Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка прызначыў галоўнага целаахоўніка


Кіраўнік дзяржавы Аляксандар Лукашэнка прызначыў Віктара Шынкевіча начальнікам прэзыдэнцкай службы бясьпекі.

«Думаю, што вы больш, чым хто-колечы, ведаеце сутнасьць гэтай службы, вы ведаеце, якая адказнасьць на службе бясьпекі», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што быў шэраг прапаноў па кіраўніку службы бясьпекі.

«Напэўна, ведаеце, што нехта разглядае гэта як добрае, удалае, цёплае месца, не разумеючы таго, куды ён ідзе. Некаторыя проста хочуць паспрабаваць сябе на гэтай пасадзе. Перад мной былі два моманты: прызначаць чалавека збоку, каб скалануць тым самым службу бясьпекі, або пакінуць чалавека, які доўгі час праслужыў у службе бясьпекі, добра яе ведае, каб ён ня мусіў вывучаць яе, уключацца дадаткова ў службу і тым самым губляць час. Як разумееце, часу ў нас няма, каб разгойдвацца, у нас хапае мерапрыемстваў, дзе трэба і забясьпечваць бясьпеку прэзыдэнта, і вырашаць іншыя пытаньні, якія ляжаць на службе бясьпекі.

Улічваючы, што вы ўсё жыцьцё прапрацавалі ў спэцыяльных органах, вашу падрыхтоўку і наагул ваша стаўленьне да справы, я ўсё ж такі спыніўся на другім варыянце, што на дадзеным этапе нам ня варта скаланаць службу бясьпекі, запрашаючы чалавека збоку», — цытуе прэзыдэнцкая прэс-служба Лукашэнку.

Паводле кіраўніка краіны, гэта ня значыць, што ў гэтай структуры трэба пакінуць усё як ёсьць. «У мяне маса пытаньняў да службы бясьпекі прэзыдэнта», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.

Алесін: Лукашэнка нікому не давярае

Вайсковы аналітык Аляксандар Алесін пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды прызначэньне Віктара Шынкевіча начальнікам прэзыдэнцкай службы бясьпекі. Шынкевіч чалавек у гэтай структуры ня новы, ён доўгі час праслужыў у службе бясьпекі.

«З аднаго боку, гэта ідзе ратацыя, каб не абзаводзіліся сваёй каньюнктурай, каб ня склалася вакол атачэньня прэзыдэнта нейкая група, якая магла б мець уласныя інтарэсы. Таму пэрыядычна мяняецца гэты пэрсанал.

Відавочна, што ранейшае кіраўніцтва не выконвала задач па аналізе сытуацыі вакол прэзыдэнта

Ну, і відавочна, што ранейшае кіраўніцтва не выконвала задач па аналізе сытуацыі вакол прэзыдэнта. Ён, відаць, быў не задаволены, бо яго ахова — гэта цэлая выведная служба, якая ня толькі беражэ цела правадыра. Яна таксама вывучае сытуацыю з грамадзкай думкай, робіць прагнозы адносна будучых магчымых нейкіх пагрозаў, зьменаў настрояў грамадзтва і гэтак далей.

Таму гэта даволі складаная служба, і пытаньні ў прэзыдэнта насамрэч ёсьць. І падобна, што сытуацыя перад выбарамі яго не зусім задавальняе. Ён, відаць, хоча ведаць больш і глыбей пра тое, што адбываецца ў слаях эліты, якія яго атачаюць. Вядома, што служба прэзыдэнта кантралюе яго набліжаных. Лукашэнка нікому не давярае. Таму і прэм’ер-міністар, і адміністрацыя прэзыдэнта — пад пільнай увагай.

Галоўнае тут, каб у атачэньні прэзыдэнта не складаліся ўстойлівыя групоўкі са сваімі інтарэсамі. Таму, як толькі чалавек, які займае такую пасаду, пачынае абжывацца, заводзіць нейкія сувязі, тады яго вышморгваюць, сувязі парываюцца. І яго прызначаюць на іншае месца, дзе ён асабіста абавязаны прэзыдэнту, знаходзіцца ў поўнай ад яго залежнасьці і ня можа быць самастойнай фігурай.

Вось гэта знакамітае «ператрахіваць кадры», гэта чарговы этап «ператрахіваньня», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Алесін.

11 верасьня Лукашэнка вызваліў ад пасады начальніка службы бясьпекі прэзыдэнта палкоўніка Андрэя Ўцюрына і прызначыў яго намесьнікам дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекі Беларусі.

Службу бясьпекі прэзыдэнта, якая спачатку называлася службай аховы прэзыдэнта, з 1994 году ўзначальвалі Вячаслаў Каралёў, Юры Бародзіч, Уладзімер Навумаў, Леанід Ерын, Генадзь Нявыглас, Яўген Дзьвярніцкі, Юры Жадобін, а з 2007 году — Андрэй Уцюрын. Раней Уцюрын займаў у гэтай структуры пасаду начальніка ўпраўленьня асабістай аховы.

На пасадзе галоўнага целаахоўніка прэзыдэнта Андрэй Уцюрын затрымаўся даўжэй за сваіх папярэднікаў і атрымаў званьне палкоўніка.

Андрэй Уцюрын нарадзіўся ў Пензе (Расея). Скончыў Саратаўскае вышэйшае ваеннае каманднае вучылішча МУС Расеі і Акадэмію МУС Беларусі.

Віктар Шынкевіч нарадзіўся ў 1960 годзе ў вёсцы Кромавічы Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці. Скончыў Беларускі тэхналягічны інстытут, Вышэйшыя курсы КДБ СССР, Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.

З 1986 па 1995 год праходзіў службу на розных пасадах у органах дзяржбясьпекі. З 1995 па цяперашні час — у службе бясьпекі прэзыдэнта, дзе апошнія 7 гадоў быў намесьнікам начальніка. Палкоўнік.

XS
SM
MD
LG