Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея гатовая даць Украіне зьніжку на газ. Да сакавіка


Пад час трохбаковых газавых перамоваў не было дасягнута дамоўленасьцяў па юрыдычным афармленьні прамежкавага пагадненьня. Пра гэта заявіў міністар энэргетыкі і газавай прамысловасьці Ўкраіны Юры Продан пасьля завяршэньня гэтых перамоваў у аўторак вечарам у Бруселі.

«Мы настойваем, што павінен быць падпісаны дакумэнт, які юрыдычна абавязвае. Цана ў 385 даляраў за тысячу кубоў павінна быць стабільнай і не залежаць ад любых рашэньняў», — адзначыў Продан.

Паводле яго слоў, падпісаньне такога дакумэнта неабходна таксама для адмены прынцыпу «take or pay» (бяры або плаці), які зьмяшчаецца ў расейска-ўкраінскіх газавых кантрактах 2009 года. Таксама, адзначае Юры Продан, гэтыя дамоўленасьці не павінны паўплываць на будучае рашэньне Стакгольмскага арбітражу.

Міністар энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што ніякіх дадатковых дакумэнтаў падпісваць не трэба, а расейскі бок гатовы замацаваць 100-даляравую зьніжку на газ для Ўкраіны да сакавіка ўрадавай пастановай.

Аляксандр Новак кажа, што цана газу для Ўкраіны складзе 385 даляраў за тысячу кубоў, што, паводле яго слоў, на 100 даляраў менш, чым Масква патрабавала тыдзень таму.

Пры гэтым расійскі міністар энэргетыкі адзначыў, што Эўразьвяз павінен гарантаваць, што Ўкраіна да канца года заплаціць Расеі 5,3 мільярда даляраў газавага доўгу.

Аднак эўракамісар па энэргетыцы Гюнтэр Этынгер пасьля сёньняшніх газавых перамоваў заявіў, што да канца кастрычніка Кіеў павінен выплаціць 1,4 мільярда даляраў газавага доўгу Расеі, а астатнія 1,6 мільярда — да канца года.

Як паведаміў Этынгер, наступны раўнд газавых перамоваў паміж Украінай і Расеяй пры ўдзеле ЭЗ павінен адбыцца 29 кастрычніка. Ён выказаў надзею, што тады бакам удасца падпісаць прамежкавае пагадненьне.

21 кастрычніка ў Брусэлі адбыліся трохбаковыя газавыя перамовы, на якіх прысутнічалі міністар энэргетыкі Расеі Аляксандр Новак, яго ўкраінскі калега Юрый Продан, а таксама эўракамісар па энэргетыцы Гюнтэр Этынгер.

На мінулым тыдні ў Мілане прэзыдэнты Ўкраіны і Расеі абмеркавалі газавае пытаньне. Паводле Пятра Парашэнкі, бакі не дасягнулі практычнага выніку, хоць ёсьць пэўны прагрэс.

XS
SM
MD
LG