Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы перасядаюць на самалёты


За першыя тры кварталы колькасьць авіяпасажыраў у Беларусі ўзрасла на чвэрць у параўнаньні з такім жа пэрыядам леташняга году. Прырост склаў 22,4%. Чаму беларусы палюбілі самалёты?

Асноўная прычына, зь якой беларусы сёлета пачалі больш карыстацца самалётам, чым цягніком — кошты квіткоў на гэтыя віды транспарту. Калі раней падарожжа самалётам каштавала значна даражэй за цягнік, то цяпер пайшла тэндэнцыя падраўніваньня цэнаў, адзначае кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

«Сёньня сытуацыя такая, што калі купляеш квіткі на самалёт Менск—Масква альбо Менск—Варшава, то плаціш нават крыху меней грошай, чым за квіток на цягнік. Праўда, пасьля заўважаеш, што трэба неяк дабірацца спачатку ў адзін аэрапорт, а пасьля з другога аэрапорту ў горад. І гэтая розьніца фактычна губляецца.

Але тэндэнцыя зьмяншэньня цэнаў на самалётныя квіткі на невялікія адлегласьці ёсьць. І яна таксама ўплывае на тое, што авіяпасажыраў становіцца болей.

Але, я думаю, трэба ісьці далей. Калі б у Беларусі зьявіліся авіяфірмы кшталту «лоўкостэраў» зь іх таннымі квіткамі, то тэндэнцыя перавагі самалёту перад цягніком толькі б замацоўвалася. А пакуль беларусы, якія лічаць грошы, ляцяць, напрыклад, у Барсэлёну альбо Мюнхэн зь Вільні. І менавіта рознымі «лоўкостэрамі».

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка зьвяртае ўвагу і на іншыя прычыны росту колькасьці авіяпасажыраў: «У часы СССР 90% усіх карыстальнікаў самалётаў былі камандзіровачныя. Для ўладаў гэта была, зразумела, ня вельмі прывабная лічба. Таму яе зрабілі амаль сакрэтнай. Ну, а Беларусь сёньня — гэта той жа Савецкі Саюз. І мы бачым эфэкт стварэньня так званага дарожнага пылу, калі на борт самалётаў уваходзяць пераважна чыноўнікі, — кажа Заіка. — А сёлета да гэтага дадалася праблема Крыму. Я чуў, што наведваньне гэтага рэгіёну беларусамі ў 2014 годзе скарацілася больш як на 60%. Цягнікі туды летам хадзілі амаль пустыя. Многія нашы суайчыньнікі, хто ўсё ж адважыўся адпачываць у Крыме, пераважна ляцелі туды самалётамі, некаторыя нават акружным шляхам.

Плюс Беларусь пачала пакрысе вяртацца да так званай малой авіяцыі — палётаў на невялікія адлегласьці. Яскравы прыклад таму — калінінградзкі кірунак. Туды цяпер лятаюць самалёты і зь Менску, і з Гомеля, і з Горадні. Пачаліся размовы нават пра стварэньне другой нацыянальнай авіякампаніі з базай у Горадні. Там ёсьць пэрспэктывы палётаў у Гданьск, Варшаву, некаторыя іншыя замежныя гарады».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG