Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Тэракт у Атаве


Канадыйскія паліцыянты каля будынка парлямэнту краіны, у якім была адкрытая страляніна

Канадыйскія паліцыянты каля будынка парлямэнту краіны, у якім была адкрытая страляніна

У выніку страляніны ў цэнтры канадзкай сталіцы забіты вайсковец. Улады лічаць тое, што адбылося, тэрактам

У Атаве ў сераду ў выніку страляніны, якую адкрыў зь вінтоўкі 32-гадовы ўраджэнец краіны, які прыняў іслам, забіты вартавы Нацыянальнага ваеннага мэмарыяла. Больш за 30 стрэлаў прагучалі ў будынку парлямэнта краіны, дзе ў гэты момант праводзіць нараду прэм’ер-міністар Канады Стывен Харпэр. Агнём у адказ стралок быў забіты. Паліцыя не пацьвярджае і не абвяргае інфармацыю пра тое, што стралкоў было два.

Напад, які можа зьмяніць шмат у падыходзе Канады да барацьбы з тэрарызмам, — такая рэакцыя назіральнікаў на страляніну ў цэнтры канадзкай сталіцы ў сераду. Паводле дадзеных паліцыі, 32-гадовы грамадзянін Канады, узброены вінтоўкай, спачатку застрэліў вартавога ля Нацыянальнага ваеннага мэмарыяла, а потым адкрыў страляніну ў будынку парлямэнта. Да вечара серады дэталі таго, што адбылося дванаццацьцю гадзінамі раней, усё яшчэ не былі вядомыя. Паводле афіцыйных дадзеных прадстаўнікоў канадзкай паліцыі, каля дзесяці раніцы Майкл Зеаф-Бібо, ураджэнец Канады, які прыняў некалькі гадоў таму іслам, застрэліў вартавога ля Нацыянальнага ваеннага мэмарыяла, а потым накіраваўся да парлямэнта, які знаходзіцца ў адным квартале ад мэмарыяла, увайшоў у яго і адкрыў страляніну ў калідоры будынка. У перастрэлцы з аховай ён быў забіты. Два чалавекі атрымалі лёгкія раненьні. Парлямэнцкі комплекс і прылеглыя кварталы былі зачыненыя для перамяшчэньня людзей. Многія з служачых былі вымушаныя заставацца ў сваіх памяшканьнях на працягу пяці гадзінаў пакуль паліцыя спрабавала пераканацца, што нападнік дзейнічаў адзін. Цэнтар гораду быў разблякаваны толькі позна ўвечары.

Прадстаўнікі паліцыі пакінулі, па сутнасьці, без адказу шэраг пытаньняў пра тое, ці дзейнічаў падазраваны адзін, якой зброяй ён карыстаўся — вінтоўкай або драбавіком, як яму ўдалося пракрасьціся ў будынак, які добра ахоўваецца, і дабрацца, мяркуючы па ўсім, да дзьвярэй памяшканьняў, дзе ў той момант павінны былі пачынацца нарады прадстаўнікоў парлямэнцкіх фракцыяў. Паводле словаў відавочцаў, якія знаходзіліся ў сьценах парлямэнта, яны спачатку не ўсьвядомілі, што адбываецца. Па словах канадзкага парлямэнтара Джона Маккея, ён прыняў тое, што адбываецца, за будаўнічыя працы і не сьпяшаўся пакідаць свой кабінэт:

— Я пачуў воплескі, мая першая рэакцыя была: вядуцца будаўнічыя працы. Я працягваў працаваць. Але потым падасьпелі ахоўнікі і праводзілі нас да запаснога выхаду. У такой сытуацыі не задумваесься, а робіш, што табе паказваюць. Шчыра кажучы, толькі потым, апынуўшыся па-за межамі будынка, усьвядоміўшы, што адбываецца, убачыўшы дзеяньні паліцыі, хуткай дапамогі, пачынаеш задумвацца, што гэта падзея азначае ў кароткатэрміновай і доўгатэрміновай пэрспэктыве. Яна, на мой погляд, зьмяняе вельмі многае. Без сумневу, і ўрад і апазыцыйныя партыі будуць адчуваць неабходнасьць нешта зрабіць для таго, каб засьцерагчы нас.

