Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіеў кажа, што не ўжывае касэтныя бомбы на ўсходзе Ўкраіны


Прэсавы прадстаўнік Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Андрэй Лысенка на сёньняшнім брыфінгу ў Кіеве запярэчыў, што ўрадавыя сілы выкарыстоўваюць гэткую зброю.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch заявіла, што ў пачатку кастрычніка ўкраінскія вайскоўцы выкарыстоўвалі касэтныя бомбы ў жылых раёнах Данецку. Арганізацыя адзначае, што ўжываньне такога віду зброі ў населеных пунктах парушае правілы вайны з прычыны яе непераборлівага характару дзеяньня, што можа разглядацца як ваеннае злачынства.

Па дадзеных праваабаронцаў, задакумэнтавана «шырока распаўсюджанае» ўжываньне касэтных бомбаў ў больш чым дзесяці гарадзкіх і сельскіх мясцовасьцях у баях паміж украінскімі вайскоўцамі і прарасейскімі сэпаратыстамі. У 12 задакумэнтаваных арганізацыяй выпадках выкарыстаньня касэтных бомбаў ў Данецку і яго ваколіцах загінулі шэсьць чалавек.

Human Rights Watch падкрэслівае, што ў шматлікіх выпадках не было магчымасьці ўстанавіць, хто нясе адказнасьць за гэтыя атакі. Аднак ёсьць важкія доказы таго, што ў некалькіх выпадках адказнасьць за ўжываньне касэтных бомбаў несьлі ўкраінскія ўрадавыя сілы.

«За час правядзеньня антытэрарычтычнай апэрацыі ўкраінскія вайскоўцы не ўжывалі забароненую міжнароднымі прававымі актамі зброю. Гэта датычыцца і касэтных боепрыпасаў» — цытуе Андрэя Лысенку УНІАН.

«Мы хочам зьвярнуцца да прадстаўнікоў міжнароднай арганізацыі, каб яны рабілі больш дэталізаваны справаздачу з прадстаўленьнем адпаведных фактаў і доказаў. Калі гаворка ідзе пра ўжываньне касетных боепрыпасаў ў мірных кварталах Данецка, то я павінен заявіць, што ўкраінскія вайскоўцы не ўжываюць ўзбраеньне ў дачыненьні да мірных кварталах гарадоў. Гэта забаронена прэзыдэнтам Украіны, вярхоўным галоўнакамандуючым Пятром Парашэнкам» — падкрэсьліў Лысенка.

Паводле ягоных словаў, «мы назіраем масу правакацый, якія ствараюць тэрарысты і распаўсюджваюць непраўдзівую інфармацыю». «Я думаю, што гэтая інфармацыя трапіла ў рукі міжнародных арганізацый» — дадаў Лысенка.

Касэтныя бомбы (боепрыпасы) утрымліваюць дзясяткі ці сотні дробных боепрыпасаў у кантэйнэры бомбы або ракеты. Плошча паражэньня касэтнай бомбы даволі вялікая, часта яна мае памер футбольнай пляцоўкі. Шмат якія з касэтных боепрыпасаў не разрываюцца пры кантакце зь зямлёю, стаючыся дэ-факта ўзброенымі мінамі, нэўтралізацыя якіх патрабуе сапёраў.

На сёньняшні дзень 114 краін далучыліся да канвэнцыі, якая забараняе выкарыстаньне касэтных бомбаў і боепрыпасаў з прычыны іх небясьпекі і шкоды для цывільнага насельніцтва. Украіна не далучыліся да гэтай канвэнцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG