Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фанаты «Шахтару» ў Менску: «Нашы войскі ачысьцяць Данецк ад здраднікаў і тэрарыстаў»


Перад матчам групавога этапу Лігі чэмпіёнаў паміж БАТЭ і данецкім «Шахтаром» на «Барысаў Арэне» ў інтэрвію парталу belultras.by адзін з асноўных споўкаў (фанацкіх завадатараў) данецкага «Шахтара» распавёў пра настроі сярод украінскіх фанатаў.

Раней на гэтым жа стадыёне сустракаліся зборныя Беларусі і Ўкраіны. Міліцыя затрымала каля паўсотні заўзятараў, 24 зь іх атрымалі адміністрацыйныя арышты і штрафы.

— Якія ўражаньні пакінуў матч зборных Беларусі і Ўкраіны?

— На гэты матч па магчымасьці спрабавалі трапіць усе, загадзя плянавалі выходныя, усе ведалі і прадчувалі атмасфэру на гэтай сустрэчы. Зьдзівіў і вельмі спадабаўся ваш пэрформанс — «Сустрэча братоў», ён яшчэ больш упрыгожыў і ажывіў атмасфэру футболу. Зарады «Жыве Беларусь» і «Слава Ўкраіне» — гэта нават ня мае патрэбы ў камэнтарах! Усе ўсё бачылі і чулі самі. Так, на матч мне, на жаль, не ўдалося трапіць, але я глядзеў трансьляцыю, засталіся толькі прыемныя адчуваньні. Болей бы такіх сустрэч!

— Такой атмасфэры на матчах зборнай у нас напэўна не было ніколі ў жыцьці. Як думаеш, чаму так моцна зьмянілася сытуацыя ва ўзаемаадносінах фанатаў нашых краін? І што паўплывала на тое, што гэты матч прайшоў пад лёзунгам «Сустрэча братоў»?

— Тое, што менавіта так адбываецца — гэта ня можа ня цешыць! Такія ўзаемаадносіны і павінны быць! Увесь адэкватны кантынгент павінен падтрымліваць адзін аднаго. Нашы народы аб’ядналі яшчэ падзеі на Майдане, беларусы прымалі там актыўны ўдзел, і ўсё плаўна перайшло ў фанацкія колы. А лёзунг «Сустрэча братоў» — ён вельмі даспадобы. Радуе, што ад вас ідзе такая падтрымка!

— Мы былі ў заходняй Украіне і ў Кіеве. І там і там, да беларусаў вельмі цёплае стаўленьне. У Данецку, на жаль, не ўдалося яшчэ пабываць. Як у вас ставяцца да нашай краіны і да фанацкага руху Беларусі?

— Жадаю пабываць у нашым Данецку пасьля вайны! Упэўнены, што ён застанецца ўкраінскім! У цэлым, пра краіну заўсёды чуў толькі добрае, і пра ваш узровень жыцьця, які адрозьніваецца ад украінскага. Фанацкі рух у вас, як і ў нас, толькі пачынае расквітаць, галоўнае, каб далей усё ішло ў геамэтрычнай прагрэсіі і сяброўства наша ўсё больш умацоўвалася.

— Як думаеш, ці магчымы паўтор фантастычнай атмасфэры на матчы зборных у матчы Лігі Чэмпіёнаў у нас?

— Вельмі б хацелася! Такое здараецца ня часта, трэба карыстацца момантам.

— На сваёй старонцы ў твітэры вы пакінулі запіс пра тое, што на матчы зборных нашы спэцслужбы вельмі цікавіліся вамі. Ці не баіцеся правакацый ад нашых сілавікоў на гэтым матчы?

— Так, на мяжы цікавіліся менавіта фанатамі з Данецку. Пыталіся, ці прыедзем мы на матч з «БАТЭ». Правакацыі — справа такая, не хацелася б лішніх рухаў зь іх боку.

— Вам удалося тое, што не выходзіла пакуль што ні ў кога ў сьвеце. Прыпыніць варожасьць у цэлай краіне. За кошт чаго вам гэта ўдалося? Як праходзілі «перамовы» паміж усімі фанацкімі рухамі? Калі мы нічога ня блытаем, ніхто так і не адважыўся парушыць гэтае замірэньне. Як гэтае замірэньне адбілася на фанацкім руху ў краіне?

— Так, гэта гістарычны момант. Гэта напачатку здавалася як мінімум вельмі дзіўным. Потым мы правялі сяброўскую футбольную сустрэчу з фанатамі «Дынама» — гэтая сустрэча мела на мэце аб’яднаньне, усё прайшло на высокім узроўні, адчуваўся братэрскі дух. Пасьля — падобны матч з запароскімі фанатамі. І па ўсёй Украіне пайшла чарада падобных сустрэч, мы ўсім паказалі, што мы адзіныя ў бядзе! Так і павінна быць! Перамовы былі ў электронным рэжыме, былі створаныя правілы замірэньня, усё па пунктах. Усе дзьвіжы разгледзелі прапановы, і рашэньні былі аднагалосныя, усе як адзін пагадзіліся, інакш нельга. Каляфутбол, вядома, пацярпеў, цяпер далёка не да яго, абсалютна іншыя мэты цяпер стаяць перад хлопцамі.

— Якое стаўленьне ў фанатаў «Шахтара» да апошніх падзеяў у краіне? Ці ёсьць адзінства па гэтым пытаньні, ці ўсё-ткі ў некаторых розны погляд на гэтыя падзеі?

— У нас ёсьць толькі адна мэта — «Адзіная Ўкраіна»! Мы сваю пазыцыю актыўна паказалі яшчэ ў сакавіку, стаўшы на абарону данецкага эўрамайдану! Адзінства, вядома ж, ёсьць, усе трымаемся адной мэты! Усе, хто «некаторыя» а гэта 2–5 чалавек, — гэта цяпер як мінімум ізгоі!

— У адной з расейскіх фанацкіх групаў была інфармацыя пра тое, што адна з вашых фірмаў падтрымлівае прыхільнікаў ДНР. Ці праўда гэта? Ці існуе яна?

— Ня ведаю пра існаваньне такой фірмы ў нашым руху.

— Якую пазыцыю па гэтым пытаньні займае кіраўніцтва клюбу? Ці здараліся зь імі канфлікты з-за гэтага?

— Кіраўніцтва клюбу заўсёды пазыцыянавала сябе апалітычным, гэта псавала нашы зь імі адносіны, яны проста забаранялі парушальнікам (на іх думку) хадзіць на стадыён. У той час як у іншых гарадах сытуацыя ў корані адрозьнівалася: клюб, футбалісты і фанаты — усе трымаліся разам.

— Як думаеш, як будуць разьвівацца падзеі? Вера ў тое, што любімы «Шахтар» вернецца гуляць у родны горад, ёсьць?

— Вайна яшчэ ня скончана. Упэўнены, што нашы войскі ачысьцяць горад ад здраднікаў і тэрарыстаў! Наш горад быў і будзе ўкраінскім, і «Шахтар» вернецца на хатні стадыён!

— Жадаю вам цярпеньня, каб на Данбасе хутчэй спыніліся баявыя дзеяньні. Напрыканцы скажы пару слоў беларускім фанатам.

— Вам дзякуй! Усе толькі гэтага і чакаем! Браты-беларусы, удачы вам у нашай агульнай справе, у складаных сытуацыях будзьце адзін аднаму апорай! І ведайце — ёсьць рэчы на парадак вышэйшыя! Слава Ўкраіне! Жыве Беларусь!

belultras.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG