Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня назавуць ляўрэата прэміі Сахарава


EU -- prize of freedom.Andrei.Sakharov

EU -- prize of freedom.Andrei.Sakharov

Эўрапарлямэнт 21 кастрычніка мае вызначыць ляўрэата прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі».

У аўторак у Страсбуры дэпутаты Эўрапарлямэнту павінны вызначыць ляўрэата прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» за 2014 год. Паведамляецца, што лідэры фракцый Эўрапарлямэнту выберуць ляўрэата зь фінальнай тройкі, у якую ўваходзяць украінскі рух «Эўрамайдан», кангалескі лекар-гінэколяг Дэні Муквэгэ і азэрбайджанская праваабаронца Лэйла Юнус.

Рух «Эўрамайдан» паўстаў на хвалі дэманстрацыяў ва Ўкраіне ў падтрымку эўраінтэграцыі, якія прывялі да адхіленьня ад улады прэзыдэнта Віктара Януковіча ў лютым.

У паведамленьні Эўрапарлямэнту адзначаецца, што рух «Эўрамайдан» прадстаўляюць журналісты Мустафа Найем і Тацяна Чарнавол, сьпявачка і пераможца конкурсу «Эўрабачаньне» Руслана Лыжы́чка і актывістка Лізавета Шапяцільнікава.

Лэйла Юнус выступае ў абарону правоў чалавека ў Азэрбайджане, яна ўдзельнічала ў складаньні сьпісаў палітвязьняў у краіне. Лэйла і яе муж знаходзяцца пад арыштам. Іх абвінавачваюць у дзяржаўнай здрадзе.

Кангалескі лекар Дэні Муквэгэ заснаваў шпіталь у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга для аказаньня дапамогі ахвярам сэксуальнага гвалту.

Заснаваная Эўрапарлямэнтам прэмія «За свабоду думкі» — у памеры 50 тысяч эўра — выдаецца кожны год за дасягненьні ў галіне барацьбы за правы чалавека і свабоду самавыяўленьня.

Сярод ранейшых ляўрэатаў прэміі імя Сахарава — беларускі палітык Аляксандар Мілінкевіч і Беларуская асацыяцыя журналістаў.

XS
SM
MD
LG