Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрыманага ў Літве кіраўніка Сьледчага камітэту па Менску адпусьцілі


Акружная пракуратура Вільні спыніла дасудовае расьсьледаваньне адносна начальніка ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Дзьмітрыя Канапляніка.

Пра гэта паведамляе сайт Сьледчага камітэту Беларусі.

Апроч таго, дасудовае расьсьледаваньне спынілі і ў дачыненьні да жонкі высокапастаўленага супрацоўніка беларускіх праваахоўных органаў.

Сьледзтва па факце выкрыцьця патронаў у машыне Канапляніка літоўскія праваахоўныя органы вялі цягам месяца.

Пасьля таго як праваахоўныя органы распачалі расьсьледаваньне, Канапляніку і ягонай жонцы абмежавалі выезд зь Літоўскай Рэспублікі, пашпарты ў іх забралі. Пазьней меру стрыманьня (пазбаўленьне дакумэнтаў) у дачыненьні да Канапляніка адмянілі, і 20 кастрычніка начальнік управы СК па Менску вярнуўся ў Беларусь. Ягоная жонка змагла выехаць зь Літвы два тыдні таму.

Як паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі, Канаплянік прыступіў да выкананьня службовых абавязкаў.

21 верасьня на Мядзінінкайскім кантрольна-прапускным пункце затрымалі двух беларускіх грамадзянаў. Літоўскія мытнікі правялі «паглыблены агляд» зарэгістраванага ў Беларусі легкавога аўтамабіля ды выявілі пад дном машыны некалькі дзясяткаў патронаў калібру 9 мм Luger. На гэтым аўтамабілі ў Беларусь вярталіся начальнік упраўленьня СК па Менску Дзьмітры Канаплянік з жонкай.

Спачатку ў Сьледчым камітэце Беларусі затрыманьне супрацоўніка праваахоўных органаў не пацьвярджалі, а афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Менску Аляксандар Герасімаў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што начальнік управы СК па Менску Дзьмітры Канаплянік у адпачынку.

Пазьней беларускія сьледчыя заявілі, што Дзьмітрыю Канапляніку «заклалі патроны ў аўтамабіль».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG