Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ва Ўкраіне: дэпутаты ледзь сабраліся на апошнюю сэсію


Сёньня ў Кіеве адбываецца апошняя сэсія Вярхоўнай Рады перад датэрміновымі парлямэнцкімі выбарамі, прызначанымі на 26 кастрычніка.

Дэпутаты маюць намер разгледзець папраўкі ў выбарчае заканадаўства, унесьці зьмены ў дзяржаўны бюджэт і абмеркаваць, паводле сьпікера Аляксандра Турчынава, забарону тэлетрансьляцыі «сэрыялаў, якія ўслаўляюць захопнікаў Украіны і войскі, што вядуць супраць нас вайну».

На пачатку пасяджэньня зарэгістраваліся ўсяго 223 дэпутаты, і Аляксандар Турчынаў выказаў сумненьне ў тым, ці адбудзецца наогул сёньняшняя сэсія (для прыняцьця рашэньняў у Вярхоўнай Радзе трэба як мінімум 226 галасоў). Але, паводле апошніх паведамленьняў з Кіеву, на сэсію ўрэшце ўдалося сабраць 240 дэпутатаў.

Кіраўнік дзяржавы Пятро Парашэнка, партыя якога — «Блёк Пятра Парашэнкі» — зьяўляецца фаварытам перадвыбарчай кампаніі, спадзяецца на фармаваньне ў новай Вярхоўнай Радзе рэфарматарскай большасьці.

«Калі каму здаецца, што, як у былыя часы, парлямэнцкая большасьць будзе сфармаваная толькі для падзелу пасадаў ва ўрадзе, то так ня будзе, гэта ў мінулым. Кааліцыя палітычных сілаў павінна грунтавацца на эўрапейскай інтэграцыі, стратэгіі рэформаў, хуткай і эфэктыўнай судовай рэформе, барацьбе з карупцыяй, стварэньні спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату, гэта значыць тых рэчаў, без якіх Украіна ня выжыве», — заявіў Парашэнка ў нядаўнім інтэрвію.

Усяго ў гэтых выбарах, якія пройдуць у бліжэйшую нядзелю, будуць удзельнічаць 29 палітычных партый.

Гаворачы аб лідэрах і тэндэнцыях цяперашняй парлямэнцкай кампаніі ва Ўкраіне, дырэктар Інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў «Новая Ўкраіна» Андрэй Ермалаеў сказаў Радыё Свабода:

«У ходзе кампаніі грамадзкая ўвага сфакусаваная на новых палітычных героях. Ва ўмовах вайны ў нас стала папулярным запрашаць у перадвыбарчыя сьпісы кандыдатаў у дэпутаты герояў спэцапэрацыі на ўсходзе Ўкраіны. Усе эксплёатуюць тэму неабходнасьці ўваходжаньня ва ўладу маладых. І можна ўжо казаць пра трэнды і тэндэнцыі апошняга пэрыяду. Па-першае, у лідэрах быў і застаецца „Блёк Пятра Парашэнкі“. Гэтая палітычная сіла аказалася найбольш вядомая і зразумелая выбаршчыку, але пры гэтым выбаршчык ня ведае яе перадвыбарчага сьпісу. Паказьнік прэзыдэнцкай партыі наогул ніяк не зьвязаны ні зь пяцёркай, ні зь дзясяткай яе кандыдатаў у дэпутаты. Гэта арыентацыя на давер кіраўніку дзяржавы. Высокі рэйтынг я зьвязваю ня столькі з праграмай Парашэнкі або падтрымкай яго асабістых якасьцяў, колькі з выразам своеасаблівага запатрабаваньня на аўтарытарызм, на жаданьне падтрымаць сілу, якая забясьпечыць асабовы аўтарытарны стыль кіраваньня. І вось гэтая тэндэнцыя грамадзтва ва ўмовах вайны падтрымаць моцную пэрсону, якая можа ўзяць на сябе адказнасьць, прасочваецца ў паводзінах іншых палітычных сілаў».

Паводле апытаньняў і ацэнкі аналітыкаў, шанцы пераадолець 5-адсоткавы выбарчы парог і патрапіць у парлямэнт маюць, акрамя «Блёку Пятра Парашэнкі», «Народны фронт», на чале якога стаіць прэм’ер-міністар Арсень Яцанюк; «Грамадзянская пазыцыя» на чале з былым міністрам абароны Анатолем Грыцэнкам; новая партыя «Самадапамога» мэра Львова Андрэя Садовага; Радыкальнай партыі Алега Ляшко; «Бацькаўшчына» Юліі Цімашэнкі.

У той жа час адкрытым застаецца пытаньне аб магчымасьці пераадоленьня 5-адсоткавага бар’еру галоўнымі апанэнтамі ўлады ў асобе камуністаў, «Апазыцыйнага блёку» і партыі «Моцная Ўкраіна» Сяргея Цігіпка.

За выбарамі будуць сачыць больш за 1600 міжнародных назіральнікаў. Выбары не адбудуцца ў некаторых акругах у зоне канфлікту на ўсходзе краіны і на акупаванай тэрыторыі Крыму. Таму з прадугледжаных законам 450 дэпутатаў у цяперашнюю Вярхоўную Раду, як чакаецца, будуць абраныя 438 дэпутатаў — 225 па партыйных сьпісах і 213 па мажарытарных акругах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG