Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бастунец: «Спадзевы на пакараньне забойцы Веранікі Чаркасавай застаюцца»


Журналістка Вераніка Чаркасава

Журналістка Вераніка Чаркасава

Дзесяць гадоў таму па-зьверску забілі журналістку газэты «Салідарнасьць» Вераніку Чаркасаву, злачынец да гэтага часу ня знойдзены.

Сёньня калегі зьбіраюцца на могілках, каб узгадаць Вераніку Чаркасаву і аддаць ёй даніну памяці. Юрыст Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец распавёў Свабодзе, як сьмерць каляжанкі паўплывала на прафэсійную супольнасьць і ці павялічылася ступень абароненасьці журналістаў за дзесяць гадоў, што прайшлі з моманту забойства Веранікі Чаркасавай.

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

— Спадар Андрэй, чаму за 10 гадоў сьледзтва не знайшло вінаватых у сьмерці Веранікі Чаркасавай, а цяпер справа па яе забойстве ўвогуле прыпыненая?

— Цяжка адказаць. У мяне ўражаньне, што ў свой час сьледзтва абрала галоўнай вэрсію бытавога забойства. Пасьля ад гэтай вэрсіі сьледзтва нібыта адмовілася. Вынікі журналісцкага расьсьледаваньня паказвалі, што дзейнічаў прафэсіянал, але, на жаль, ні прычыны гэтага забойства, ні асоба злачынцы так і не ўстаноўленыя і сёньня. Справа прыпыненая. Магчыма, праводзяцца нейкія апэратыўна-вышуковыя дзеяньні, але мы гэтага ня ведаем.

— Справу прыпынілі, але ж не закрылі. Ці можна ўсё ж спадзявацца, што вынікі расьсьледаваньня калі-небудзь зьявяцца?

— Мы заўсёды спадзяёмся. Бо матывацыя прыпыненьня справы — тое, што ня высьветленая асоба, якая падлягае прыцягненьню да крымінальнай адказнасьці. І калі, напрыклад, сьледзтва атрымае нейкія новыя зьвесткі, новую апэратыўную інфармацыю, калі будзе падазраваны, то справа будзе адноўленая. Тэрміны для гэтага яшчэ ёсьць. І спадзевы таксама ёсьць.

— Як сьмерць Веранікі Чаркасавай паўплывала на супольнасьць незалежных журналістаў?

— Гэтая сьмерць, гэтае забойства шакавала ўсіх. Шмат хто доўгі час быў у шоку. Зь іншага боку, сьмерць Веранікі Чаркасавай моцна аб’яднала супольнасьць. І сёньня мы зьбіраемся ўсе разам, каб узгадаць мужную журналістку, калегу і сябра. Але зразумела, што мы ўзгадваем яе ня толькі ў дзень яе сьмерці, але і штодня.

— На працягу 10 гадоў, што мінулі з дня сьмерці Веранікі Чаркасавай, як зьмянілася ступень абароненасьці незалежных журналістаў, асабліва тых, хто працуе з палітычнымі тэмамі, расьсьледуе карупцыйныя схемы? Ці абароненыя сёньня незалежныя журналісты?

— Тут два моманты ёсьць. Забойства Веранікі Чаркасавай у найменшай ступені тычыцца менавіта прававой абароны. Яно — па-за ўсялякімі межамі абароны. Але што тычыцца менавіта абароны незалежных журналістаў, то я не магу назваць ніякіх прававых актаў, прынятых за апошні час, якія былі б скіраваныя на абарону журналістаў. Можна адзначыць, што ў гэтым годзе стала менш адвольных затрыманьняў журналістаў, але яны ўсё роўна адбываюцца. Зьяўляюцца і іншыя формы ціску, напрыклад, у выглядзе штрафаў за працу без акрэдытацыі МЗС. Сытуацыя застаецца прыкладна на тым жа самым узроўні.

— Якім чынам будзе ўшанаваная памяць Веранікі Чаркасавай у гэтым годзе?

— Сёньня, 20 кастрычніка, калегі, сваякі і сябры зьбяруцца на могілках у Калодзішчах. Гэта даніна памяці, якую мы аддаём штогод. 21 кастрычніка ў галерэі «Ў» а 17 гадзіне пройдзе вечарына памяці з удзелам яе сваякоў, сяброў і беларускіх музыкаў. Мерапрыемства будзе дастаткова камэрным. Таксама вось толькі што мы перавыдалі зборнік найлепшых публікацыяў Веранікі Чаркасавай «Красным по белому». Ён выйшаў дзевяць гадоў таму, пасьля яе сьмерці, але вельмі хутка разышоўся.

Вераніку Чаркасаву забілі 20 кастрычніка 2004 года. Яе знайшлі ва ўласнай кватэры ў Менску. Жанчына атрымала больш за 40 нажавых удараў.

Вераніка Чаркасава пісала на розныя тэмы, у тым ліку крымінальныя. Падазронымі названлі 15-гадовага сына журналісткі і яе айчыма. У красавіку 2005 году падазрэньне зь іх зьнялі.

XS
SM
MD
LG