Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сматрычэнка: Мару пабачыць п’есы Гаўла ў беларускіх тэатрах


Сяргей Сматрычэнка з Вацлавам Гаўлам, Брно, 2008

Сяргей Сматрычэнка з Вацлавам Гаўлам, Брно, 2008

Свабода пагутарыла зь перакладчыкам Сяргеем Сматрычэнкам, які распавёў пра стаўленьне да Гаўла ў Чэхіі і пра сваю мару пабачыць Гаўлавы п’есы на сцэнах Беларусі.

Дзякуючы перакладчыкам Сяргею і Юліі Сматрычэнкам на беларускай мове выйшла кніга выбраных твораў прэзыдэнта Чэхаславаччыны і Чэскай Рэспублікі Вацлава Гаўла. Зборнік, які называецца «Жыцьцё ў праўдзе», пабачыў сьвет у выдавецтве «Логвінаў» у сэрыі «Чэская калекцыя».

Свабода пагутарыла зь перакладчыкам Сяргеем Сматрычэнкам, які распавёў пра стаўленьне да Гаўла ў Чэхіі і пра сваю мару пабачыць Гаўлавы п’есы на сцэнах Беларусі.

— Спадар Сяргей, чаму вы вырашылі перакласьці менавіта эсэ Вацлава Гаўла?

— Ідэя кнігі перакладаў Вацлава Гаўла ўзьнікла яшчэ ў 2005 годзе. Якраз тады ў выдавецтве «Логвінаў» запачаткавалася сэрыя «Чэская калекцыя». Мы сталі думаць, якую б кнігу можна было перакласьці, і адначасна шукалі падтрымкі на гэтую справу. Зьвярнуліся па дапамогу ў амбасаду Чэхіі ў Беларусі, а яе аташэ па культуры дапамагаў вызначыцца з тым, якую ж кнігу перакладаць. Супольна прыйшлі да высновы, што найбольш актуальна для Беларусі — гэта Гаўлавы эсэ.

— Што ўваходзіць у «Жыцьцё ў праўдзе»?

— У кнізе некалькі разьдзелаў, якім папярэднічае прадмова Лявона Баршчэўскага, чалавека зусім не чужога Вацлаву Гаўлу, першага перакладчыка ягонай драматургіі на беларускую мову. Першы разьдзел — «Дысыдэнт» — аб’ядноўвае сем найбольш вядомых эсэ Гаўла, напісаных да рэвалюцыі 1989 году. Другі разьдзел — «Прэзыдэнт», там творы іншага жанру, прамовы. Хоць прэзыдэнтам і няма часу пісаць эсэ, напісаныя Вацлавам Гаўлам прэзыдэнцкія прамовы стылёва і тэматычна вельмі блізкія да эсэ, сабраных у папярэднім разьдзеле. Прамовы менш вядомыя, бо да творчасьці Гаўла часоў дысыдэнцтва заўсёды была большая ўвага. Тым ня менш у іх можна ўбачыць, наколькі гуманістычным быў Гавал-прэзыдэнт. У апошні разьдзел уключаныя ня творы Вацлава Гаўла, але тэксты, якія маюць да яго дачыненьне. Гэта тэкст «Дэклярацыі Хартыі-77», у напісаньні якога браў удзел і Вацлаў Гавал, і яго біяграфія па гадах, якая ўключае таксама падзеі, зьвязаныя зь Беларусьсю.

— Ці актуальныя для Беларусі думкі, закладзеныя ў Гаўлавых эсэ часоў дысыдэнцтва?

— Актуальнасьць выразная. Палітычныя мэханізмы не зьмяняюцца дзясяткамі гадоў. І тое, наколькі выразна і востра бачыў палітычныя працэсы і іх наступствы Вацлаў Гавал, застаецца актуальным ня толькі ва ўмовах Беларусі, але і ва ўмовах іншых як таталітарных, так і больш-менш свабодных рэжымаў.

Вацлаў Гавал. Плякат «Праўда і каханьне мусяць перамагчы хлусьню і нянавісьць»

Вацлаў Гавал. Плякат «Праўда і каханьне мусяць перамагчы хлусьню і нянавісьць»

— Што вы можаце сказаць пра стаўленьне да Вацлава Гаўла ў Чэхіі? Ці адназначнае яно?

— Пакаленьні растуць і зьмяняюцца, але ў Чэхіі ня знойдзеш ніводнага чалавека, які б ня ведаў імя Вацлава Гаўла. Што да ўшанаваньня памяці, то ёсьць фармальныя моманты — напрыклад, праскі аэрапорт атрымаў назву ў гонар гэтай асобы, і ў Брне вуліца каля тэатру, дзе ставіліся п’есы Вацлава Гаўла, таксама названая ягоным імем. Што да нефармальных рэчаў, то грамадзтва трошкі падзеленае. Большая частка ўзгадвае пра яго як пра вельмі годнага чалавека, які вывеў чэскую культуру і саму Чэхію як краіну на сусьветны ўзровень. Але, зь іншага боку, жыцьцё ў палітыцы і быцьцё прэзыдэнтам Вацлава Гаўла не магло прайсьці так, каб усе былі з гэтай палітыкай згодныя. Таму знаходзяцца людзі, які вінавацяць Вацлава Гаўла ў нейкіх яго рашэньнях, зь якімі яны ня згодныя, якія трактуюць як памылкі.

— Ці трэба беларусам ведаць больш пра Вацлава Гаўла? Ці дастаткова ў нас зроблена дзеля ўшанаваньня яго памяці з улікам ягонага добразычлівага стаўленьня да праблемаў Беларусі?

— Вацлаў Гавал важны ня толькі для Беларусі. Пакуль вялася праца над перакладамі, у ягоных тэкстах я бачыў, наколькі гэта геніяльны мысьляр, які выразна і дакладна бачыць любыя працэсы ў грамадзтве. Беларусам яго варта ведаць і перакладаць ня толькі ў сувязі зь ягонай безумоўнай падтрымкай Беларусі, але і проста як мысьляра, філёзафа сусьветнага ўзроўню. У мяне асабіста ёсьць вялікае жаданьне перакласьці яшчэ і драматургічную спадчыну. Хоць тры п’есы ўжо перакладзеныя, пераклады гэтыя раскіданыя па часопісах ці існуюць толькі ў інтэрнэце. Таму мая задума на будучыню — сабраць перакладзеныя п’есы разам, дадаць да іх новыя пераклады і выдаць. Ну, і ідэальна было б, каб гэтыя п’есы, можа, не ў дзяржаўных, але ў меншых альтэрнатыўных тэатрах заўважылі і пачалі ставіць у нашай краіне.

Прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё ў праўдзе» адбудзецца 24 кастрычніка ў галерэі «Ў» (пр. Незалежнасьці, 37а). На прэзэнтацыі выступіць амбасадар Чэхіі Мілан Экерт, адбудзецца сцэнічнае чытаньне аднаактовай п’есы Вацлава Гаўла «Пратэст». Пачатак а 18-й.

XS
SM
MD
LG