Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прымусіць дармаедаў працаваць? Адказваюць жыхары Гомеля


Паводле статыстыкі, у Беларусі каля 500 тысяч чалавек афіцыйна нідзе не працуюць. Лукашэнка загадаў, каб да 1 студзеня іх прымусілі плаціць падаткі і складкі ў пэнсійны фонд. Як, на вашу думку, можна гэтага дамагчыся? На гэтае пытаньне адказваюць жыхары Гомеля.

Спадар: «Гэта ўсё адно як прымусіць гаварыць нябожчыка ці прымусіць яго пацець. Імем рэвалюцыі ў яго нічога не атрымаецца. Патрэбныя працоўныя месцы. У нас шмат беспрацоўных з вышэйшай адукацыяй – ён жа мяцёлку ня возьме. Яму лягчэй паехаць у Расею ці Ўкраіну працаваць».

Спадарыня: «А ў яго й спытайце, як прымусіць працаваць. Падаткі плаціць трэба, але ж патрэбная й годная праца. А за мільён – як падаткі плаціць? І дзе можна нармальную працу знайсьці маладым? Мне лепей: я пэнсіянэрка, капейкі свае атрымліваю. А маладыя цяпер наагул сядзяць бяз працы. Месцы працоўныя ёсьць, але за мільён, за два – як можна сям’ю ўтрымліваць?

Спадар: «Прымусіць складана, бо людзі самі ня хочуць працаваць. Шмат людзей гатовыя працаваць, але за пэўны заробак. Таму едуць у Расею, туды-сюды. Міліцыя ніколі не прымусіць. Беларусы хоць і добры народ, але прымусіць іх немагчыма: пойдуць у партызаны».

Спадарыня: «У нас вунь дворніка няма, і ніхто ня хоча ісьці, бо заробак малы. Далі б заробак – пайшлі б».

Страйк у гомельскім гандлёвым цэнтры

Страйк у гомельскім гандлёвым цэнтры

Спадар: «Я студэнт. Чалавек калі хоча працаваць, ён будзе працаваць.Але трэба, каб якіясьці органы былі, ставілі іх на ўлік. І яны каб езьдзілі ў калгас і хоць бульбу перабіралі».

Спадар: «Ня хочуць працаваць – дык павінен нейкі закон быць аб дармаедзтве. Міліцыя – гэта ўжо апошняя справа».

Спадар: «Звычайна, як ён і сказаў, у лягер іх – і няхай працуюць. А так іх не прымусіш».

Спадарыня: «Ды іх і ня трэба прымушаць. Яны самі павінны разумець, што трэба знайсьці працу і працаваць».

Спадар: «Павялічыць заробкі, і людзі самі пойдуць працаваць. І ня трэба нікога прымушаць. А з такімі заробкамі, як цяпер – натуральна, што ніхто ня хоча ісьці на вольныя месцы працаваць».

Спадар: «Ужо закон робяць пра барацьбу з дармаедзтвам. І пры дапамозе міліцыі, як і раней было, прыцягваць. А што ж – ён дармаед».

Спадар: «На цёмны бок Месяца перасяліць тых, хто ня хоча працаваць».

Спадар: «Прымушаць ужо спрабавалі ў Савецкім Саюзе. Ня надта й выходзіла. На тыя ж граблі будзем наступаць».

Спадар: «Трэба адмяніць кантрактную сыстэму. Чалавек прыйшоў, уладкаваўся на працу – і працуе да пэнсіі. А кантрактная сыстэма дадаткова спараджае беспрацоўных. Гэта значыць, выйшаў тэрмін, зь ім не працягваюць кантракт – і ён беспрацоўны. Ён дармаед – называй як хочаш. Вось гэта галоўнае. А прымусіць, калі чалавек ня хоча, немагчыма. Гэта трэба будаваць турмы й лягеры».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG