Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ня бачыць сэнсу ў адначасовым існаваньні Саюзнай дзяржавы і ЭАЭС


Лукашэнка падчас паседжаньня найвышэйшай Эўразійскай Эканамічнай Рады
Лукашэнка падчас паседжаньня найвышэйшай Эўразійскай Эканамічнай Рады

Ад саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі можна будзе адмовіцца толькі пасьля таго, як Эўразійскі эканамічны саюз дасягне такога ж роўню інтэграцыі.

Такую заяву зрабіў сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў размове з прэм’ерам Расеі Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Кіраўнік расейскага ўраду 21 кастрычніка прыляцеў у Менск на паседжаньне саюзнага Саўміну.

Новае інтэграцыйнае аб’яднаньне — Эўразійскі эканамічны саюз, які пачне дзейнічаць з 1 студзеня 2015 году, паставіла пытаньне пра лёс іншых падобных праектаў. У кастрычніку афіцыйна спыніла сваё існаваньне ЭўрАзЭС — Эўразійская эканамічная супольнасьць.

Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

А сёньня ў размове зь Мядзьведзевым Лукашэнка загаварыў і пра пэрспэктывы так званай саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

«Мяне часта пытаюць: што будзе з саюзам Беларусі і Расеі, асабліва ў сьвятле таго, што мы стварылі Эўразійскі эканамічны саюз? Але я лічу, што калі мы дасягнем такога ж роўню супрацоўніцтва ў межах ЭАЭС, то толькі тады, мне здаецца, няма сэнсу трымаць два аб’яднаньні», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

Пра тое, наколькі рэальным выглядае скасаваньне саюзнага праекту, разважае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў:

«Я думаю, што гэтая саюзная дзяржава жыве па законах сваёй унутранай бюракратыі. Ёсьць шэраг чыноўнікаў (і беларускіх, і расейскіх), якія кормяцца з гэтага праекту. З саюзнага бюджэту падтрымліваюць шэраг мэдыяў, ажыцьцяўляюць тэхнічныя праекты і г. д.

Таму гэтая дзяржава зьнікне сапраўды пасьля таго, як Эўразійскі саюз дасягне такога ж роўню. Але я ня думаю, што эўразійская інтэграцыя наагул калісьці яго дасягне. У цяперашнім фармаце ЭАЭС мае чыста эканамічны аспэкт. А яго краіны — я маю на ўвазе Казахстан, Беларусь, Армэнію — вельмі асьцярожна ставяцца да інтэграцыі палітычнай. Таму праект саюзнай дзяржавы будзе існаваць гэтулькі доўга, колькі будуць існаваць прыязныя адносіны паміж Беларусьсю і Расеяй. І я ня думаю, што ў бліжэйшай будучыні Масква і Менск ад яго адмовяцца і пахаваюць гэты праект».

Сустракаючыся ў Менску з сваім беларускім калегам Міхаілам Мясьніковічам, Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў пра неабходнасьць павялічваць таваразварот паміж краінамі.

У прыватнасьці, Мядзьведзеў сказаў:

«І зараз наша задача, як мне ўяўляецца, — нарасьціць гандлёвае ўзаемадзеяньне».

Паводле Мядзьведзева, у цяперашняй сытуацыі для беларусаў адкрываюцца новыя магчымасьці на расейскім харчовым рынку.

Між тым, як паказвае статыстыка, сёлета таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю паступова зьніжаецца. Гэта мусіў прызнаць і дзяржсакратар так званай саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. У размове з журналістамі ён назваў у якасьці прычынаў гэтай зьявы падзеньне цэнаў на нафту і міжнародныя санкцыі супраць Расеі.

Аднак нават афіцыйная статыстыка ставіць заяву спадара Рапоты пад сумнеў. Так, у першым паўгодзьдзі 2014 году, калі эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расеі яшчэ ня дзейнічалі, а цэны на нафту ня падалі, аб’ём зьнешняга гандлю паміж Беларусьсю і Расеяй зьменшыўся на 4,9%, альбо на 948 мільёнаў даляраў.

Летась прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў давесьці ўзаемны таваразварот Расеі і Беларусі да 50 мільярдаў даляраў на год. За першыя паўгода сёлета бакі нагандлявалі на 18 мільярдаў 486 мільёнаў.

Леў Марголін
Леў Марголін

«Акрамя нафты і санкцыяў, ёсьць яшчэ адна, бадай, самая істотная прычына зьмяншэньня ўзаемнага гандлю — гэта падзеньне цікавасьці да беларускіх тавараў на расейскім рынку», — камэнтуе сытуацыю эканаміст Леў Марголін:

«Тое, што было на працягу канца 90-х гадоў і пачатку новага стагодзьдзя, калі нашы трактары, аўтамабілі, тэлевізары, лядоўні і шмат што іншае шырокім патокам ішлі ў Расею, ужо скончылася. І гэты паток з кожным годам ператвараецца ў такі вузенькі ручаёк.

Гэта зьвязана з тым, што Расея, маючы вялікія грошы ад нафты і газу, пачала будаваць у сябе сучасныя прадпрыемствы. Іх будуюць і ўсходнія, і заходнія інвэстары. І новыя заводы ахопліваюць якраз тыя тавары, што раней былі ў традыцыйным беларускім экспарце. Таму цяпер ужо ня мы вязём тэлевізары і лядоўні ў Расею, а яны вязуць да нас. І гэта галоўны чыньнік, які адмоўна дзейнічае на таваразварот.

Магчыма, санкцыі супраць Расеі будуць скасаваныя, магчыма, падаражэе нафта. Але трэці чыньнік будзе заставацца. І ягоная роля будзе толькі падвышацца. Каб ад яго пазбавіцца, патрэбныя рэформы ў Беларусі. А іх — няма».

Уладзімер Глод, Менск

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG