Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Могілкі пад назовам «Клінічныя» месьцяцца калі ня ў самым цэнтры Віцебску, то, прынамсі не на ўскраіне. Побач Віцебскі тэхналягічны ўнівэрсытэт, некалькі школ і да адміністрацыі Кастрычніцкага раёну адзін тралейбусны прыпынак. Тым ня менш, старыя могілкі, дзе ўжо даўно не хаваюць, знаходзяцца ў жахлівым стане. Зладзіць тут прыбіраньне вырашылі віцебскія прыхільнікі стварэньня партыі БХД.

Цяжка паверыць, але гэтыя маленькія могілкі з вывернутымі крыжамі месьцяцца за паўсотні крокаў ад вуліцы Праўды — адной з цэнтральных у Віцебску. Іх аддзяляе ад «гарадзкой цывілізацыі» ўсяго толькі шэрагі гаражоў, а ўражаньне такое, што слова «цывілізацыя» тут зусім недарэчы.

Каля трох дзясяткаў крыжоў, месцамі пагнутых і паламаных, некалькі надмагільных пліт, якія практычна ўрасьлі ў зямлю, але нічым не адзначаных магіл — у некалькі разоў болей. Ад іх засталіся толькі капцы-грудкі́. Але жыхары бліжэйшых вуліц — 3-й і 4-й Клінічных — даўно ужо прызвычаіліся да такога суседзтва: паколькі плоту тут няма, яны не абыходзяць могілкі, а зразаюць шлях наўпрост па сьцежцы, пракладзенай паміж магіламі і паваленымі крыжамі.

Месца апошняга спачыну віцяблян ператварылася ў прыстанак асобаў бяз пэўнага месца жыхарства ды аматараў алькаголю. Таму тут вельмі шмат сьмецьця, хаця на адным з дрэваў і прымацавана шыльда з пагрозаю пакараньня за гэткія дзеяньні. Жалобнае месца ператварылася ў непрыстойнае, лічыць Тацяна Севярынец, каардынатарка аргкмітэту па стварэньні партыі БХД. Яна і склікала гэты суботнік па добраўпарадкаваньні могілак:

«Месца пахаваньня ня мусіць быць у такім жудасным стане, як яно ёсьць. І гэта побач зь людзьмі, зь іхнымі гаражамі, куды людзі прыяжджаюць на сваіх шыкоўных машынах... Я прыйшла сюды, бачу: стаяць два мужчыны. Думала, яны дапамагчы прыйшлі. Але ў іх ні мяцёлкі, ні грабляў, затое дасталі бутэльку... Нашыя хлопцы вунь цэлыя мяхі бутэлек адсюль павыносілі!»

Загад не пакідаць сьмецце ігнаруецца

Загад не пакідаць сьмецце ігнаруецца

На заклік Тацяны Севярынец адгукнуліся пяцёра чалавек. Няшмат, але разам згрэблі лісьце, прыбралі сьмецьце і абламаныя галіны бярозак, што растуць на могілках. Жыхары бліжэйшых хат — а вакол могілак прыватны сэктар — далучыцца да прыбіраньня не пажадалі, хаця спадарыня Тацяна іх і запрашала:

«Я дзіўлюся: колькі гадзінаў мы тут завіхаліся, а ніхто не далучыўся, не дапамог. Адзін мясцовы спытаўся, хто мы і адкуль, ды адразу заявіў: „А вы ведаеце, колькі ў маёй жонкі заробак? Мільён дзевяцьсот!“ А прычым тут заробак... Ды ладна, як ёсьць тык і ёсьць, галоўнае, што прыбралі трохі».

Мясцовыя жыхары дапамагчы ня выйшлі

Мясцовыя жыхары дапамагчы ня выйшлі

Пагаварыўшы з жыхарамі бліжэйшы хат, давялося высьветліць нечаканае: яны ня вераць, што людзі прыйшлі прыбіраць могілкі не «па разнарадцы» і не па загадзе кіраўніцтва, а па ўласнай волі. Мясцовая жыхарка Вольга Мікітаўна лічыць могілкі месцам небясьпечным:

«Я іншы раз іду вечарам, дык і страшна — тут розныя людзі зьбіраюцца, выпіваюць. Міліцыя тут ня ходзіць. А вось гэтыя, што прыбіраюць — іх, напэўна, на працы прымусілі... А тутэйшыя „бамжы“ хіба чагосьці баяцца? Яны, напэўна, хутка і крыжы апошнія выкапаюць ды здадуць на мэталялом. Калі ўжо агароджы паздымалі на могілках... А ўладам нашым — хіба нешта трэба?»

«Спальнае Месца»

«Спальнае Месца»

Некалькі мужчынаў яўна нецьвярозага выгляду назіраюць за прыбіраньнем ад невялікага шапіка — пункта збору другаснай сыравіны. Да слова, ні крыжоў, ні чагось падобнага у складзеным наўзбоч мэталяломе не відаць.

Каля пункту прыёму другаснай сыравіны

Каля пункту прыёму другаснай сыравіны

Мужчыны няпэўнага веку называюць сябе Сашам і Мішам. Саша тлумачыць, што могілкі зьбіраліся зносіць, і ўсім ахвотным прапанавалі перахаваць сваіх сваякоў у іншыя месцы:

«Калі мне было гадоў 12, казалі, што зьнясуць увесь пасёлак. Людзі сваякоў перахавалі, хто мог. А нічога так і ня зьнесьлі. Хто хацеў, сваіх перахаваў, а цяпер няма каму. Вунь толькі скрайку адна магілка, за ёй нібыта нехта яшчэ даглядае».

Выпівохі — cамыя частыя наведнікі могілак

Выпівохі — cамыя частыя наведнікі могілак

Да гаворкі далучаецца і работніца прыёмнага пункту:

«Тут наглядчык ёсьць на гэтых могілках. Часам прыяжджае, траву косіць, нешта прыбірае. Яны былі абгароджаныя, толькі плот пачалі ламаць, каб у печках паліць. І яго зьнесьлі. А больш — хто будзе гэтымі могілкамі займацца? Каб яны яшчэ бліжэй да вуліцы былі... Летась прыяжджала нейкае начальства, з гарвыканкаму ці аблвыканкаму, паглядзелі, загадалі гаражы зьнесьці. Зьнесьлі гаражы. І усё!»

"Клінічныя«могілкі маюць статус закансэрваваных. Нават не зачыненых, дзе пахаваньні магчымыя, калі ёсьць вольнае месца каля магіл сваякоў. Такіх закансэрваваных могілак у Віцебску тры, і на усіх фіксуюцца выпадкі вандалізму. Улетку такое адбылося на «Яроменскіх» могілках, дзе падлеткі пашкодзілі некалькі помнікаў.

Адмысловай аховы на такіх могілках няма, і міліцыя прыяжджае сюды хіба толькі па выкліку. На жаль, неадпаведнае стаўленьне да месцаў апошняга спачыну вядзе да вельмі прыкрых выпадкаў. Так, недалёка ад райцэнтру Гарадок, дзе нядаўна праходзілі абласныя «Дажынкі», будаўнікі ўтварылі звалку рэшткаў будматэрыялаў каля Іванаўскіх могілак. Ці ліквідуюць яе хаця б да Дзядоў — пакуль застаецца пад пытаньнем.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG