Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер ураду Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, сустракаючыся ў Менску зь беларускім калегам Міхаілам Мясьніковічам, заявіў пра неабходнасьць павялічваць таваразварот паміж краінамі.

У прыватнасьці, Мядзьведзеў заявіў:

«І зараз наша задача, як мне ўяўляецца, — нарасьціць гандлёвае ўзаемадзеяньне».

Паводле Мядзьведзева, у цяперашняй сытуацыі для беларусаў адкрываюцца новыя магчымасьці на расейскім харчовым рынку.

Між тым, як паказвае статыстыка, сёлета таваразварот паміж Расеяй і Беларусьсю паступова зьніжаецца.

Гэта мусіў прызнаць і дзяржсакратар так званай саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. У размове з журналістамі ён назваў у якасьці прычынаў гэтай зьявы падзеньне цэнаў на нафту і міжнародныя санкцыі супраць Расеі.

Аднак нават афіцыйная статыстыка ставіць заяву спадара Рапоты пад сур’ёзны сумнеў. Так, у першым паўгодзьдзі 2014 году, калі эканамічныя санкцыі Захаду супраць Расеі яшчэ ня дзейнічалі, а цэны на нафту ня падалі, аб’ём зьнешняга гандлю паміж Беларусьсю і Расеяй зьменшыўся на 4,9%, альбо на 948 мільёнаў даляраў.

Летась прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заклікаў давесьці ўзаемны таваразварот Расеі і Беларусі да 50 мільярдаў даляраў на год. За першыя паўгода сёлета бакі нагандлявалі на 18 мільярдаў 486 мільёнаў.

«Акрамя нафты і санкцыяў, ёсьць яшчэ адна, бадай, самая істотная прычына зьмяншэньня ўзаемнага гандлю — гэта падзеньне цікавасьці да беларускіх тавараў на расейскім рынку», — камэнтуе сытуацыю эканаміст Леў Марголін:

Леў Марголін

Леў Марголін

«Тое, што было на працягу канца 90-х гадоў і пачатку новага стагодзьдзя, калі нашы трактары, аўтамабілі, тэлевізары, лядоўні і шмат што іншае шырокім патокам ішлі ў Расею, ужо скончылася. І гэты паток з кожным годам ператвараецца ў такі вузенькі ручаёк.

Гэта зьвязана з тым, што Расея, маючы вялікія грошы ад нафты і газу, пачала будаваць у сябе сучасныя прадпрыемствы. Іх будуюць і ўсходнія, і заходнія інвэстары. І новыя заводы ахопліваюць якраз тыя тавары, што раней былі ў традыцыйным беларускім экспарце. Таму цяпер ужо ня мы вязём тэлевізары і лядоўні ў Расею, а яны вязуць да нас. І гэта галоўны чыньнік, які адмоўна дзейнічае на таваразварот.

Магчыма, санкцыі супраць Расеі будуць адмененыя, магчыма, падаражэе нафта. Але трэці чыньнік будзе заставацца. І ягоная роля будзе толькі падвышацца. Каб ад яго пазбавіцца, патрэбныя рэформы ў Беларусі. А іх — няма».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG