Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароль фалафэлю мёртвы


На паўночнай мяжы зноў вайна. Не вайна нават, а проста рэгулярна страляюць «кацюшы». Неабходнасьць увесь час быць напагатове і, ледзь што, бегчы ў сховішча, зьнясільвае людзей. Яшчэ больш мучыць іх пастаяннае чаканьне нападу тэрарыстаў: увечары кожная сям’я рыхтуецца да абароны, зачыняецца на сем замкоў і да ранку дрыжыць пад коўдрамі, думаючы пра ворага, які хаваецца ў цемры і выбірае для атакі менавіта іх дом. Такі асноўны фон дзеяньня рамана ізраільскай пісьменьніцы Сары Шыло «Гномы ня прыйдуць» (2005), і ўсё ж пастаянная сьмяротная небясьпека — ня самая вялікая бяда, што напаткала галоўных герояў твору, сям’ю Дадон. Рэч у тым, што бацька сям’і, мясцовы кароль фалафэлю, памёр.

Доўгі час Сара Шыло (нар. у 1958) была вядомая як дзіцячая пісьменьніца, і першая ж «дарослая» кніга прынесла ёй шырокую вядомасьць. У 2007 годзе аўтарка атрымала прэстыжную ізраільскую літаратурную прэмію Сапіра. Існуе меркаваньне, што падчас прысуджэньня гэтай прэміі бярэцца пад увагу найперш пасьпяховасьць кніг, яе прэстыжнасьць часам ставіцца пад сумнеў праз адмову такіх пісьменьнікаў, як, напрыклад, Мэір Шалеў і Амос Оз, намінавацца на яе. Аднак сярод яе ляўрэатаў быў Давід Гросман — дарэчы, менавіта ён і натхніў Сару Шыло на апісаньне ўласнага досьведу жыцьця на памежжы.

У інтэрвію зьмешчаным на сайце www.thejc.com, аўтарка згадвае, як паўставала кніга «Гномы ня прыйдуць»: «У студзені 2000 году ў маёй вёсцы на поўначы Ізраілю прагучала папярэджаньне пра ракетную атаку. Гэта быў першы раз, калі я зь дзецьмі ў сховішча не пайшла, бо адчула вялікую прагу стварыць кнігу. Я ўспомніла, як у 1982 годзе падчас Ліванскай вайны снарад упаў ля самага нашага дома. Сховішча было заблякаванае, і мы апынуліся ў пастцы. Электрычнасьць зьнікла, людзі пачалі клікаць на дапамогу. Я тады была цяжарная першым дзіцем і думала, што там і памру. Прыгадаўшы ўсё гэта, я пачала пісаць».

Крытыкі высока ацанілі першую «дарослую» кнігу пісьменьніцы, бо ў ёй як ніколі дагэтуль апісаныя паўночныя раёны Ізраілю, што ўвесь час жывуць пад пагрозай нападу. Аўтарка старанна перадае гаворку таго рэгіёну — у адным з аглядаў раман назвалі неперакладальным. Польская перакладчыца кнігі Агнешка Падпора пакідае ў тэксьце тут і там арабскія словы: рэгіён заселены ў асноўным сэфардамі, і Сімона, і Масуд Дадон — выхадцы з Марока. Дарэчы, адзін з эпізодаў твору апісвае сытуацыю непаразуменьня і пэўнага напружаньня, якое існуе паміж ашкеназамі, габрэямі з Цэнтральнай Эўропы, і сэфардамі, якія гістарычна зьвязаныя з Пірэнэйскім паўвостравам і арабскімі краінамі. Канфлікт завісае ў паветры і ніяк не вырашаецца: лягерны нумар на руцэ начальніцы з ашкеназаў прымушае падначаленых трываць яе выбрыкі.

Адна з прычын, што падштурхнула Сару Шыло напісаць раман, — гэта жаданьне даць голас тым, хто пакутуе ад пастаянных баявых дзеяньняў, але на каго ніколі не зважаюць. У тым самым інтэрвію яна кажа наступнае: «Шмат гадоў таму была зьдзейсьненая тэрарыстычная атака на Кір’ят-Шмону. Жанчына запрасіла журналістаў дадому, каб расказаць пра напад. Аднак у артыкуле аўтар згадвае яе толькі як «жанчыну зь сямю дзяцьмі і яшчэ адным на падыходзе. Яе імя ня згадваецца ні разу. Гэта мяне вельмі раззлавала. Я вырашыла даць ёй і імя, і голас».