Пра матывы дзеяньняў чалавека, які нападаў, пакуль нічога не гаворыцца. Паводле дадзеных канадзкай і амэрыканскай прэсы, падазраваны знаходзіўся пад увагай у спэцслужбаў і ў яго быў нават канфіскаваны пашпарт паводле падазрэньня ў тым, што ён зьбіраўся далучыцца да радыкальных ісламскіх баявікоў. Прэм’ер-міністар Канады Стывен Харпэр, які зьвярнуўся з тэлезваротам да краіны з сакрэтнага памяшканьня, куды ён быў экстранага эвакуяваны, назваў гэтую атаку тэрарыстычным нападам:

— Падзеі апошняга тыдня зьяўляюцца ясным напамінам пра тое, што Канада не валодае імунітэтам да тэрарыстычных нападаў, што адбываюцца па ўсім сьвеце. Ніхто не павінен памыляцца. Нас немагчыма запалохаць, Канада ня будзе запалоханая. Гэтыя падзеі ўмацуюць нашу рашучасьць і прымусяць нас падвоіць намаганьні з тым, каб выявіць пагрозу, якая насьпявае, і забясьпечыць бясьпеку Канады.

Атака ў сераду была другім за апошнія дні актам тэрору ў Канадзе. У панядзелак яшчэ адзін канадзец, які перайшоў нядаўна ў іслам, зьдзейсьніў напад на двух жаўнераў, адзін зь якіх пазьней памёр. Ён зьбіў іх сваёй машынай і быў застрэлены пасьля паліцэйскай пагоні. Гэты і ўчорашні інцыдэнты выклікалі асаблівую трывогу ў Злучаных Штатах, якія даўно асьцерагаюцца таго, што Канада можа стаць крыніцай тэрарыстычнай пагрозы. Кансэрватыўныя амэрыканскія экспэрты ня раз казалі пра тое, што лібэральная іміграцыйная палітыка Канады прыводзіць да таго, што прытулак там знаходзяць людзі, якія б не былі дапушчаныя ў Злучаныя Штаты.

У сераду ў камэнтары Бі-Бі-Сі канадзкі спэцыяліст па пытаньнях барацьбы з тэрарызмам Том Куігін зьвярнуў увагу яшчэ на адзін аспэкт праблемы: талерантнае стаўленьне Канады да групаў, якія прапагандуюць радыкальны экстрэмізм. «Канада, — піша ён, — стала домам для экстрэмістаў, якія прапаведуюць радыкальныя погляды. Яны ствараюць палітычную прастору, у рамках якой прапаганда гвалту і дома, і за мяжой становіцца прымальнай. Канада, шмат у чым, як Вялікабрытанія і іншыя эўрапейскія краіны, адкрыла шлях плыні экстрэмістаў, іх грашам, іх ідэалёгіі на сваю тэрыторыю. З пачатку васьмідзесятых гадоў яны пад шыльдамі розных арганізацыяў і дабрачынных групаў працуюць над ажыцьцяўленьнем сваіх задачаў». Том Куігін прыводзіць дадзеныя аб тым, што канадзкія спэцслужбы расьсьледуюць 63 справы, зьвязаныя з тэрарызмам, па якіх праходзяць 90 канадзкіх грамадзянаў.

Будынак парлямэнту

Будынак парлямэнту

Газэта USA Today выказвае здагадку аб тым, што атака ў Атаве магла быць рэакцыяй на ўдзел Канады ў апэрацыі супраць групоўкі «Ісламская дзяржава» і задаецца пытаньнем, ці зьяўляецца гэтая акцыя прыкметай нарастаючай пагрозы тэрарызму, узгадаванага на айчыннай глебе. Прэзыдэнт ЗША Барак Абама, які гаварыў па тэлефоне з прэм’ер-міністрам Канады неўзабаве пасьля гэтага інцыдэнту, заявіў, што ЗША ўзрушаныя тым, што здарылася; што тое, што адбылося, сьведчыць пра неабходнасьць шчыльнай каардынацыі ў антытэрарыстычнай дзейнасьці.

XS
SM
MD
LG