Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаркасава была забітая першым ударам нажа. Астатнія 40 удараў, магчыма, імітацыя»


 Вераніка Чаркасава
Вераніка Чаркасава

У шэрагу контраргумэнтаў Леанід Міндлін называе вядомую яму выснову сьледзтва пра тое, што з больш як 40 удараў нажа, якія знайшлі на целе журналісткі, «сьмяротны быў толькі адзін — першы».

10 год таму ў Менску была забітая журналістка Вераніка Чаркасава, таямніца гібелі якой афіцыйным сьледзтвам дагэтуль не раскрытая. Наш карэспандэнт Алег Грузьдзіловіч гутарыў з журналістам Леанідам Міндліным, які зьняў фільм пра вэрсію забойства Веранікі Чаркасавай, зьвязаную зь яе прафэсійнай дзейнасьцю.

Леанід Міндлін асабіста ведаў і саму Вераніку Чаркасаву, і яе сям’ю. Ён прызнае, што адразу зь недаверам паставіўся да афіцыйнай вэрсіі сьледзтва, паводле якой журналістка загінула ў выніку пабытовага забойства. У шэрагу контраргумэнтаў Леанід Міндлін называе вядомую яму выснову сьледзтва пра тое, што з больш як 40 удараў нажа, якія знайшлі на целе журналісткі, «сьмяротны быў толькі адзін — першы». Аўтар фільму пра сьмерць Веранікі Чаркасавай працягвае шукаць адказы на шматлікія пытаньні адносна загадкавага забойства:

Леанід Міндлін
Леанід Міндлін

«Што да ўдараў нажа, дык паводле сьледзтва — а працёкі ж усё роўна адбываюцца — Вераніка была забітая першым ударам нажа. Прычым, такім спосабам, якім мог гэта зрабіць толькі прафэсіянал. Гэта меркаваньне таксама прафэсіяналаў, бо забіць чалавека — не такая лёгкая справа. Таму астатнія ўдары маглі быць проста імітацыяй. І вось яшчэ цікавая акалічнасьць — сьляды крыві на сьценах. Журналіст Сяргей Сацук, да думкі якога я зьвяртаюся ў сваім фільме, вывучаў абставіны сьмерці Веранікі Чаркасавай. Ён спасылаецца на меркаваньне прафэсійнага крыміналіста, які на свае вочы бачыў сьляды крыві на сьцяне ў яе кватэры. Ён кажа, што пад ціскам, які ёсьць у звычайнага чалавека, немагчыма, каб кроў зьявілася на той вышыні, дзе яе знайшлі. Наконт гэтага ёсьць і экспэртныя заключэньні. Таму, зноў жа, гэта можа быць імітацыяй — нехта мог проста запырскаць крывёю сьцяну, каб зымітаваць пабытовае забойства ці забойства ад рукі маньяка. Але пабытовую вэрсію не даказалі, ад яе сьледзтва само адмовілася праз год, а ці дасьледаваная вэрсія маньяка — невядома. Ёсьць чуткі, што сьледзтва ў выніку выходзіла на сьлед нейкага чалавека, але гэта толькі чуткі».

На магіле Веранікі Чаркасавай
На магіле Веранікі Чаркасавай

Леанід Міндлін нагадвае, што Вераніку Чаркасаву забілі неўзабаве пасьля рэфэрэндуму, які дазволіў Аляксандру Лукашэнку абірацца на прэзыдэнта больш за 2 разы. «У той момант у Менску яшчэ было шмат замежных журналістаў, а тут раптам забіваюць вядомую беларускую журналістку апазыцыйнага выданьня. Розгалас быў вялікі, дайшло да прэзыдэнта», — нагадвае падзеі Леанід Міндлін:

«Прэзыдэнт даў 5 дзён на тое, каб знайшлі забойцу. І я памятаю інтэрвію на другі дзень пасьля забойства, якое паказаў канал ОНТ: кіраўнік крымінальнага вышуку Менску сказаў, што ніякіх вэрсіяў, акрамя пабытовай, яны не расьсьледуюць і што 2 дзён хопіць, каб знайсьці забойцу. Але мінула ўжо 10 гадоў, а выніку няма. Таму летась мы вырашылі вярнуцца да гэтай таямніцы, і гэтак нарадзіўся фільм „Таямніца сьледзтва. PS“ — пра магчымую вэрсію сьмерці Веранікі Чаркасавай, зьвязаную зь яе журналісцкай дзейнасьцю. Штуршком да журналісцкага расьсьледаваньня стаў артыкул у „Белорусской деловой газете“, калі тая яшчэ выходзіла. Сяргей Сацук напісаў пра паездку Веранікі Чаркасавай у Ірак у 2002 годзе. Паездку арганізавалі „Інфабанк“ і фірма „Белмэталэнэрга“, якія мелі цесныя сувязі з рэжымам Хусэйна ў Іраку».

У 2003 годзе пачалася вайна ў Іраку, і неўзабаве зьвіліся зьвесткі пра тое, што ў адной з вайсковых часьцей ірацкай арміі знайшліся дакумэнтальныя пацьверджаньні паставак туды беларускай зброі, нагадвае Леанід Міндлін. Таксама журналіст згадвае, як яшчэ праз год зьявіліся публікацыі са спасылкамі на фінансавую выведку ЗША і ЦРУ пра супрацоўніцтва «Інфабанку» і «Белмэталэнэрга» з рэжымам Хусэйна і Кадафі:

«Вось і ўзьнікла вэрсія, заснаваная на кантактах Веранікі зь нейкім чалавекам з „Інфабанку“. Што з-за гэтага маглі ўзьнікнуць падазрэньні, нібыта яна нешта ведае сакрэтнае пра гэты банк. Яе маглі паспрабаваць праверыць, праверыць яе кватэру. Магчыма, яе і не зьбіраліся забіваць падчас гэтай праверкі, але яна апынулася дома, і адбылося гэтак, як адбылося. Яшчэ раз паўтару, што гэтая вэрсія грунтуецца толькі на меркаваньні, на нейкіх ускосных прыкметах».

«Таямніца сьледзтва. P.S.», дак. фільм тэлеканалу БЕЛСАТ
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:29:06 0:00

Леанід Міндлін таксама лічыць падазроным, што афіцыйнае расьсьледаваньне паставілася вельмі пасіўна да ўсіх вэрсіяў, акрамя пабытовай. «Гэта альбо паказчык непрафэсіяналізму сьледчых, альбо быў загад: далей ня трэба. Калі не ўдалося даказаць, што сын забіў маці, то далей і капаць ня варта», — кажа Леанід Міндлін.

Фільм Леаніда Міндліна «Таямніцы сьледзтва. PS» пакажуць 21 кастрычніка на вечарыне, якая адбудзецца ў галерэі «Ў» а 17 гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG