Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Менск стане горадам буржуазных хмарачосаў і гістарычных муляжоў, — Захар Шыбека распавёў, што чакае Менск


<a href="http://www.shutterstock.com/gallery-1627253p1.html?cr=00&pl=edit-00">Arseniy Krasnevsky</a> / <a href="http://www.shutterstock.com/editorial?cr=00&pl=edit-00">Shutterstock.com</a>

<a href="http://www.shutterstock.com/gallery-1627253p1.html?cr=00&pl=edit-00">Arseniy Krasnevsky</a> / <a href="http://www.shutterstock.com/editorial?cr=00&pl=edit-00">Shutterstock.com</a>

Менск стане горадам буржуазных хмарачосаў і гістарычных муляжоў — такую будучыню прадракае сталіцы аўтар унікальных манаграфіяў па гісторыі Менску, доктар гістарычных навук Захар Шыбека.

Больш за два гады таму каханьне паклікала спадара Захара ў Ізраіль, а любоў да радзімы цягне ў Беларусь. Сталічная фірма «Менка» запрасіла прафэсара Шыбеку кіраваць праектам па напісаньні калектыўнай манаграфіі пра гісторыю розьнічнага гандлю ў Беларусі.

Гэтая грунтоўная акадэмічная праца над беларускім матэрыялам два разы на год дае Захару Шыбеку нагоду прыяжджаць на радзіму.

Паразмаўляць пра Беларусь і Ізраіль, Менск і свабоду творчасьці ўдалося пасьля прэзэнтацыі кнігі «Гісторыя гандлю ў Беларусі» ў Нацыянальным гістарычным музэі.

«Я думаў раней, што можна было вярнуць зьнішчаныя старыя дамы. Хмарачосы ўзарваць, а на іх месцы ўзьвесьці старыя домікі, адпаведныя таму вобразу, які раней быў, — кажа чалавек, які напісаў кнігу „Мінск сто гадоў таму“. — Але цяпер я разумею, што гэта проста летуценныя, рамантычныя пляны. Ніхто ня будзе ўжо гэтым займацца. Людзі з гэтым зьмірацца і будуць рабіць дэкарацыі, муляжы. Могуць, напрыклад, аднавіць Менскі замак, іншыя аб’екты. Але гэта ўжо будзе не сапраўдная гісторыя. Менск ужо стаў вэгетарыянскім горадам».

Перамены ў гістарычным ляндшафце Менску гісторык успрымае балюча. Кажа, што зьяўленьне на месцы гістарычных будынкаў велічэзных сучасных гмахаў, якія руйнуюць старадаўнюю пэрспэктыву гораду, спыніць ужо немагчыма.

«Камуністаў яшчэ можна было нейкім чынам пераканаць. Напрыклад, уратаваць будынак тым, што там была абвешчаная савецкая ўлада. А перад сілай капіталу няма нічога сьвятога — толькі норма прыбытку. Супрацьстаяць гэтаму практычна немагчыма. Чаму на Захадзе ўдалося гэта захаваць? Таму што там гэтаму капіталу супрацьстаяла грамадзкая кансалідацыя, — тлумачыць гісторык. — Узровень адукаванасьці, ведаў гісторыі і парамэтры дэмакратыі — усё гэта разам дазволіла адбіць гэтыя атакі на стары горад. У нас нічога такога няма. Адзінкі, якія супрацьстаялі, проста ня ў стане гэтага зрабіць без апоры на грамадзкую кансалідацыю, на грамадзкую думку».

Чакаць, пакуль у грамадзтве ўздымецца разуменьне, што пры ягоным удзеле губляецца самае дарагое — гістарычная спадчына, — ужо позна.

Захар Шыбека прэзэнтуе кнігу "Гісторыя гандлю ў Беларусі"

Захар Шыбека прэзэнтуе кнігу "Гісторыя гандлю ў Беларусі"

За гэты час «яна (спадчына. — РС) будзе вынішчана ці мадэрнізавана такім чынам, што зусім ня будзе падобная да той, якая была створаная ў мінулым», — папярэджвае Шыбека.

Паглядзець на беларусаў зь іншай пэрспэктывы дазволіла менавіта эміграцыя. Параўнаўшы жыцьцё «тут і там», гісторык зьмяніў стаўленьне да суайчыньнікаў.

«Я зразумеў, што беларусам, вядома, няма асабліва чым хваліцца ў параўнаньні з тым, чаго дасягнулі эўрапейскія народы. Але ўсе тыя недахопы, якія ёсьць у нас, не зьяўляюцца нейкай беларускай выключнасьцю. У іншых краінах такія ж праблемы. Што тычыцца нараканьняў на беларускі народ як забіты, саветызаваны, неактыўны, — але і іншыя народы стаяць па-за палітыкай, думаюць пра асабістыя запатрабаваньні», — кажа Шыбека.

У Ізраілі ён працягвае займацца гістарычнай працай — «зарабляе на хлеб вывучэньнем гісторыі габрэяў у Беларусі».

