Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея забараніла імпарт садавіны-гародніны з Украіны. Беларуская прадукцыя — пад часовай забаронай


Афіцыйная прычына забароны паставак украінскай садавіны і гародніны — Рассельгаснагляд не атрымаў адказу на свае запыты ад Дзяржвэтфітаслужбы Ўкраіны.

15 кастрычніка Рассельгаснагляд зьвярнуўся да Дзяржвэтфітаслужбы Ўкраіны з просьбай да 21 кастрычніка падаць інфармацыю пра аб’ёмы вырашчанай сёлета ва Ўкраіне прадукцыі і плошчы, занятыя пад канкрэтныя культуры ў кожнай з абласьцей, а таксама даць «пераканаўчыя гарантыі ўкраінскага паходжаньня расьліннай прадукцыі, якая пастаўляецца Ўкраінай у Расею». Таксама ў расейскім наглядным ведамстве адзначылі, што прымаюць пад увагу ўвесь комплекс пагроз і рызык, зьвязаных з такой сытуацыяй.

Акрамя таго, Рассельгаснагляд запатрабаваў маркіраваць ўпакоўку і суправаджаць кожную партыю расьліннай прадукцыі сэртыфікатамі паходжаньня.

Раней Рассельгаснагляд выказваў занепакоенасьць, што пад выглядам прадукцыі з Украіны ў Расею трапляюць санкцыйныя яблыкі і памідоры з Эўразьвязу. Таксама ў ведамстве зьвяртаюць увагу на тое, што «ў расьліннай прадукцыі, якая паступае з Украіны, выяўляюцца каранцінныя для Расеі аб’екты, у прыватнасьці, яблыневая пладажэрка і каліфарнійскі ТРІПС».

У 2013 годзе, паводле інфармацыі Фэдэральнай мытнай службы, з Украіны ў Расею было завезена гародніны на 84,7 мільёна даляраў, і гародніны на 23,3 мільёна даляраў. У агульных аб’ёмах расейскага садавінна-гародніннага імпарту, які летась склаў амаль 9,3 мільярда даляраў, гэта няшмат.

Асноўнымі культурамі зьяўляліся таматы, гуркі, цыбуля, капуста, морква, рэпа, вішня, чарэшня, яблыкі, грэцкія арэхі, сухафрукты.

З 20 кастрычніка Рассельгаснагляд увёў часовую забарону на пастаўку садавіны і гародніны зь Беларусі. Маўляў, апошнім часам павялічылася колькасьць ўвозу ў краіну «непэрсанаванай» падкаранціннай прадукцыі празь беларускую мяжу. За два месяцы было выяўлена 82 выпадкі ўвозу зь Беларусі ў Расейскую Фэдэрацыю непрамаркіраванай садавіны і гародніны. Акрамя таго, увоз прадукцыі транзытам зь Беларусі праз расейскую тэрыторыю ў Казахстан, дазваляецца праз пэўныя пункты пропуску, якія пазначаныя ў суправаджальным фітасанітарным сэртыфікаце.

Да гэтага ў Беларусі ніякіх забаронаў на пастаўку садавіны-гародніны з Украіны ніколі не было. На Камароўцы ўвосень прадаецца процьма сэзоннай прадукцыі — херсонскіх памідораў, кавуноў, перцу, сьліваў, яблык, арэхаў.

Хроніка расейскай харчовай вайны супраць Украіны

Расея пачала ўводзіць санкцыі супраць украінскіх тавараў летам. Першым 28 ліпеня ў сьпіс забароненай прадукцыі трапіла малако — у ім расейскія адмыслоўцы быццам бы знайшлі антыбіётык тэтрацыклінавай групы.

У той жа дзень, 28 ліпеня, Рассельгаснагляд забараніў увоз агароднінных і рыбных кансэрваў з Украіны.

31 ліпеня пад забарону трапілі ўкраінскія сокі, соя і кукурузныя крупы ўсё з той жа прычыны — з-за парушэньняў расейскіх фітасанітарных патрабаваньняў.

7 жніўня, калі ў адказ на заходнія санкцыі Расея ўвяла эмбарга на ўвоз шэрагу прадуктаў з Эўропы, ЗША, Канады, Аўстраліі і Японіі, пад забарону трапілі і ўкраінскія прадукты.

14 кастрычніка Расея забараніла ўвоз украінскіх сыроў. І вось цяпер, з 22 кастрычніка, — садавіны і гародніны.

XS
SM
MD
LG