Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦВК Беларусі не запрасілі на выбары ва Ўкраіне. Ні ўлады, ні сэпаратысты


ЦВК

ЦВК

Афіцыйныя беларускія прадстаўнікі не запрошаныя назіраць за датэрміновымі выбарамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны, а таксама за выбарамі ў самаабвешчаных Данецкай і Луганскай «народных рэспубліках», якія кантралююцца прарасейскімі баевікамі.

Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі ня будзе пасылаць сваіх прадстаўнікоў на парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне. Пра гэта сёньня паведаміла Свабодзе старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына:

«Ня трэба шукаць у гэтым рашэньні нейкі палітычны падтэкст. Яго проста не існуе. Уся справа ў тым, што ўкраінскі бок зьмяніў сваё заканадаўства, і цяпер Цэнтральная выбарчая камісія Ўкраіны ўжо ня мае права запрашаць прадстаўнікоў ЦВК іншых краінаў у якасьці назіральнікаў. Патрэбная ўласная ініцыятыва таго боку, які хоча назіраць за выбарамі. Аднак атрымліваецца так, што ўкраінскі бок фактычна толькі дае дазвол на прыезд і назіраньне, а ўсе арганізацыйныя пытаньні здымае зь сябе і цалкам ускладае іх на гасьцей. Пабачыўшы такую сытуацыю, мы вырашылі не пасылаць сваіх прадстаўнікоў ва Ўкраіну».

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК

Лідзія Ярмошына, старшыня ЦВК

На пытаньне, ці паступалі ў ЦВК запрашэньні назіраць за выбарамі ў так званых Данецкай і Луганскай народных рэспубліках, Лідзія Ярмошына сказала:

«Не, ніякіх запрашэньняў зь іх боку не было. Але калі б яны нават паступілі, мы б туды не паехалі. Справа ў тым, што прымаючы бок павінен забясьпечыць бясьпеку міжнародным назіральнікам. Але што могуць зрабіць гэтыя людзі ў Луганску і Данецку, калі яны ня могуць забясьпечыць нават сваю бясьпеку?»

Датэрміновыя парлямэнцкія выбары ва Ўкраіне пройдуць 26 кастрычніка 2014 году. Свае выбары на пачатак лістапада прызначылі ў сэпаратысцкіх «ДНР» і «ЛНР», якія афіцыйны Кіеў прызнаў тэрарыстычнымі арганізацыямі.

XS
SM
MD
LG