Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для бяздомнага мастака з Гомеля сабралі 7 з паловай тысяч даляраў


Belarus - An homeless artist from Homel Valery Lyashkevich at luggage room at Homel train station, 18Jan2014

Belarus - An homeless artist from Homel Valery Lyashkevich at luggage room at Homel train station, 18Jan2014

Здымачная група фільму пра Валерыя Ляшкевіча зьбірае грошы з пачатку году. Рэжысэрка Анастасія Мірашнічэнка спадзяецца, што дзякуючы розгаласу і прэстыжным узнагародам, якія фільм «Скрыжаваньне» атрымаў за мяжою, удасца сабраць грошы на дом Валерыю Ляшкевічу, які ўжо 20 гадоў жыве і малюе на вуліцы.

Дакумэнтальны фільм «Скрыжаваньне» беларускай рэжысэркі Анастасіі Мірашнічэнкі ацанілі ў Варшаве як гледачы, гэтак і міжнароднае журы. Гісторыя пра бяздомнага мастака з Гомеля атрымала ўзнагароду публічнасьці як найлепшы дакумэнтальны фільм Варшаўскага кінафэстывалю, а журы прысудзіла фільму адмысловую ўзнагароду «За францішканскую філязофію і ўменьне рэжысэркі стварыць магутны эфэкт сьціплымі сродкамі».

Сваімі ўражаньнямі пасьля паказу падзялілася рэжысэрка Настасься Мірашнічэнка.

— Настасься, на фэстывалі дакумэнтальнага кіно «Расея» ваш фільм атрымаў адразу тры ўзнагароды: «Найлепшы фільм пра чалавека-стваральніка», «Найлепшы дэбют» і «Прыз сымпатыяў гледачоў». Як фільм «Скрыжаваньне» прынялі ў Варшаве?

— Мне ўвогуле найбольш была цікавая рэакцыя публікі. Я зраблю малое адступленьне. Калі мы паказвалі гэты фільм у Гомелі, дзе рабілі выставу Ляшкевіча, гледачы сядзелі з каменнымі тварамі, аніякай рэакцыі не было ўвогуле. Гэта было вельмі дзіўна. Калі ж мы паказвалі ў Екацерынбургу, была поўная заля. І недзе за 10 хвілін да канца фільму пачаўся гул. Я не магла зразумець, што адбываецца. Пасьля хтосьці крыкнуў: «Людзі, дзе вы?», «Лукашэнка, ты дзе?», «Давайце паедзем, забяром дзядулю». І гэта такая публіка вельмі культурная. Калі ўключылі сьвятло, я ўбачыла, што ўсе з мокрымі вачыма сядзяць. Шмат хто падыходзіў з прапановамі дапамагчы, адна бабуля падышла са жменяй расейскіх манэт, кажа, што гэта ўсё, што ў яе ёсьць з сабой. Мне была цікавая рэакцыя ў Варшаве. І таксама, як у Расеі, нас прынялі вельмі цёпла. Прысутнічаў намесьнік амбасадара ў Польшчы Эдуард Швайко са сваёй жонкай. Былі водгукі ўдзячнасьці, пытаньні, як можна дапамагчы, як набыць карціны мастака. У мяне на электроннай пошце ўжо некалькі дзясяткаў лістоў на розных мовах — ангельскай, польскай, расейскай — з прапановамі дапамагчы матэрыяльна.

— Распавядзіце, калі ласка, колькі ўжо ўдалося сабраць грошай для Валера Ляшкевіча?

Пасьля хтосьці крыкнуў: «Людзі, дзе вы?», «Лукашэнка, ты дзе?», «Давайце паедзем, забяром дзядулю»

— Калі акругліць, то 7 з паловаю тысяч даляраў. Валер хацеў бы набыць дом недалёка ад Гомеля, бо ён вельмі прывязаны да гэтага гораду, але кошты там высокія. Ня так лёгка знайсьці адпаведны дом, тым больш цяпер, калі зацікаўленасьць танным жыльлём вырасла празь вялікую колькасьць уцекачоў з Украіны. Мы працягваем зьбіраць грошы, бо гэта ўжо ня проста фільм, гэта сацыяльны праект, каб дапамагчы мастаку. Спадзяюся, на вось гэтай новай хвалі зацікаўленасьці, асабліва міжнароднай, нам удасца сабраць яшчэ некалькі тысяч даляраў, каб споўніць Валераву і нашу мару пра дом.

— На Варшаўскім кінафэстывалі сабраныя фільмы з усяго сьвету. У дакумэнтальнай сэкцыі гэта кінастужкі зь Нямеччыны, Францыі, ЗША, Польшчы, Канады, Румыніі... Ці цяжка было трапіць на такую буйную імпрэзу?

— Увогуле, Варшаўскі кінафэстываль уваходзіць у лік 14 найбуйнейшых кінафэстываляў сьвету.

Мы паслалі, і трэба было недзе паўгода чакаць. Шчыра кажучы, я ўжо ня верыла, што наш фільм возьмуць, бо гэта фэстываль катэгорыі «А», такога высокага ўзроўню. Я думала, што мы ніколі ня трапім з нашым фільмам, які мы рабілі самі, мантавалі дома, седзячы за ноўтбукам. Калі я атрымала адказ, я спачатку не паверыла і разоў пяць перачытвала — можа, выпадкова даслалі запрашэньне.

— Вы атрымалі ажно дзьве ўзнагароды на такім прэстыжным фэстывалі. Ці разьлічвалі вы на такое прызнаньне?