«Я дасьледую гісторыю габрэяў Менску ў пэрыяд Расейскай імпэрыі. Той матэрыял, які я напрацаваў па гісторыі гораду ў шырокім пляне, я больш мэтанакіравана буду рабіць гэта адносна яўрэйскага народу.

Мне хочацца пазьбегнуць пры гэтым такой традыцыі яўрэйскай гістарыяграфіі, калі яны пішуць пра гісторыю габрэяў так, нібыта ў гэтай краіне ці ва ўсім сьвеце існуюць толькі адны габрэі. Я хачу, каб гэта было ў беларускім кантэксьце, зь беларускага пункту гледжаньня, напісана беларускім гісторыкам. У пераважнай большасьці гісторыю габрэяў у Беларусі вывучаюць самі габрэі. А беларускіх дасьледчыкаў можна пералічыць па пальцах», — распавядае Шыбека.

Захар Шыбека і Алесь Смалянчук у 2008 годзе

Захар Шыбека і Алесь Смалянчук у 2008 годзе

Былы дырэктар Нацыянальнага гістарычнага музэя, аўтар амаль дзясятка манаграфіяў, прафэсар Захар Шыбека распавядае, што ў Ізраілі яшчэ больш разьвіўся як дасьледчык.

«Я там атрымаў працу, свабоду творчасьці. Я там асвоіў новыя мэтодыкі гістарычных дасьледаваньняў, новыя крыніцы. Я магу там пісаць, думаць, чытаць, выкладаць усе думкі, якія мне прыходзяць у галаву. Я стаў вольным творцам.

Самі ведаеце, тут, у Беларусі, іншая традыцыя, іншыя парадкі. Мы яшчэ ня сталі такой вольнай нацыяй, каб дазволіць сабе самакрытыку, каб прызнаць свае недахопы ў гісторыі. Ня толькі перамогі ў мінулай вайне, але і паразы, страты, якія ў нас былі. Гэта трымаецца і ў сьвядомасьці людзей, і ў сьвядомасьці кіраўніцтва. Зьвяртаньне да аб’ектыўнай гісторыі тлумачыцца як паклёп, як антыпатрыятызм. Гэта постсавецкі сындром, які быў характэрны для ўсёй тэрыторыі. А калі ты трапляеш у эўрапейскі кантэкст, а Ізраіль па ўзроўні дэмакратыі — гэта ўсё ж эўрапейская краіна, хоць і знаходзіцца ў Азіі, ты бачыш, як габрэі пішуць пра саміх сябе. У гэтым пляне, скажам, маё замежнае грамадзянства дазваляе гэты праект рабіць больш панарамным, аб’ектыўным, глыбокім. Паказваць і станоўчыя, і адмоўныя бакі. Я свабодны ад ціску на сябе з боку дзяржавы ці на працы».

Па словах Захара Шыбекі, у Беларусі яго самога ўжо мала што трымала, дый сама Беларусь ня надта трымала свайго гістарыёграфа:

«Я пакінуў Беларусь. Марыў толькі пра тое, каб папрацаваць дзесьці за межамі. Гэта зьвязана з жанчынай, з каханьнем, якое агарнула мяне ў такім ужо сталым узросьце. У Беларусі я ўжо шмат чаго зрабіў. Я стаў вядомым гісторыкам. Я выдаў дачку замуж. Я выдаў некалькі кніжак, выйшаў на пэнсію. Нібыта тут ужо непатрэбным стаў чалавекам. Былі цяжкасьці на працы ва ўнівэрсытэце, калі скарачалася колькасьць гадзінаў і скарачалася выкладаньне эканамічнай гісторыі. Мне было вельмі проста і лёгка паехаць, я нічога не губляў, а спадзяваўся на тое, што нешта атрымаю. Мае спадзяваньні спраўдзіліся», — распавядае спадар Захар.

Нават у тым, што месцам ягонай шчасьлівай эміграцыі стаўся Ізраіль, гісторык бачыць невыпадковае супадзеньне.

Адной нагой я стаю ў Ізраілі, другой — у Беларусі

«Я памятаю, яшчэ мая няня вучыла мяне малітвам:

„На гарэ на Сіянскай, На вадзе на Іярданскай, Там маць Марыя Іісуса Хрыста вадзіла З табора да табора, З манастыра на манастыр“

Цяпер я гляджу, што вось гэта Іярдан, вось гэта Сінай — тое, пра што мне ў дзяцінстве гаварыла мая няня».

«Я трапіў не ў такую сытую Эўропу, не ў фанабэрыстую Амэрыку, а я трапіў у краіну, дзе шануюць розум, кнігі, дзе шануюць закон, дзе шануюць дэмакратыю, кожны мірны пражыты дзень. Гэта краіна, якая выйшла на першы рубеж барацьбы з тэрарызмам. Я адчуваю сябе камфортна, нягледзячы на тое, што ракеты над галавой ляцяць, але я адчуваю сябе больш абароненым, чым у Беларусі. Тут могуць быць самыя нечаканыя прэтэнзіі да цябе».

«Адной нагой я стаю ў Ізраілі, другой — у Беларусі», — паэтычна апісвае свой цяперашні стан прафэсар Захар Шыбека.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG