Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьляслоўе да кнігі «Жыцьцё пасьля раку» укладальніцы Ганны Соўсь.

Жыцьцё перад тварам сьмерці. У адрозь­неньне ад пісьменьнікаў ня часта журналістам даводзіцца распрацоўваць гэтую тэму. Праект «Жыцьцё пасьля раку» як раз пра гэта. Гэта гісторыі анкалягічных пацыентаў, якія ўсьвя­домілі, што сьмерць можа быць блізка, але іх жыцьцё ў такой сытуацыі набывае іншы сэнс.

Няўжо ў Беларусі так мала людзей, якія вы­ лечыліся ад раку і якія могуць расказаць пра гэта, падзяліцца каштоўным досьведам?

У траўні 2013 году ў перадачы «Свабода бяз гальштукаў» на тэму «Як гаварыць пра рак?» старшыня рады Беларускай арганізацыі працоўных жанчын Ірына Жыхар расказала, як яе запрасілі паўдзельнічаць у перадачы тэлеканалу ОНТ, прысьвечанай анкалягічным хваробам, і рэдактары прызналіся, што яна аказалася адзінай, хто пагадзіўся публічна расказаць пра сваю хваробу.

Я тады падумала, а чаму б не паспрабаваць зьмяніць сытуацыю? У амэрыканскую газэту «New York Times» некалькі тысяч чалавек даслалі свае гісторыі пасьля раку для праекту Your Life After Cancer (Ваша жыцьцё пасьля раку). У Беларусі каля 250 тысяч чалавек маюць анкалягічны дыягназ.

«95% людзей хаваюць тое, што яны хварэюць на рак. Але калі хто памрэ, ведае паўгорада. А тое, што ён лячыўся 10 гадоў, ня лічыцца. З тысячы хворых на рак шчытападобнай залозы летась памерла сем чалавек. У нас маса пацыентаў, якія вылечыліся», — казаў галоўны лекар Менскага анкадыспансэру Ўладзімер Каранік.

Няўжо ў Беларусі так мала людзей, якія вы­лечыліся ад раку і якія могуць расказаць пра гэта, падзяліцца каштоўным досьведам? Гэта быў выклік, які нельга было не прыняць...

У Беларусі традыцыйна людзі хаваюць, што яны маюць анкалягічныя хваробы

Напачатку я паглядзела, як адлюстроўвалася анкалягічная тэма ў беларускіх мэдыях. Вы­ глядала, на мой погляд, досыць пэсымістычна. Статыстыка да розных датаў, кожны трэці нэкралёг зьвязаны з ракам, рэдкія інтэрвію з анколягамі і поўна інтэрпрэтацый пра чар­нобыльскі складнік у беларускай сытуацыі. Хаця, як кажуць аўтарытэтныя беларускія анколягі, колькасьць анкалягічных захвор­ваньняў цяпер у Беларусі прыкладна такая самая, як у эўрапейскіх краінах. Рак у пэўнай ступені — цывілізацыйная хвароба, зьвязаная сярод іншага і з павелічэньнем працягласьці чалавечага жыцьця.

У Беларусі традыцыйна людзі хаваюць, што яны маюць анкалягічныя хваробы, і дыягназ «рак» успрымаецца многімі як прысуд. Мэтай гэтага праекту было зьмяніць гэты стэрэа­тып і расказаць пра людзей, якія перамаглі хваробу і лічаць, што гэтае выпрабаваньне зьмяніла і ўдасканаліла іх жыцьцё.

Напачатку многія паглядзелі на такую ідэю скептычна. І найперш, з пункту гледжаньня выкананьня. Меркавалася, што калі зможам пераканаць расказаць пра сябе хаця б пяць­ шэсьць чалавек, то гэта будзе вялікім посьпе­хам.

Аказалася таксама, што цяжка гаварыць на гэтую тэму ня толькі хворым, але і здаровым. У тым ліку — прафэсійным журналістам. Некаторыя лічылі некарэктным гаварыць з анкалягічнымі хворымі пра рак, нібыта са сьмяротнікамі: «Неэтычна...»

Некаторыя баяліся сурочыць: «Ня трэба чапаць гэтую тэму, гэтых людзей, гэтую хваробу, каб чаго ня выйшла...» Некаторыя проста не хацелі павя­лічваць боль: «Навошта верадзіць незагойную рану, калі ўсё роўна не дапаможам...»

Памыліліся ўсе. У выніку аказалася, што зь верасьня 2013 году да лютага 2014 году ня пяць, а 22 чалавекі падзяліліся сваімі гісторыямі жыцьця пасьля раку. Кожны тыдзень на сайце і ў эфіры зьяўлялася новая гісторыя, якую актыўна камэнтавалі наведнікі сайту Свабоды, і частка гэтых водгукаў прысутнічае ў кнізе.

Зьмяніць традыцыю было, вядома, ня так проста. Я шукала герояў для «Жыцьця пасьля раку» паўсюль, зьвярталася да людзей праз Фэйсбук, вяла даўгую перапіску з патэнцый­нымі героямі, і шмат хто адмаўляўся гаварыць альбо прасіў пачакаць. На другі­-трэці месяц стала лягчэй. Адны героі праекту рэкамэнда­валі іншых, вялікая частка гісторый — гэта ўдзельнікі групаў падтрымкі анкапацыэнтаў зь Менску, Смаргоні, Клічава і Бабруйску.

Сярод герояў «Жыцьця пасьля раку» — му­зыка, банкір, клоўн, палітычны актывіст, тэатральны крытык, настаўніца ангельскай мовы, сьвятар, пэнсіянэр... Гэта людзі роз­ных узростаў, інтарэсаў, перакананьняў, сацыяльных статусаў. Нашы карэспандэнты Алесь Асіпцоў, Алесь Дашчынскі, Аляксандра Дынько, Аляксей Знаткевіч, Ігар Карней і Іна Студзінская ўмелі слухаць і запісваць гісторыі герояў «Жыцьця пасьля раку».

...Кожнага з нас можа напаткаць анкалягічная хвароба. Ніхто не застрахаваны. Як мы бу­дзем яе ўспрымаць? Як прысуд, як трагедыю, як канец жыцьця? Альбо як выпрабаваньне, як магчымасьць пераасэнсаваньня, іншай расстаноўкі жыцьцёвых прыярытэтаў і каш­тоўнасьцяў? Героі праекту «Жыцьцё пасьля раку» шчыра расказалі нам свае гісторыі і падзяліліся сваім досьведам.

Галоўны вынік праекту «Жыцьцё пасьля раку» на Свабодзе — рэальныя галасы на­дзеі, жывая сіла салідарнасьці і сапраўдная практыка перамогі.

20 кастрычніка ў 19:00, у малой залі к/з Мінск адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» з удзелам гуртоў NAVI, RECHA і RAHIS. Уваход вольны.

Кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды». «Жыцьцё пасьля раку» — гэта 22 гісторыі анкалягічных пацыентаў, якія ўсьвядомілі, што сьмерць можа быць блізка, але іх жыцьцё ў такой сытуацыі набывае іншы сэнс.

  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG