Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску разьвіталіся зь Міхаілам Марынічам (ФОТА)

  • БелаПАН

Больш за сто чалавек прыйшлі разьвітацца ў Менску зь вядомым беларускім дзяржаўным дзеячом і палітыкам Міхаілам Марынічам, які памёр 17 кастрычніка на 75-м годзе жыцьця.

Сярод тых, хто прыйшоў на цырымонію разьвітаньня, якая адбылася 19 кастрычніка ў рытуальнай залі на вуліцы Альшэўскага, былі экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Аляксандар Казулін, старшыня ініцыятывы «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў, экс-старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч, прадстаўнік амбасады ЗША Крыстафэр Паніка, кіраўнік прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Беларусі Майра Мора, былы прэм’ер-міністар Беларусі Ўладзімер Ярмошын, былы кіраўнік Кіраўніцтва спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў, кіраўнік перадвыбарнага штабу Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе Леанід Сініцын і іншыя.

Станіслаў Шушкевіч адзначыў, што Міхаіл Марыніч быў «вельмі сумленны і прыстойны чалавек»:

«Подлы рэжым з так званым прэзыдэнтам адабралі ў яго вялікую частку жыцьця. Гэта чарговая ахвяра нашага рэжыму, — сказаў ён. — Гэта быў найгоднейшы чалавек, які заўсёды кіраваўся сумленьнем і прыстойнасьцю і шчыра любіў Беларусь».

Міхаіл Марыніч працаваў старшынём Менскага гарвыканкаму, паслом Беларусі ў Чэхіі, Славаччыне і Вугоршчыне, міністрам зьнешніх эканамічных сувязяў, амбасадарам у Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Марыніч прэтэндаваў на ўдзел у выбарах прэзыдэнта Беларусі 2001 году, зарэгістраваў ініцыятыўную групу, аднак ня змог сабраць 100 тысяч подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. У 2004 годзе Марыніч быў арыштаваны КДБ, а пазьней асуджаны на пяць гадоў пазбаўленьня волі за нібыта крадзеж аргтэхнікі ў амбасады ЗША. У 2006 годзе міжнародная арганізацыя Amnesty International прызнала Марыніча вязьнем сумленьня. У кастрычніку 2010 году Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў, што да Міхаіла Марыніча ўжываліся катаваньні, а крымінальная справа ў дачыненьні да яго была палітычнай расправай.

XS
SM
MD
LG