Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія дактары паставілі спаралізаванага на ногі


У Польшчы правялі першую ў гісторыі мэдыцыны апэрацыю, якая дазволіла вярнуць адчувальнасьць у нагах спаралізаванаму пасьля разрыву сьпіннога мозгу чалавеку.

Пра апэрацыю, якую польскія хірургі ва Ўроцлаве правялі ў супрацоўніцтве з брытанскімі спэцыялістамі, пішуць сёньня выданьні The Guardian, The Times i The Independent.

Чатыры гады таму польскі пажарны Дарыюш Фідык атрымаў разрыў сьпіннога мозгу і яго спаралізавала ніжэй пояса.

Польскія хірургі з выкарыстаньнем мэдычнай тэхнікі, распрацаванай спэцыялістамі Ўнівэрсытэцкага каледжу ў Лёндане, трансплянтавалі клеткі з носа пацыента ў пашкоджаны сьпінны мозг і дамагліся яго рэгенэрацыі. Празь некалькі месяцаў пацыент стаў варушыць нагамі. Сёньня ён можа езьдзіць на машыне і рабіць пры дапамозе адмысловага абсталяваньня некалькі крокаў. Дактары маюць надзею, што ў будучыні з дапамогай артапэдычных прыладаў 40-гадовы Дарыюш Фідык зможа хадзіць па кватэры і езьдзіць на працу.

Спэцыялісты разглядаюць апэрацыю як прарыў у лекаваньні пашкоджаньняў хрыбетніка, якія, як правіла, вядуць да паралічу і пажыцьцёвай інваліднасьці.

«Я лічу, што гэта першы выпадак, калі пацыент быў у стане аднавіць разарваныя доўгія сьпінныя нэрвовыя валокны пасьля траўмы ды аднавіць рух і адчуваньне. Мы лічым, што гэтая апэрацыя — прарыў, які пасьля ўдасканаленьня прывядзе да гістарычнай зьмены цяперашняга безнадзейнага погляду на лячэньне інвалідаў з траўмай сьпіннога мозгу», — сказаў прафэсар Джэфры Рэйзман, кіраўнік Інстытуту нэўралёгіі Ўнівэрсытэцкага каледжу ў Лёндане, які праводзіў наватарскія досьледы рэгенэрацыі клетак сьпіннога мозгу.

XS
SM
MD
LG