— Мы ўвогуле ні на што не разьлічвалі, бо ўжо былі шчасьлівыя, што ўдалося трапіць на такую буйную падзею. Калі мы бачылі, якія там фільмы, які ў іх вялікі бюджэт, як усё сур’ёзна зроблена, то падчас цырымоніі ўзнагароджваньня нават селі далёка ў залі, бо ніхто выходзіць і штосьці атрымліваць не зьбіраўся. Раптам чуем, што наш фільм узнагароджваюць. Гэта не галоўная ўзнагарода як «Найлепшы дакумэнтальны фільм», бо яго атрымала іншая стужка (фільм румынскага рэжысэра «Тота і ягоныя сёстры». — РС). Але гэта спэцыяльная ўзнагарода журы, то бок для такіх фільмаў, пра якія яны ня могуць прамаўчаць. З гэтым мы зьехалі, а сёньня зранку мне патэлефанавалі і кажуць, што наш фільм атрымаў яшчэ прыз сымпатыяў гледачоў.

— Як узьнікла жаданьне зьняць фільм пра бяздомнага мастака?

— Пра Валера я даведалася выпадкова. Я вучылася завочна на рэжысуры ў Акадэміі мастацтваў, там адзін са студэнтаў зрабіў замалёўку пра Гомель. І туды трапіла гісторыя пра Валера. Таму спачатку ўзьнікла такая зацікаўленасьць спачатку як да цікавага героя зь незвычайным поглядам на жыцьцё. Таму і паехала знаёміцца.

— Ці былі нейкія складанасьці падчас здымкаў?

Самае складанае было — пакідаць Валера дзесьці на ноч. Бо ўдзень ён малюе, а дзе ён пасьля начуе, на гэтым вакзале... Гэта цяжка

— Складанасьці ўзьніклі ўжо з самага пачатку. Бо Валер катэгарычна адмовіўся здымацца ў фільме, ён жа зусім не публічны чалавек. Мы расстроіліся, але нас выратавала сытуацыя, што ў мяне з сабой быў буклет з рэпрадукцыямі ягоных карцін, надрукаваны на добрай паперы, з аповедам пра нашу каманду. Я зрабіла гэты буклет, каб знайсьці фінансаваньне, зьвярталася ў прыватныя і дзяржаўныя ўстановы, але нідзе не знайшла падтрымкі, таму вырашыла, што мы зробім фільм самі. Але калі Валер адмовіўся, то я вырашыла проста падарыць яму гэты буклет. І ён яму настолькі спадабаўся, што Валер папрасіў даць яму час пачытаць, азнаёміцца. І сказаў: «Давайце паспрабуем». А ўвогуле, самае складанае было — пакідаць Валера дзесьці на ноч. Бо ўдзень ён малюе, а дзе ён пасьля начуе, на гэтым вакзале... Гэта цяжка.

— Колькі часу вы здымалі фільм?

— Мы здымалі каля году гэты фільм. Ён падзелены на некалькі частак — зіма, вясна, лета і зноў зіма. Здымачных дзён, вядома, было меней — каля 10. Мы прыяжджалі ў Гомель і ўлетку езьдзілі ў Санкт-Пецярбург, бо там Валер улетку працуе і прадае свае карціны. Мы прыяжджалі да яго проста так. І вось у адну з нашых паездак Валер сказаў нам, што ягоная вялікая мара — уласная выстава ў Нацыянальным мастацкім музэі. Шчыра кажучы, я ня ведала, ці гэта магчыма, я нават ня ведала, якую вартасьць маюць ягоныя карціны. Я зьвязалася з намесьніцай дырэктара, і ў музэі пагадзіліся арганізаваць выставу, і ў выніку нам прызначылі тэрмін. Пасьля музэй нават пагадзіўся прыняць у фонд некалькі карцін Валера Ляшкевіча.

— Зь якім бюджэтам вы зьнялі фільм?

Калі мы здымалі, зразумела, што больш людзей да Валера падыходзіла, гэтыя людзі проста давалі яму грошы. Дык ён пасьля гэтымі грашыма хацеў з намі дзяліцца!

— Бюджэт... быў ніякі. То бок я нават ня ведаю, як палічыць. Абсалютна ўсе працавалі без ганарараў, нават музыку для фільму нам напісалі бясплатна. Мы выдаткоўвалі грошы на бэнзін да Гомеля. А калі і гэтых грошай не было, то езьдзілі цягніком. Ведаеце, вось калі мы здымалі, зразумела, што больш людзей да Валера падыходзіла, гэтыя людзі проста давалі яму грошы. Дык ён пасьля гэтымі грашыма хацеў з намі дзяліцца!

— Ці лічылі вы, колькі за гэты час заангажавалася асобаў у дапамогу?

— Гэта цяжка палічыць. Ведаеце, падчас выставы ў Нацыянальным мастацкім музэі каля сотні асобаў набылі ягоныя рэпрадукцыі і карціны. Увогуле ж набылі карціны і вельмі вядомыя і ўплывовыя асобы, я не магу назваць іх прозьвішчаў. Розныя людзі дапамагалі і розным чынам. Некаторыя нічога не набывалі, але проста далі 5 ці 10 даляраў. Мы любой дапамозе ўдзячныя.

Каб дапамагчы Валеру Ляшкевічу, можна пералічыць грошы на дабрачынны рахунак у банку:

Ляшкевіч Валерый Віктаравіч, дамова № 884392, рэгіянальная дырэкцыя № 300 ААТ «БПС-Сбербанк», Гомель, Сялянская 29а, код банка 369.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG