 57 на праспэкце Дзяржынскага ў Менску, неўзабаве адкрыюцца новыя курсы беларускай мовы.

Назва праекту і дэталі пакуль яшчэ ў стадыі распрацоўкі, але вядома, што Кацярына Кібальчыч ня мае дачыненьня да арганізацыі курсаў — гэта асобны праект Tut.by, і выкладчыкамі будуць самі супрацоўнікі рэдакцыі.

Як паведаміў Свабодзе заснавальнік і саўладальнік інтэрнэт-рэсурса Tut.by Юры Зісер, інтэрнэт-партал ня мае нястачы ў супрацоўніках, гатовых выкладаць беларускую мову.

— Спадар Юры, на якой стадыі распрацоўка моўных курсаў?

— Пакуль мы толькі прынцыпова вырашылі гэта зрабіць. Даручана рэдактару партала Алёне Шарамет-Андрэевай распрацаваць канцэпцыю гэтых курсаў. Трэба дачакацца, калі яна гэта зробіць, і тады можна будзе больш сказаць пра тое, у якім фармаце яны будуць праходзіць.

— Вы прынялі такое рашэньне таму, што адчуваеце попыт з боку аўдыторыі Tut.by, ці таму, што вырашылі не адставаць ад моды на адкрыцьцё курсаў беларускай мовы?

— І тое, і другое. Безумоўна, калі Tut.by карыстаюцца два мільёны беларусаў, то сярод іх ёсьць багата прыхільнікаў беларускай мовы. І, зь іншага боку, сапраўды, беларуская мова — гэта трэнд, гэта мода, і, між іншым, гэта нацыянальная бясьпека.

— Акурат на пляцоўцы tut.by публічна закрыўся папулярны моўны праект «Мова ці кава». Можа, у вашай каманды ёсьць жаданьне нейкім чынам рэабілітавацца ў вачах грамадзкасьці, бо поўнафарматных заняткаў у вашым офісе так і не адбылося?

— Не, гэта супала выпадкова. Калі вясной перад курсамі «Мова ці кава» навісла пагроза страты памяшканьня, узьніклі праблемы зь іх сталай пляцоўкай «Цэх», іх арганізатары зьвярнуліся да мяне, каб праводзіць у нас заняткі. Тады я патлумачыў, што ў нас у старым офісе няма месца для гэтага, але з восені будзе новы офіс, і тады месца знойдзецца, і мы гатовыя прытуліць гэтыя курсы. Зразумела, пра тое, што зараз здарылася, мы ня ведалі. Але калі за дзень да курсаў стала зразумелая ўся гэтая сытуацыя са скандалам, я ўсё роўна цьвёрда вырашыў не забіраць сваё слова назад. Памяшканьне «Мове ці каве» было прадстаўленае, курсы не адбыліся ня з нашай віны, а праз канфлікт сярод арганізатараў. Увогуле я лічу, што калі ёсьць патрэба ў грамадзтве ў такіх курсах, значыць, яны павінны быць. Будучы нэўтральнай пляцоўкай, мы зробім так, каб не палітызаваць тэму беларускай мовы, каб такое, як здарылася з «Мовай ці кавай», у нас не паўтарылася.

Курсы «Мова ці кава», архіў
Курсы «Мова ці кава», архіў

— Такім чынам, Кацярына Кібальчыч ня будзе мець дачыненьня да курсаў Tut.by?

— Не. У нас усё сваё. Я ня ведаю, што зробіць Алёна, але, безумоўна, гэта будзе нешта сваё. Хоць мы будзем прыцягваць выкладчыкаў-фрылансэраў. Таксама, відаць, нехта з супрацоўнікаў Tut.by таксама будзе выкладаць.

— Ці ёсьць у вас супрацоўнікі, якія валодаюць беларускай мовай дастаткова, каб выкладаць на курсах?

— Так.

— Ці будзеце запрашаць зорак і ВІП-асобаў, як гэта рабілася на «Мове ці каве» і робіцца на «Мове нанова»?

— Гэта будзе залежаць ад той канцэпцыі, якую Алёна прыдумае. Можа, мы ня будзем капіраваць папярэднікаў. Можа, гэтая канкурэнцыя і не патрэбная, а трэба агульнымі высілкамі падымаць гэтую справу. Пра якую канкурэнцыю цяпер можа весьціся гутарка? Канкурэнцыя можа быць за рэсурс, за грошы. А тут якая канкурэнцыя? Чым будзе больш такіх курсаў, тым лепш. Вы ж бачыце, попыт велізарны — зьбіраецца па 100–200 чалавек. Можа, у нас будуць ВІПы, а можа, і супрацоўнікі розных рэдакцыяў СМІ. Можа, гэта будзе мэдыйная пляцоўка, дзе сёньня выкладаць будзе журналіст з аднаго СМІ, а заўтра — зь іншага. Можа, і так зробім.

— Курсы будуць бясплатныя?

— Вядома.

— А адкуль курсы будуць фінансавацца? Tut.by будзе аплочваць выдаткі?

— Так. Мы ўсё роўна плоцім за арэнду офіса, нам памяшканьне галерэі патрэбнае ў любым разе.

— У інтэрнэце ўжо прапануюць назву гэтаму праекту — мова. тут. Што скажаце?

— Гэтая назва напрошваецца. Паглядзім. Ня хочацца нейкіх шаблёнаў, але, можа, і так будзе. Калі падрыхтуем канцэпцыю, мы пра яе абавязкова раскажам, і ўсе дэталі стануць вядомыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG