Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне сабралі 3 мільёны подпісаў за далучэньне да НАТО


Партыя Юліі Цімашэнкі «Бацькаўшчына» сабрала больш за 3 мільёны подпісаў за рэфэрэндум па далучэньні Ўкраіны да НАТО і патрабуе ад прэзыдэнта Пятра Парашэнкі яго правядзеньня.

Актывісты партыя «Бацькаўшчына» прынесьлі да адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны скрынкі з больш за 3 мільёнамі подпісаў за правядзеньне рэфэрэндуму аб уступленьні Украіны ў сыстэму калектыўнай бясьпекі і абароны НАТО, паведаміў сайт партыі.

Актывісты моладзевага крыла «Бацькаўшчыны» з дапамогай скрынак выклалі на плошчы перад будынкам адміністрацыі надпіс «НАТО — гэта мір».

Юлія Цімашэнка
Юлія Цімашэнка

«Наша каманда сабрала 3 300 000 931 подпіс украінцаў за тое, каб разам з парлямэнцкімі выбарамі правесьці рэфэрэндум па ўступленьні Ўкраіны ў НАТО. Так прадугледжана Канстытуцыяй Украіны, і цяпер слова за прэзыдэнтам», — падкрэсьліла лідэр партыі Юлія Цімашэнка. На яе думку, калі Ўкраіна адмовілася ад ядзернай зброі, была дапушчаная стратэгічная памылка, паколькі краіна не дамаглася сяброўства ў калектыўнай сыстэме бясьпекі і абароны НАТО: «За гэтую памылку сёньня ўкраінскі народ плаціць вельмі вялікую цану жыцьцём і здароўем сваіх грамадзян. Цяпер прыйшоў час неадкладна гэтую памылку выправіць для таго, каб захаваць стратэгічны мір, каб раз і назаўсёды выключыць любую ваенную агрэсію супраць сябе», — падкрэсьліла Юлія Цімашэнка.

Лідэр «Бацькаўшчыны» лічыць, што працэс уступленьня ў НАТО можна пачаць з правядзеньня ўсеўкраінскага рэфэрэндуму.

Юліі Цімашэнка зазначыла, што паводле апошніх апытаньняў, на рэфэрэндуме за ўступленьне Ўкраіны ў НАТО гатовыя прагаласаваць 64% украінцаў. «Гэта азначае, што Украіна сёньня разумее — іншага шляху для вяртаньня міру не існуе», — падкрэсьліла яна. Цімашэнка запэўніла, што валодае ўсімі аргумэнтамі, каб пераканаць прэзыдэнта неадкладна пачаць працэс правядзеньня ўсеўкраінскага рэфэрэндуму за ўступленьне ў НАТО.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG