Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэхі хочуць будаваць у Менску трэцюю лінію мэтро за 300 мільёнаў эўра


Чэскія фірмы робяць праекты ў Беларусі на дзясяткі мільёнаў эўра, піша чэскае выданьне Hospodářské noviny (Эканамічная газэта).

Выданьне паведамляе са спасылкай на Міністэрства прамысловасьці ды гандлю і Міністэрства замежных спраў, што Чэхія разглядае Беларусь як альтэрнатыўны рынак узамен расейскага і ўкраінскага.

За апошнія пяць гадоў ўзаемны гандаль паміж Беларусьсю і Чэхіяй вырас на 136 працэнтаў і летась дасягнуў больш за паўмільярда даляраў. Пры гэтым чэскі экспарт у Беларусь перавысіў імпарт зь Беларусі амаль у чатыры разы, пішуць Hospodářské noviny.

Чэхія экспартуе ў Беларусь станкі, кампутарныя тэхналёгіі, аўтамабілі, лякаматывы, электроніку, абсталяваньне для тэлекамунікацыяў ды іншыя тавары. Паводле выданьня, Беларусь укладае шмат грошай у інфраструктуру і гэта адпавядае магчымасьцям чэскай прамысловасьці.

Чэская дзяржаўная страхавая кампанія EGAP, якая займаецца страхаваньнем экспарту, паведаміла, што застрахавала бізнэс-угоды ў Беларусі прыкладна на 10 мільярдаў крон (каля паўмільярда даляраў), а ў гэтым месяцы павялічыла страхавое забесьпячэньне на 18 мільярдаў крон (амаль 900 мільёнаў даляраў).

Hospodářské noviny цытуюць кіраўніка EGAP Яна Прахазку, які кажа, што беларускія фірмы нашмат больш дысцыплінаваныя ў пытаньні плацяжоў, чым партнэры чэхаў ва Ўкраіне.

Найбуйнейшым праектам чэхаў у Беларусі — лягістычным цэнтрам — займаецца будаўнічая кампанія Metrostav, якая таксама прапануе пабудаваць у Менску трэцюю лінію мэтро. Праект можа каштаваць да 300 мільёнаў эўра. Metrostav цяпер вядзе перамовы зь беларускай будаўнічай арганізацыяй «Минскметрострой», каб заснаваць сумеснае прадпрыемства, паведаміў Вацлаў Соўкуп, дырэктар чэскай фірмы па замежных праектах.

Чэскія фірмы, чые праекты фінансуюцца EGAP і Чэскім экспартным банкам, усё больш зацікаўленыя ў беларускім рынку. У 2010 годзе кампанія Mavel пабудавала гідраэлектрастанцыю каля Горадні за 11 мільёнаў эўра, а цяпер плянуе новы праект ў Беларусі, пішуць Hospodářské noviny.

Чэская кампанія па вытворчасьці паперы Papcel будуе ў Беларусі завод прыблізна за 100 мільёнаў даляраў, а кампанія Unis з гораду Брно вядзе перамовы аб удзеле ў рэканструкцыі «Нафтану». Кіраўнік Unis Іржы Каварж кажа, што кантракт можа быць падпісаны да канца месяцу. «Праект будзе праходзіць у два этапы, а яго агульны кошт каля 30 мільёнаў эўра,» — цытуюць Каваржа Hospodářské noviny.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG