Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International: Ва Ўкраіне забіваюць без суду абодва бакі канфлікту


Ілюстрацыйнае фота

Ілюстрацыйнае фота

Расьсьледаваньне сьцьвярджэньняў пра пакараньні сьмерцю і іншыя наўмысныя забойствы з боку прарасейскіх сэпаратыстаў і ўкраінскіх урадавых сілаў, праведзенае Amnesty International, прыводзіць доказы асобных інцыдэнтаў, да якіх маюць дачыненьне абодва бакі канфлікту, але не ў такіх маштабах, пра якія паведамляюць расійскія СМІ і органы ўлады.

Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе праваабарончай арганізацыі Amnesty International, агучаным сёньня ў Кіеве.

У дакладзе «Пазасудовыя пакараньні падчас канфлікту ва ўсходняй Украіне» прадстаўлены вынікі расьсьледаваньня, праведзенага ва ўсходняй Украіне (Данбасе) у канцы жніўня і ў канцы верасьня 2014 году, і зьвесткі, сабраныя падчас размоваў з ахвярамі парушэньняў правоў чалавека і іх сем’ямі, відавочцамі, мясцовымі чыноўнікамі ў Луганскай і Данецкай абласьцях, мэдычнымі работнікамі і ўдзельнікамі ваенных дзеяньняў з абодвух бакоў.

«Не існуе ніякіх сумневаў, што пазасудовыя пакараньні сьмерцю і іншыя зьверствы зьдзяйсьняюцца як прарасейскімі сэпаратыстамі, так і пракіеўскмі сіламі на ўсходзе Украіны, але атрымаць праўдзівае ўяўленьне аб маштабах гэтых парушэньняў вельмі цяжка. Цалкам верагодна, што многія з гэтых парушэньняў яшчэ ня выяўлены, а іншыя наўмысна фальсыфікуюцца. Таксама відавочна, што некаторыя з найбольш шакуючых выпадкаў, пра якія паступалі паведамленьні, у прыватнасьці ў расейскіх СМІ, былі ў значнай ступені перабольшаныя,» — заявіла Тацяна Мазур, дырэктар прадстаўніцтва Amnesty International ва Ўкраіне.

23 верасьня расейскія СМІ паведамілі аб выяўленьні «масавых пахаваньняў» у Камунары і Ніжняй Крыўцы, двух суседніх пасёлках ў Данецкай вобласьці, якія за два дні да таго былі пад кантролем пракіеўскіх сілаў. Паведамлялася аб выяўленьні жаночых целаў са сьлядамі катаваньняў і цела цяжарнай жанчыны. Пазьней паступілі паведамленьні, што міністар замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў заявіў аб выяўленьні больш за 400 целаў у магілах у гэтым раёне, і заклікаў да правядзеньня міжнароднага расьсьледаваньня.

Удзельнікі дэлегацыі Amnesty International наведалі вобласць 26 верасьня. Яны знайшлі пераканаўчыя доказы датычнасьці кантраляваных Кіевам сіл да пазасудовых пакараньняў сьмерцю чатырох мужчын, пахаваных у двух магілах ля пасёлка Камунар. Астатнія пяць телаў, пахаваных у адной магіле непадалёк, належаць прарасейскім баевікам. У размове з Amnesty International ўдзельнікі іх падразьдзяленьняў распавялі, што баевікі былі забітыя ў ходзе баявых дзеяньняў.

«Рэальная карціна, што крыецца за расейскімі заявамі пра „масавыя пахаваньні“ ў Ніжняй Крыўцы, сапраўды жудасная. Усё паказвае на пазасудовыя пакараньні сьмерцю чатырох мясцовых жыхароў ці то рэгулярнымі ўзброенымі сіламі Украіны, ці то добраахвотніцкімі батальёнамі, якія дзейнічаюць у рэгіёне. Гэтыя факты павінны быць старанна расьсьледаваныя органамі, якія маюць на гэта паўнамоцтвы. Аднак гэты эпізод дэманструе, наколькі абвінавачаньні ў парушэньнях разьдзімаюцца, асабліва з боку расейскіх уладаў, і ва ўмовах інфармацыйнай вайны,» — сказала Тацяна Мазур.

«Amnesty International не знайшла і не атрымала ніякіх пераканаўчых доказаў масавых забойстваў або пахаваньняў. Мы ўбачылі асобныя інцыдэнты пазасудовых пакараньняў сьмерцю, якія ў некаторых выпадках прыраўноўваюцца да ваенных злачынстваў. Гэтым парушэньням павінен быць пакладзены канец. Усе выпадкі, дзе ёсьць абгрунтаванае падазрэньне, павінны эфэктыўна расьсьледавацца, а вінаватыя з абодвух бакоў павінны быць прыцягнутыя да адказнасьці,» — сказала Мазур.

XS
SM
MD
LG