Кожны змагаецца са страхам сьмерці па-свойму. Старэйшы зь дзяцей Сімоны і Масуда, Кобі, абсталёўвае спэцыяльную шафу, у якой можна падчас нападу тэрарыстаў схавацца, і рэгулярна трэніруецца з гадзіньнікам, вылічваючы, колькі сэкунд яму спатрэбіцца, каб дабрацца да шафы. Гэтая шафа — яго прыватная хованка, на іншых членаў сям’і яна не разьлічаная. Выключэньне ўрэшце робіцца толькі для малодшых братоў-блізьнятаў, якім Кобі тлумачыць, што, схаваўшыся ў шафу, трэба разьліць з-за дзьвярэй алей, і тады тэрарысты пасьлізнуцца і разаб’юцца насьмерць. Іцык, інвалід ад нараджэньня, які знаходзіцца ў вельмі супярэчлівых стасунках з Богам і не спыняецца іх высьвятляць, ловіць сакаліху і вучыць яе пазнаваць тэрарыстаў і выдзёўбваць ім вочы. Адзіная дзяўчынка сярод дзяцей у сям’і, Эці, з жахам уяўляе скурчаных у сховішчы людзей як адну пачвару. І толькі Сімона Дадон пасьля сьмерці мужа ўжо не хаваецца ад «кацюш» — яна кліча сьмерць і да сябе, спадзеючыся, што калі яе заб’е падчас нападу, то дзецям забясьпечаць нармальныя ўмовы жыцьця. Сьмерць Масуда, караля фалафэлю, якая перавярнула жыцьцё сям’і, не прынесла ім хаця б такога ўмоўнага суцяшэньня (пра чалавека, моцна параненага падчас атакі, кажуць «ён зарабіў»), бо памёр ён не ад «кацюшы», а ад няшчаснага выпадку, і аўтарка да канца рамана не тлумачыць, што ж урэшце зрабілася прычынай яго сьмерці. Чытачу прапануецца толькі вэрсія адзінай дачкі з шасьцярых дзяцей сям’і Дадон, Эці, якая на апошніх старонках твору зьвязвае ўсе нітачкі ў адно.

У ангельскім перакладзе назва рамана «Гномы ня прыйдуць» замененая на іншую — «Кароль фалафэлю мёртвы». Усё дзеяньне ў творы, што складаецца зь пяці маналёгаў, закручанае вакол сьмерці бацькі сям’і. Жонка Масуда і чацьвёра іх старэйшых дзяцей, кожны ў асаблівай манеры, расказваюць пра сваё штодзённае жыцьцё, калі ніхто, нават гномы, не прыходзіць ім на дапамогу, і ўвесь час вяртаюцца да таго дня, калі караля фалафэлю ня стала. Гэтая сьмерць прымусіла кожнага зь сям’і адасобіцца — цяпер ва ўсіх ёсьць свае таямніцы, а таксама адна таямніца на ўсіх: народжаныя пасьля сьмерці Масуда блізьняты называюць бацькам старэйшага брата Кобі. Міхаіл Майкоў у сваім аглядзе рамана ахарактарызаваў твор наступным чынам: «Кактэйль „Шыло“ складаецца з правераных інгрэдыентаў: трошкі Фройда, трошкі сэксу, трошкі араба-габрэйскага сяброўства, трошкі канфлікту ашкеназаў і сэфардаў».

І ўсё ж да аднаго з членаў сям’і гномы прыходзяць. У Эці заўсёды ёсьць новыя батарэйкі для кішэннага радыё, а адкуль яны зьяўляюцца — ведае толькі Іцык і чытач. Магчыма, так здараецца таму, што яе адзіную турбуюць ня толькі ўласныя перажываньні, але і перажываньні іншых у сям’і, і яна адзіная, хто вырашае разабрацца зь сямейнай таямніцай. Гэтую мантру, «гномы-ня-прыйдуць-нам-дапамагчы», прыдуманую ў ясьлях, дзе працуе Сімона, можна вывернуць навыварат, і магчыма, тымі самымі гномамі, якія ўсё ж прыйдуць, зробяцца малодшыя браты-блізьняты. Магчыма, таямніц у сям’і зробіцца тады трошкі менш. «Кацюшы», што праўда, нікуды ня зьнікнуць. Тут не дапамогуць нават гномы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG